Аварыя на «Беларуськаліі». Жывое ўключэньне з Салігорску

«Беларуськалiй» у Салігорску, 10 сакавіка

Два чалавекі дагэтуль знаходзяцца пад заваламі пасьля абвалу шахты «Беларуськалію». Надзвычайнае здарэньне адбылося 9 сакавіка ў рудніку трэцяга рудаўпраўленьня пад Салігорскам.

На момант здарэньня ў шахце знаходзіліся машыніст горных вымальных машын Максім Іваноў 1973 году нараджэньня і горнарабочы ачышчальнага забою Дзьмітры Валькоў 1985 году нараджэньня. Праходчы камбайн і самаходны вагон, у якіх працавалі Іваноў і Валькоў, цалкам засыпаныя выкінутай пародай. На момант публікацыі рабочых не знайшлі. Горнаратавальнікі і службы рудніку расчышчаюць завал.

Карэспандэнты Свабоды 10 сакавіка былі на прахадной трэцяга рудаўпраўленьня і ў офісе «Беларуськалію». Далей за ахоўніка журналістаў не пускаюць. Ахова па распараджэньні кіраўніцтва кажа, каб журналісты зьвярталіся па інфармацыю на сайт МНС. Паводле нашай інфармацыі, усё кіраўніцтва кампаніі разам з генэральным дырэктарам увесь гэты час знаходзіцца на тэрыторыі трэцяга рудаўпраўленьня.

​Увечары 9 сакавіка на дзясятым рудніку трэцяга рудаўпраўленьня «Беларуськалію» пад Салігорскам адбыўся выкід газу мэтану і абвал пароды.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, пры праходцы горнай выпрацоўкі на 22б заходняй панэлі гарызонту −620 мэтраў адбыўся абвал пародаў даху з выкідам газу (мэтан) і солі з масіву», — паведамляла Міністэрства надзвычайных сытуацыяў.

Пад заваламі ў шахце на момант здарэньня знаходзіліся двое рабочых.​ Прычыны здарэньня высьвятляюцца. Для расьсьледаваньня прычын і абставінаў здарэньня створана адмысловая камісія.