37 жыхароў вёскі Якімава Слабада Сьветлагорскага раёну Гомельскай вобласьці зьвярнуліся з пазовам у суд да мясцовага цэлюлёзна-кардоннага камбінату і кітайскай карпарацыі «Самсе», якая будавала і запускала завод. Яны патрабуюць спагнаць з адказчыкаў агулам 7,4 мільёна рублёў кампэнсацыі за шкоду здароўю й маёмасьці.
Пазоў у Сьветлагорскі раённы суд займае 13 старонак. У ім падрабязна расьпісана, якую шкоду нанёс завод беленай цэлюлёзы, пабудаваны на базе акцыянэрнага таварыства «Сьветлагорскі ЦКК».
«Удыхаючы забруджанае паветра, якое паступае з заводу беленай цэлюлёзы з канца 2017 году, — гаворыцца ў судовым пазове, — мы адчуваем недамаганьне, дзярэньне ў горле, галаўны боль, крывацёк з носа, ваніты, алергію, стомленасьць. Апроч смуроду, мы назіраем, як нейкія вадкія хімічныя рэчывы праз стары прамысловы канал прадпрыемства „Хімвалакно“ скідваюць у раку Бярэзіну, пра што сьведчаць бура-чорны колер вады і вялікая колькасьць брудна-шэрай пены і мёртвай рыбы».
Вяскоўцы сабралі зьвесткі, хто і зь якой прычыны зьвяртаўся па мэдычную дапамогу ў зьвязку з шкоднымі выкідамі новага прадпрыемства, прасіў ратунку ў службы МНС. Ёсьць таксама афіцыйныя адказы з розных дзяржаўных установаў. У адказе зь Мінпрыроды пазначана, што за пэрыяд пусканаладачных работ у атмасфэру выкінута 113,7 тоны забруджвальных рэчываў пры гадавым ліміце 5 тон.
«Я нарадзілася ў Якімавай Слабадзе, — кажа Тамара Барсук, адна з пазоўніц. — Цяпер мушу ва ўласным доме задыхацца ад гэтага небясьпечнага смуроду. І ня толькі я сама — у мяне ж яшчэ дзеці і ўнукі. Ну пабудавалі завод, дык зрабіце яго бясьпечным для людзей».
Вяскоўка кажа, што выкіды аднавіліся, калі кітайцы вярнуліся з навагодніх вакацыяў. 10 сакавіка жанчына была вымушана зноў тэлефанаваць у мясцовую службу МНС, бо ў вёсцы зноў стаяў смурод.
У судзе Сьветлагорскага раёну пацьвердзілі, што пазоў жыхароў Якімавай Слабады сапраўды зарэгістраваны канцылярыяй. Справа перададзена судзьдзі для вывучэньня і прызначэньня даты разгляду.
Пад Сьветлагорскам спыніўся цэлюлёзны завод, бо рабочыя зьехалі на сьвяты ў Кітай
У лістападзе 2017 году на заводзе пад Сьветлагорскам, побач зь вёскай Якімава Слабада, пачаліся пусканаладачныя працы. Мясцовыя жыхары тады скардзіліся на смурод ад выкідаў з заводу. 25 сьнежня тут адбыўся стыхійны мітынг супраць заводу. У ім удзельнічала каля 200 чалавек. Яшчэ раней, у 2012 годзе, сьветлагорцы сабралі звыш 10 тысяч подпісаў супраць узьвядзеньня ў горадзе новага хімічнага прадпрыемства.
У сваім адказе жыхарам Якімавай Слабады Мінпрыроды пацьвярджае, што прадпрыемства не змагло забясьпечыць «абясшкоджваньне смуродных пахаў».