Калі мы ўвесь час баімся страціць сваю мову, незалежнасьць, дзяржаву, то мы гатовыя ўбачыць крыўду і абразу ў любым назіраньні збоку — пры тым ня толькі ў іроніі і сьцёбу, але нават у камплімэнце.
Мала хто мог уявіць, што ў гэтыя дні ў сацыяльных сетках можа зьявіцца тэма, якая зацьміць сабой нават скандалы вакол падрыхтоўкі да 25 сакавіка. Але ж такой тэмай стаў сьцёбны відэа-кліп гурту «Ленінград», запісаны на беларускай мове.
Меркаваньні, як заўсёды, радыкальна падзяліліся. Прасунутыя людзі ў фэйсбуку пішуць, якая гэта брыдота і гадасьць і абраза беларускай мовы, а іншыя, пры гэтым даволі патрыятычныя і нярэдка беларускамоўныя, у камэнтарах пад кліпам на YouTube пішуць «дзякуй за мову», і атрымліваюць за гэта па тысячы лайкаў. Магчыма, беларускі фэйсбук гэты кліп пераважнай большасьцю гнеўна асудзіць, але астатнія беларусаў будуць у захапленьні.
«Этот клип для мовы сделает больше, чем все фестивали, шествия и медиа. Несмотря на его трэшовость», — піша мне ў прыватнай перапісцы рэдактарка аднаго культавага беларускага СМІ.
Колькі гадоў гаворыцца пра тое, што «мова тады будзе ў бясьпецы, калі на ёй пачнуць размаўляць бандыты і прастытуткі». Але гэта ўсё ў тэорыі. Бо як толькі ў рэальнасьці нешта гучыць па-беларуску не на самых высокім узроўні культуры і праблематыкі, дык адразу і памылкі выпраўляюць, і на нізкі культурны ўзровень укажуць. Бо для многіх беларуская літаратурная мова па-ранейшаму — мова пісьменьнікаў і актывістаў.
Натуральна, кліп Ленінграда — гэта не сур’ёзнае мастацтва, тут няма чаго спрачацца. Гэта трэш і кіч. Але, дарэчы, такі кіч, які даўно стаў стылем і зьявай.
Дарэчы, хіба многія беларускія якасныя артысты не імкнуцца ўклініцца ў нішу мас-культуры? На трасянцы стварае свой трэш беларускі гурт «Разьбітае сэрца пацана» — і здаецца, нікога гэта не абурае. Зьміцер Вайцюшкевіч спрабуе стварыць беларускі шансон, у «Крамбамбулі» хапае элемэнтаў кіча ў самых розных альбомах («Швагер біцца лез. Сват пайшоў у лес З нейкай дзеўкаю топлес. Усё як у людзей, Нават пакруцей: Трыста чалавек гасьцей», я ўжо не кажу пра песьню «Дарагія жэншчыны, мы вас паўздраўляем»).
Ну дык тое «нашы», ім можна, яны свае. А тут «імпэрскія расейцы» замахнуліся на нашу сьвятую беларускую мову, якой можна толькі вершы народных паэтаў чытаць — пры тым менавіта тыя вершы, у якіх ніводнае слова не супадае з расейскай мовай.
Пытаньне ж не пра мастацкія якасьці песьні, а пра «абразу беларускай мовы», якую пабачыў у гэтым кліпе мой калега Вінцук Вячорка, ды іншыя.
Мужыцкая мова і язык принцев у расейскім кліпе: яшчэ адна абраза беларускамоўных
Па-мойму, абразу беларускай мовы тут могуць адкапаць толькі высакалобыя беларускамоўныя інтэлектуалы, апэрыруючы нейкімі складанымі лягічнымі канструкцыямі. Але, як мне падаецца, 90 працэнтаў насельніцтва Беларусі ніякай абразы тут не ўбачаць.
Мы такія крыўдлівыя, бо мы слабыя. Мы баімся за сваю незалежнасьць, мы баімся за сваю мову. Таму любое слова з Масквы пра Беларусь успрымаецца ня менш як падрыхтоўка захопу краіны. Любы артыкул у расейскай прэсе, любую перадачу на расейскім ТБ будуць абмяркоўваць тыднямі, кожнае слова нейкага трэцяраднага журналіста будуць успрымаць як сыгнал (абавязкова нэгатыўны) Крамля. Пра тое, якія мы крыўдлівыя, неяк ужо даводзілася пісаць у блогу «Нацыя-падлетак».
Мы гатовыя пабачыць абразу ў самых нявінных рэчах, бо прасьцей за ўсё зачапіць і пакрыўдзіць чалавека, ня ўпэўненага ў сябе і сваіх дасягненьнях.
Калі чалавеку самадастатковаму сказаць, што ён дурань — ён пацісьне плячыма «не, я ня дурань», калі сказаць чалавеку, які спраўдзіўся, што ён нічога ня варты — ён пацісьне плячыма і скажа: «у мяне шмат дасягненьняў, іх не адабраць».
А калі мы ўвесь час баімся страціць сваю мову, незалежнасьць, дзяржаву — то мы гатовыя ўбачыць крыўду і абразу ў любым назіраньні збоку — пры тым ня толькі ў іроніі і сьцёбу, але нават у камплімэнце.
Вось і ўся разгадка. Прызнайцеся, калі б такі кліп зрабіў Лявон Вольскі — гэта б выклікала пераважна захапленьне, ці ня так?
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.