Абвалілася шахта «Беларуськалію». Пад заваламі людзі

«Беларуськалiй» у Салігорску, 10 сакавіка

9 сакавіка ў рудніку трэцяга рудаўпраўленьня «Беларуськалію» адбылося надзвычайнае здарэньне.

«Беларуськалій» назваў імёны заваленых у шахце рабочых

Абноўлена: Карэспандэнты Свабоды 10 сакавіка былі на прахадной трэцяга рудаўпраўленьня і ў офісе «Беларуськалію». Далей за ахоўніка журналістаў не пускаюць. Ахова па распараджэньні кіраўніцтва кажа, каб журналісты зьвярталіся па інфармацыю на сайт МНС. Паводле нашай інфармацыі, усё кіраўніцтва кампаніі разам з генэральным дырэктарам увесь гэты час знаходзіцца на тэрыторыі трэцяга рудаўпраўленьня.

Міністэрства надзвычайных сытуацыяў паведаміла, што адбыўся выкід газу мэтану і абвал пароды. Пад заваламі ў шахце апынуліся два работнікі.

У паведамленьні МНС гаворыцца: «Паводле папярэдняй інфармацыі пры праходцы горнай выпрацоўкі на 22б заходняй панэлі гарызонту -620 мэтраў адбыўся абвал пародаў даху з выкідам газу (мэтан) і солі з масіву.

На гэтым участку знаходзіліся двое рабочых. Работнікамі ваенізаванай горнавыратавальнай часткі прадпрыемства праведзеныя работы для разгазаваньня гэтага ўчастку для зьніжэньня канцэнтрацыі пары мэтану ў паветры і пачатыя работы для разбору завалу. Прычына таго, што адбылося, высьвятляецца».

Дзяжурны Міністэрства надзвычайных сытуацыяў сказаў Радыё Свабода, што не ўпаўнаважаны даваць дадатковую інфармацыю пра здарэньне.