Падарожжа ў БНР (24). Вялікая нарада ў Празе, Польшча далучае Вільню

Беларуская нацыянальна-палітычная канфэрэнцыя, Прага 1921. У першым радзе - П. Крачэўскі і В. Захарка, за імі - В. Ластоўскі і А. Цьвікевіч

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Беларусь і Сіянісцкі кангрэс

14 ліпеня 1921 году (відавочна, у кантэксьце кантактаў зь сіянісцкімі дзеячамі і пэрспэктываў атрыманьня ад іх грашовай дапамогі) на сходзе Прэзыдыюму Рады і Рады Народных Міністраў БНР былі выслуханыя даклады прэм’ера Ластоўскага і міністра нацыянальных меншасьцяў Жытлоўскага пра гвалты і пагромы, якія чыняцца над габрэйскім насельніцтвам «у акупаваных бальшавікамі і палякамі частках Беларусі».

Было пастаноўлена зьвярнуцца да беларускага народу з антыпагромнай адозвай, выдаць адпаведныя кнігі і брашуры, праводзячы думку, што «народы беларускі і жыдоўскі ёсьць братнія і маюць поўнае права жыць і разьвівацца на Беларусі побач».

З пакетам дакумэнтаў на гэтую тэму Самуіл Жытлоўскі паедзе на ХІІ Сіянісцкі кангрэс, які адбудзецца ў Карлсбадзе 1–14 верасьня.

Дзе бадзяецца Смоліч

Дараднік Міністэрства замежных справаў БНР Аляксандар Галавінскі ў жніўні 1921 году выправіўся ў сваіх прыватных справах (а таксама зь неафіцыйнай дыпляматычнай місіяй) у Маскву, дзе спрабаваў прамацаць у калідорах замежнай палітыкі пытаньне аб шанцах прызнаньня БНР. Сярод іншага ён паведамляў пра размовы, паводле якіх ужо да зімы было рэальна дамагчыся ад савецкай Расеі далучэньня да БССР усіх этнаграфічных беларускіх тэрыторыяў. У ліпені 1921-га ў Менску адбылася эканамічная нарада прадстаўнікоў Менскай, Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губэрняў.

Паўнамоцны прадстаўнік БССР у Маскве грамадзянін Мароз Галавінскаму спадабаўся: «Хоць і малады хлопец, але працуе добра». Дамо слова і самому Марозу: «Наша адраджэньне толькі што пачалося, шмат хто да гэтага часу нічога ня ведаў аб сваёй Бацькаўшчыне. Вялікая шкода ў тым, што тыя працаўнікі, якія пачалі працу беларускага адраджэньня, не знаходзяцца ў Менску. Напрыклад, Смоліч напісаў геаграфію, а бадзяецца чорт яго ведае дзе...»

Зьмітро Жылуновіч і БНР

Беларусы з абодвух бакоў палітычных барыкадаў — з БНР і з БССР — тады, у 1921-м, маглі спакойна сустракацца, размаўляць і нават супрацоўнічаць. Аднак доўга такая сытуацыя не праіснуе.

Галавінскі сустрэўся ў Маскве зь Зьмітром Жылуновічам — першым старшынём Ураду ССРБ 1919 году, а цяпер кіраўніком Дзяржаўнага выдавецтва — і гаварыў зь ім зусім не пра палітыку, а пра літаратуру і выдавецкую справу. Жылуновіч рыхтаваўся выехаць у Бэрлін і выдаваць там беларускія кнігі, бо паліграфічныя магчымасьці ў Менску былі вельмі абмежаваныя.

У гэтай справе плянавалася супрацоўніцтва з кіраўніком БНРаўскага выдавецтва «Вызваленьне» ў Бэрліне Аляксандрам Цьвікевічам. Апрача таго, Жылуновіч зьбіраўся «выпісаць» зь Вільні Антона Луцкевіча, чакаў для выданьня творы Гарэцкага, якога прасіў напісаць прадмову да ягоных, Жылуновіча, твораў. «Чалавек партыйны, але не партыйнасьць яго сьвятая сьвятых. Апошнім, на мой погляд, зьяўляецца пісьменства», — падсумоўвае Галавінскі.

