Блёк NATO прызнаў Украіну краінай-асьпірантам

Пятро Парашэнка на сэсіі NATO ў Кіеве, Ліпень 2017 году

NATO прызнала за Ўкраінай статус краіны-асьпіранта. Паведамленьне пра гэта апублікавана на сайце вайскова-палітычнага саюзу.

«На дадзены момант чатыры краіны-партнэры задэкляравалі сваё імкненьне да далучэньня да NATO: Босьнія і Герцагавіна, Грузія, былая югаслаўская рэспубліка Македонія, а таксама Ўкраіна», — гаворыцца ў паведамленьні.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка, камэнтуючы рашэньне NATO, заявіў, што наступным крокам для краіны павінна стаць атрыманьне пляну дзеяньняў для паўнавартаснага ўступленьня ў саюз.

Краіны-аьспіранты NATO — дзяржавы, якія заявілі пра сваю зацікаўленасьць у далучэньні да Паўночнаатлянтычнага саюзу. Статус краіны-асьпіранта не накладвае на NATO ніякіх абавязаньняў з нагоды ўдзелу гэтых дзяржаў у будучыні.