Войскі Асада ізалявалі горад Дума ва Ўсходняй Гуце

Дума, 5.03.2018

Урадавыя войскі ў Сырыі зрабілі найбуйнейшы прарыў у рэгіёне Ўсходняй Гуты. Як паведамляе AFP, сілы Асада ў суботу, 10 сакавіка, узялі ў аблогу горад Дума, які на працягу доўгага часу заставаўся цэнтрам супраціву паўстанцаў у прадмесьцях Дамаску. Аб прасоўваньні ўрадавых сіл паведамілі ў Сырыйскі цэнтар маніторынгу правоў чалавека.

Урадавыя войскі ізалявалі Думу ад рэгіёну, узяўшы кантроль над дарогай, якая вядзе ў мясцовасьці Хараста на ўсходзе ад Думы і Місраба на поўдні. Такім чынам сырыйскім уладам удалося ня толькі акружыць Думу, але і падзяліць тэрыторыю, кантраляваную паўстанцамі, на тры часткі і аслабіць сілы, якія супрацьстаяць рэжыму.

Карэспандэнт AFP, які знаходзіцца ў Думе, перадае, што ў суботу па горадзе вяліся бамбардаваньні і авіяналёты. Пры гэтым з прычыны бесьперапыннага агню машыны хуткай дапамогі ня могуць перавозіць параненых у шпіталі.

Кіраўнік Сырыйскага цэнтру маніторынгу правоў чалавека Рамі Абдэль кажа, што ляялісты прасоўваюцца па ўсіх франтах, авіяналёты з удзелам сырыйскіх і расейскіх самалётаў вядуцца ня толькі па Думе, але і па іншых гарадах.

Вайсковая апэрацыя ва Ўсходняй Гуце працягнулася нягледзячы на гуманітарнае замірэньне, абвешчанае спэцыяльнай рэзалюцый ААН 24 лютага. Паводле інфармацыі назіральнікаў, войскі рэжыму не спынялі агню нават падчас пяцігадзіннага, замірэньня, узгодненага Расеяй. За два тыдні пасьля абвяшчэньня замірэньня ў Гуту трапіў толькі адзін гуманітарны канвой.

Усходняя Гута застаецца пад кантролем паўстанцаў ад 2013 году. Урадавыя сілы вядуць актыўны наступ у рэгіёне ад 18 лютага 2018 году. Падчас авіяналётаў і наземнай апэрацыі арміі Сырыі за гэты час, паводле дадзеных няўрадавых арганізацый, загінула як мінімум 975 мірных жыхароў, у тым ліку 208 дзяцей. Яшчэ 4300 былі параненыя.