Вялікая нарада ў Празе

Да лета 1921 году ў беларускім нацыянальным сусьвеце — пасьля ўсіх войнаў, рэвалюцыяў і «бамбічэскіх пераваротаў» апошніх некалькіх гадоў — сасьпеў час азірнуцца навокал і ацаніць актуальную сытуацыю, якая, як выглядае, памалу стабілізавалася. Вырашылі сабраць прадстаўнікоў усіх плыняў і кірункаў беларускай незалежніцкай палітыкі з розных краінаў Эўропы.

Такі збор — Беларуская нацыянальна-палітычная нарада — адбыўся ў Празе 26–28 верасьня 1921 году. На яго зьехаліся тры дзясяткі ўдзельнікаў зь Вільні, Коўна, Рыгі, Варшавы ды іншых беларускіх асяродкаў.

Нарада адбылася ў адным з самых імпазантных у Празе рэпрэзэнтацыйных памяшканьняў — Грамадзкім доме, дзе 28 кастрычніка 1918 году была абвешчаная незалежнасьць Чэхаславаччыны. Паседжаньне ў Залі Сладкаўскага 26 кастрычніка адкрыў Васіль Захарка дакладам пра наступствы Рыскага міру для Беларусі.

Нарада прыняла важныя рэзалюцыі: аб Рыскім трактаце (асудзілі), аб палажэньні беларускага народу пад расейскай і польскай акупацыямі (палажэньне горш няма куды), аб чыннасьці Балаховіча (лічыць узурпатарам і авантурнікам!), аб чыннасьці Савінкава (тут усё ясна), супраць габрэйскіх пагромаў (праводжаных бандамі Савінкава, Балаховіча і Будзённага), аб Слуцкім паўстаньні (слава героям!), аб дзяржаўным будаўніцтве Беларусі (аб’яднацца вакол Ураду БНР), па Віленскім пытаньні (забраць у Польшчы, а пасьля зь Літвой самі разьбярэмся), аб эканамічным палажэньні Беларусі (пратэст супраць акупантаў-рабаўнікоў), аб культуры і прасьвеце (змагацца з акупантамі за культуру і мову), аб дапамозе ахвярам вайны і голаду (і тут усё ясна).

У сваёй справаздачы начальству прысутны на нарадзе агент чэскай паліцыі напісаў: «За абодва дні нарады парадак прысутнымі парушаны ня быў». У трэці, апошні дзень нарады, агент у залю паседжаньняў не прыйшоў.

З Ладновым разьбіраюцца канчаткова

На маргінэсе нацыянальна-палітычнай нарады прадстаўнікі розных кірункаў беларускай палітычнай думкі скарысталіся нагодай, каб абмеркаваць іншыя важныя тэмы, якім не знайшлося месца ў парадку дня нарады. Сярод іншага была пастаўленая канчатковая кропка на Аўгену Ладнову, які за пару гадоў дзейнасьці ўнёс у беларускую палітыку дух шпіёнаманіі і авантурнага раману.

Удзельнікі адмысловай нарады ў гэтай справе зьняпраўдзілі выстаўленыя Ладновым абвінавачаньні ўраду Ластоўскага ва ўдзеле ў нямецка-расейскай манархічнай змове і запрапанавалі былому «дыплямату» паўстаць перад грамадзкім судом.

Ладноў, лішне казаць, прапанову праігнараваў і ў наступныя гады працягваў свае паранаідальныя расьсьледаваньні, плёнам чаго сталіся тры «дакумэнтальныя» кнігі-расьсьледаваньні — «Пратаколы Людэндорфа-Штынэса-Чычэрына», «Супраць блёку зь немцамі» і «Агнём і мячом, голадам і хваробамі». У рэцэнзіях на іх пісалася: «Дзіўны ўзор паваеннага псыхозу. Апублікаваныя дакумэнты, нават калі б яны былі аўтэнтычныя, нічым не даказваюць таго, што хоча даказаць аўтар. Надзвычайная мешаніна банальнасьці і бульварнага раману...»

