У Тэгеране жанчыне, якая зьняла хустку на вуліцы, прысудзілі два гады

У Тэгеране жанчыне, якая зьняла хустку на вуліцы, прысудзілі два гады турэмнага зьняволеньня, паведамляюць мясцовыя СМІ. Інфармацыйнае агенцтва «Таснім» 7 сакавіка апублікавала словы пракурора Абаса Джафары Далатабадзі, які заявіў пра тое, што жанчына паспрабавала «заахвочваць карупцыю шляхам публічнага зьняцьця хіджабу».

Інфармацыйнае агенцтва не назвала імя жанчыны, але паведаміла, што яна будзе абскарджваць прысуд.

У некаторых паведамленьнях гаварылася, што гэта 32-гадовая Наргэс Хасэйні, арыштаваная падчас нядаўняй хвалі мірных пратэстаў супраць прымусовага нашэньня хіджабаў у Іране. У мінулым жанчыны, якіх арыштавалі за тое, што яны не насілі хіджаб, хутка вызваляліся або іх прысуджалі да кароткіх турэмных тэрмінаў ці штрафаў у 25 даляраў.

Раней у гэтым годзе іранскія ўлады абвясьцілі, што затрымалі 29 жанчын, якія зьнялі свае галаўныя хусткі ў межах кампаніі супраць абавязковага ісламскага дрэс-коду, які існуе ў краіне. Паліцыя сьцьвярджала, што жанчыны былі ашуканы прапагандысцкай кампаніяй, якая праводзіцца іранцамі, якія пражываюць за мяжой.