Усё як ва ўсіх, толькі на пакаленьне пазьней

Шэсьце вулічных радыкалаў у Вільні

Падрыхтоўка да Дня Незалежнасьці нагадала мне падзеі ў Літве 25-гадовай даўнасьці. Такое адчуваньне, што ў нас адбываецца тое самае, толькі на гэта спатрэбілася зьмена пакаленьняў.

У Літве быў рух «Саюдзіс», які ў 1991-м дамогся незалежнасьці і прыйшоў да ўлады. У нас быў рух БНФ, які ў той самы год дамогся незалежнасьці, але да ўлады не прыйшоў.

Радыкалы ёсьць у любой цывілізаванай краіне, гэта нармальна

Крыху схематычна і спрошчана ўсё выглядала так. Пры ўладзе «Саюдзіс» адразу зьмяніў сваё аблічча вулічнага барацьбіта на аблічча парлямэнцкага палітыка, напоўніў сабою шэрагі некалькіх партыяў, якія маюць адрозныя погляды, але незалежнасьць краіны і літоўскасьць Літвы не абмяркоўваюцца. Салідарным памкненьнем усіх партыяў краіна ўвайшла ў НАТО і ЭЗ. Па-за парлямэнтам засталіся вулічныя палітыкі-радыкалы, якія і сёньня час ад часу выводзяць на шэсьці сваіх прыхільнікаў. Радыкалы ёсьць у любой цывілізаванай краіне, гэта нармальна, бязь іх не было б усяго спэктру грамадзка-палітычнага жыцьця: ад халоднай абыякавасьці да адказнага парлямэнтарызму і далей — да гарачых галоваў.

І Беларусь імкнецца да гэтага спэктру, да нормы. Толькі што БНФ, застаўшыся на вуліцы, хоць і даў зь сябе парасткі некалькіх партый з адрознымі поглядамі, але ўсе гэтыя 25 гадоў займаў нішу радыкалаў, гарачых галоваў, вулічных барацьбітоў. У гэткай непрадуктыўнай нішы ён, натуральна, ня мог пашыраць свой уплыў, а наадварот, страчваў тую масавую падтрымку, што здабыла яшчэ парлямэнцкая апазыцыя ў пачатку 1990-х.

Гэты рэжым ужо прайшоў пік свайго «кіпяжу»

Сёньня ў палітыку прыйшло новае пакаленьне, якое ў большасьці сваёй прагне мець аблічча адказнага парлямэнтарызму. Вы скажаце: у якую палітыку яно прыйшло? Слушна, усё ў тую ж, у вулічную. Бо ніякай іншай палітыкі ўнутры Беларусі няма. Ёсьць аўтарытарны рэжым і бюракратычны апарат. І гэты рэжым ужо прайшоў пік свайго «кіпяжу». Цяпер ён старэе і непазьбежна будзе аслабляць жорсткі кантроль над выбарамі. Паглядзіце, як атавістычна па-савецку выглядаюць сёньня накруткі галасоў, усе гэтыя карусэлі, спробы чальцоў камісій хаваць твар ад відэакамэр… Увесь сьвет гэта бачыць і з гэтага пасьмейваецца. Ужо ня кажа пра «боршч» Ярмошына, таксама стамілася, задор ужо ня той. Ну і дзьве незалежныя дэпутаткі ў парлямэнце, што б пра іх ні казалі, нямала раздражняюць сваіх калег, якія яшчэ ўчора былі перакананыя, што яны — у надзейным бункеры. А яшчэ Дзьмітрыеў, які нямала раздражняе вулічных калег сваімі выступамі на тэлевізіі з выглядам парлямэнцкага палітыка і дзейнічае так, нібы ён ужо «там».

Вядома, ёсьць Масква са сваімі ўплывамі, ёсьць вэртыкаль Лукашэнкі, праедзеная хлусьнёй і карупцыяй, і куды таксама прыходзіць новае пакаленьне з сучаснымі мазгамі, але яны не палітыкі, а чыноўнікі. А больш нічога і няма. Ёсьць вуліца, якая спрачаецца пра шэсьце і канцэрт. Якая сёлета пачала разумець, што яна ўжо не адзін БНФ, не адна партыя.

Беларуская вуліца афармляе развод змагароў і палітыкаў

Дылема шэсьця і канцэрту ўрэшце перастала быць дылемай. Вулічныя палітыкі разышліся на два аргкамітэты, што робіць гонар Міколу Статкевічу. Радыкалы пойдуць шэсьцем. Астатнія — хто зь дзецьмі — пойдуць на канцэрт. Умоўна кажучы, беларуская вуліца афармляе развод змагароў і палітыкаў. І гэта, на маю думку, цалкам адпавядае духу часу. У адрозьненьне ад рэжыму, які са сваімі энкавэдэшнымі міністрамі, заявамі пра «справядлівасьць вышэй закона», манапалізаванай карупцыяй выглядае ў гэтым часе ўсё больш карыкатурна.

Пару гадоў таму ў Вільні я выпадкова патрапіў на марш радыкалаў. Было пахмурна, накрапваў дожджык. Такая самая пахмурая калёна ішла па цэнтральным праспэкце Гедыміна са сьцягамі і лёзунгамі. Ішлі моўчкі, у атачэньні паліцыі, ішлі на пляц каля парлямэнту — выступаць.

Шэсьце вулічных радыкалаў у Вільні

Мне зусім не хацелася далучыцца да іх так, як хацелася ў 1991-м, калі тамсама каля парлямэнту трыста тысяч грамадзян будавалі барыкады, каб абараніцца ад савецкіх танкаў. Тая вуліца адстаяла сваю ўладу, свой парлямэнт і больш на шэсьці ня ходзіць. Масава ходзяць на канцэрты. Тыя, хто застаўся на вуліцы, зрэдку выходзяць шэсьцем. Каб нагадаць большасьці, што пагроза незалежнасьці і самабытнасьці краіны нікуды ня зьнікла, што ў шапку спаць не прыйшоў час. І на нашым вяку ня прыйдзе ніколі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.