Швэцыя гатова правесьці гістарычную сустрэчу паміж прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам і паўночнакарэйскім лідэрам Кім Чэн Ыном.
Пра гэта заявіў прэм’ер-міністар Швэцыі Стэфан Лёвен, паведамляе The Local.
«Калі мы можам нейкім чынам дапамагчы, мы гэта зробім», — сказаў Лёвен на прэс-канфэрэнцыі пасьля сустрэчы з прэмʼер-міністрам Люксэмбургу.
У інтэрвію швэдзкім СМІ Лёвен адзначыў ролю Швэцыі, якую яна адыгрывала раней: амэрыканскія дыпляматы ў мінулым выкарыстоўвалі пасольства Швэцыі ў Пхэньяне як канал зносінаў з КНДР.
Амэрыканскія СМІ, такія як Washington Post і ABC News, раней называлі Швэцыю магчымым месцам сустрэчы Трампа і Кім Чэн Ына.
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп выказаў гатоўнасьць сустрэцца зь лідэрам Паўночнай Карэі Кім Чэн Ынам да траўня. ЭЗ вітаў гэтую гатоўнасьць.