Урад Ластоўскага — адзіны законны Ўрад БНР

Была пастаўленая ў Празе і яшчэ адна тлустая кропка. Дзеля таго, што нацыянальна-палітычная нарада была найбольш прадстаўнічым форумам беларускіх палітыкаў за межамі БССР, там вырашылі разабрацца з суіснаваньнем некалькіх урадаў БНР, кожны зь якіх прэтэндаваў на манаполію.

Прадстаўнікі ўраду Ластоўскага зь ім самым на чале, колішняга кола Найвышэйшай Рады (Тарашкевіч), Беларускага нацыянальнага камітэту ў Варшаве (Дубейкаўскі), Віленскага нацыянальнага камітэту (Карабач), Горадзенскага нацыянальнага камітэту (Баран), беларусаў Латвіі (Езавітаў) пастанавілі лічыць адзінай законнай правадаўчай уладай Раду БНР, а праўна-выканаўчым органам — абраны Радай урад Ластоўскага. Усе іншыя спробы прэтэндаваць на дзяржаўную ўладу абвяшчаліся авантурамі, шкоднымі для беларускага народу, «і дзеля гэтага зь імі павінна весьціся рашучая барацьба».

Браніслаў Тарашкевіч, падпісаўшы пастанову, палічыў патрэбным зрабіць такую прыпіску: «Прызнаю, што ў даны момэнт ёсьць толькі адзін Урад БНР, не згаджаюся з тактыкай і палітыкай яго».

Крачэўскі застаецца ў Празе

Старшыня Прэзыдыюму Рады Рэспублікі Пётра Крачэўскі пасьля вялікай нарады застаўся ў Празе. Там ён заняўся палітычнай працай — стварэньнем разам з украінцамі і кубанцамі «Саюзу Ўсходне-Эўрапейскіх народаў былой Расеі» і фармаваньня пры ім беларускіх, украінскіх і кубанскіх легіёнаў для падтрымкі незалежнай Чэхаславаччыны.

Тут зноў найбольшай перашкодай у працы сталася безграшоўе. «Пагроза, што мяне хутка выставяць з гатэлю, зусім паралізуе працу. Трудна пісаць, калі не хапае на маркі...», наракаў Крачэўскі.

Жабрацкае існаваньне старшыні

Пра ўмовы нават не жыцьця — існаваньня — старшыні Прэзыдыюму Рады БНР Пётры Крачэўскага ў Празе сьведчаць яго лісты Вацлаву Ластоўскаму ў Коўна на працягу кастрычніка 1921 — лютага 1922. Вось некалькі фрагмэнтаў:

«Ужо аброс даўгамі з гаспадынямі, крамкамі і добрымі знаёмымі... Хоць галодны, але бодрасьці духу ня трачу і ўвесь час таўкусь паміж усімі групамі і партыямі... Няхай Цьвікевіч прывязе мне хоць боты, бо ўжо босы хаджу, а калі можна, то і другія рэчы...

Самі зь дзядзькам (Вяршыніным) і зь сем’ямі абедаем толькі раз у тыдзень, а часамі і таго няма, дзе ж ужо тут думаць аб чым-небудзь... Аб Амэрыцы я нічога пэўнага не магу сказаць, бо ня ведаю, як гэта зрабіць бяз грошай. Калі ў вас не хапае грошай, каб прыслаць нам на абед, то як можна думаць аб Амэрыцы... Зараз каб нас усіх забіць разам — трое Вяршыніных і нас трое — то ня знойдзеш па дзесяць галераў на душу — ходзім і паветра нюхаем...

