Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў, што гатовы будзе аддаць загад ужыць ядзерную зброю, калі пад пагрозай апынецца існаваньне расейскай дзяржавы.
Развагі Пуціна на гэтую тэму гучаць у фільме «Сьветапарадак 2018», які ў аўторак апублікаваў у сацыяльных сетках расейскі тэлевядоўца Ўладзімір Салаўёў. Дакумэнтальны фільм зьняла рэжысэрка Саіда Мядзьведзева, яго галоўны зьмест — шэраг інтэрвію Пуціна Салаўёву, якія раней не публікаваліся.
Паводле Пуціна, у выпадку, калі расейскія сыстэмы папярэджаньня ракетнага нападу зафіксуюць старт ракет, выпушчаных па тэрыторыі Расеі, і дадуць дакладны прагноз часу і месца падзеньня іх галаўных частак, ён аддасьць загад аб сустрэчным ядзерным ўдары. Пры гэтым, як сказаў Пуцін, ён ўсьведамляе, што гэта будзе азначаць глябальную катастрофу. «Але хачу задацца пытаньнем: а навошта нам такі сьвет, калі ня будзе Расеі?» — сказаў Пуцін.
Раней у пасланьні Фэдэральнаму сходу расейскі прэзыдэнт заявіў, што Расея гатовая ўжыць ядзерную зброю ў выпадку ядзернага нападу на яе «або яе саюзьнікаў», а таксама ў выпадку няядзернага нападу, калі ён будзе пагражаць расейскай дзяржаўнасьці.
У тым жа пасланьні Пуцін сказаў, што Расея мае новыя сыстэмы ядзерных узбраеньняў, якія не здольная перахапіць сыстэма супрацьракетнай абароны Злучаных Штатаў. Ён, у прыватнасьці, згадаў стратэгічную ракету «Сармат» і крылатую ракету з малагабарытнай ядзернай энэргаўстаноўкай і «непрадказальнай траекторыяй палёту». Пра тое, ці разгорнутыя гэтыя сыстэмы, не паведамляецца.
18 сакавіка ў Расеі пройдуць прэзыдэнцкія выбары, Пуцін балятуецца на чацьвёрты тэрмін.