У Кітаі адменены абмежаваньні на тэрмін паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы

Александра Лукашэнку з сынам сустракаюць Сі Цзіньпін з жонкай

Усекітайскі сход народных прадстаўнікоў зацьвердзіў адмену тэрміну паўнамоцтваў старшыні КНР Сі Цзіньпіна, што дазваляе яму заставацца на сваёй пасадзе на нявызначаны тэрмін. Канстытуцыйная папраўка была прынятая на штогадовым паседжаньні ў Пэкіне 11 сакавіка. Два дэлегаты прагаласавалі супраць зьмены, трое ўстрымаліся — з прыкладна 3000 галасоў.

У Канстытуцыі Кітая раней час знаходжаньня на пасадзе старшыні КНР абмяжоўваўся двума тэрмінамі. Папраўка адмяняе сыстэму, уведзеную былым кітайскім лідэрам Дэн Сяопінам ў 1982 годзе. Яна была закліканая прадухіліць вяртаньне да пажыцьцёвай дыктатуры, характэрнай для часоў Мао Цзэдуна.

Хоць іншадумства строга абмежавана ўнутры Кітая, некаторыя кітайцы, якія навучаюцца за мяжой, выказалі сваю заклапочанасьць з нагоды гэтага кроку. У Каліфарнійскім унівэрсытэце ў Сан-Дыега былі заўважаныя плякаты з выявай Сі і тэкстам «Never My President» («Ніколі ня мой прэзыдэнт»). Крытыка распаўсюдзілася па меншай меры на восем іншых унівэрсытэтаў, у тым ліку ў Аўстраліі.