Чыста палітычнай працы зь Міністэрствамі не вяду, бо нават няма ў чым туды паказацца... Наагул наша жыцьцё тут такое паганае, што ледзьве-ледзьве дыхаем... Я цягну жабрацкае існаваньне. Ведаю, што і ў вас трудна, але галадоўка дае знаць...»

Вільня адыходзіць да Польшчы

Стратэгічнае супрацоўніцтва зь Літвой, якая спадзявалася на Ўрад БНР як на падручны інструмэнт змаганьня за Вільню, памалу згасла. Распачатая ў кастрычніку 1920-га акцыя Жалігоўскага набліжалася да пасьпяховай разьвязкі. 8 студзеня 1922 году адбыліся выбары ў Сойм Сярэдняй Літвы, масава байкатаваныя беларускімі і літоўскімі насельнікамі краю. Сойм распачаў працу 1 лютага, а 20 лютага прыняў пастанову аб далучэньні да Польскай Рэчы Паспалітай.

Так на два дзесяцігодзьдзі сталіцай Літвы канчаткова стала Коўна — «часовай сталіцай», паводле прынятай 1 жніўня 1922 канстытуцыі Літоўскай дзяржавы.

Патрыярх Ціхан бачыць у БНР саюзьніка

Адзначыўся ў Архівах БНР і патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі Ціхан. Яму быў дасланы мэмарандум пра становішча Праваслаўнай царквы ў Беларусі зь пералікам захадаў «для утверждения Православной Веры в борьбе с полонизмом и римско-католичеством».

Прапановы патрыярху спадабаліся, і ён паабяцаў дазволіць у падуладных яму япархіях ужываньне беларускай мовы ў дадатковых багаслужбах, казаньнях і катэхізацыі — калі бальшыня прыхаджанаў падасьць адпаведныя хадайніцтвы. (Акурат як цяпер для адкрыцьця беларускіх клясаў.)

Разьвітваючыся, патрыярх «малітоўна пажадаў, каб Госпад умацаваў сілы Беларускага народу ў адстойваньні інтарэсаў роднай для яго Праваслаўнай Царквы». І прыклікаў Божае блаславеньне на працы ўсяго Ўраду Беларускай Народнай Рэспублікі.

Гарэцкі ў Дзьвінску

Клясык беларускай літаратуры Максім Гарэцкі трапіў у БНР, калі ў студзені 1922 году пасьля арышту польскімі ўладамі і зьняволеньня ў віленскіх «Лукішках» быў высланы ў Літву. Урад Вацлава Ластоўскага прыняў яго вельмі прыязна і дапамог выехаць у латыскі Дзьвінск, дзе Гарэцкі чатыры месяцы выкладаў на беларускіх настаўніцкіх курсах. З таго часу паходзіць гэты дакумэнт:

«Удостовереніе

Дано сіе Максиму Горецкому въ томъ, что онъ страдаетъ острымъ малокровіемъ, неврастеніей и хроническимъ катарральнымъ бронхитомъ, вслѣдствіе чего онъ безусловно нуждается въ усиленномъ питаніи, продолжительномъ отдыхѣ и въ курортномъ леченіи до полнаго поправленія своего здоровья.

Двинскъ, 7 марта 1922 г.
Врачъ Б. Камеразъ»
.

Езавітаў у Корсаўцы

Кастусь Езавітаў, езьдзячы па латгальскай правінцыі, спыніўся ў Корсаўцы — самым паўночным беларускім пункце на «Этнаграфічнай карце беларускага племені» Яўхіма Карскага:

«Седзючы на станцыі і чакаючы цягніка, успомніў я, што хоць і на самым паўночным атрозе, на самай мяжы, але ўсё-ж-ткі на роднай зямельцы сіжу я, і што шмат нашых працаўнікоў адарвалося ад роднай глебкі і пакутуе на чужыне, даўным-даўно ня чуючы шум бацькаўскіх лясоў, ня бачучы жартаўлівай мяцеліцы і не ўдыхаючы смаліста-сасновага паветра».

Папярэднія публікацыі