Кірыл Руды, былы дарадца Аляксандра Лукашэнкі, цяпер амбасадар Беларусі ў Кітаі, прэзэнтаваў у Менску сваю кнігу пра разьвіцьцё эканомікі ў Беларусі пад назвай Веcause We Decided So («Бо мы так вырашылі»). Расейскамоўны варыянт кнігі быў прэзэнтаваны месяц таму.
Чаму кніга выйшла па-ангельску? Да каго вы хочаце дагрукацца ў сьвеце? — запытаў карэспандэнт Свабоды аўтара за некалькі хвілін да прэзэнтацыі.
— Бо кніга разьлічаная на замежных інвэстараў. Яны і сюды запрошаныя сёньня на прэзэнтацыю, як і замежныя дыпляматы. Кніга павінна дапамагчы інвэстарам весьці справы ў Беларусі, дапамагае зразумець мэнталітэт беларусаў. Акрамя таго, адзін з разьдзелаў кнігі прысьвечаны індустрыяльнаму парку «Вялікі камень», таму запрасілі адміністрацыю «Вялікага каменя», каб сумясьціць прыемнае з карысным, яшчэ раз зьвярнуць увагу на наш індустрыяльны парк.
— Ваша новая кніга прысьвечаная праблемам рэфармаваньня беларускай эканомікі. А што замінае гэтаму рэфармаваньню? Ці, можа, хто замінае? Калі не гатовыя назваць пэрсаналіі — дык, можа, якія групы замінаюць?
— Сама назва кнігі адказвае на гэтае пытаньне. І мэнталітэт беларусаў у тым ліку. Што да пэрсаналій — дык на сябе таксама магу паказаць.
— А якія рысы характару беларусаў не асабліва спрыяюць эканамічнаму росквіту Беларусі?
— У кнізе гэтаму аддадзена шмат увагі, у тым ліку ўплыву нашай культуры, яе асаблівасьцяў. Але я больш пісаў пра тое, як гэта зьмяніць, як палепшыць сытуацыю. Тут і пытаньні адукацыі, і вяршэнства права, ды яшчэ шмат чаго, у тым ліку запатрабаванасьці рэформаў ад людзей. Але шмат што робіцца ўжо. Вось я паўтара года ня быў у Беларусі, прыехаў і адчуваю, што зьмены ў краіне ёсьць. Пра гэта сьведчылі і людзі, якія прыяжджалі, распавядалі. Цяпер і сам гэта бачу. Магчыма, няма таго, як кажуць — учора заснуў, а сёньня прачнуўся ў іншай краіне — такога пакуль няма. Але некаторыя праблемы, якія абмяркоўвалі, над якімі ламалі галаву паўтара года таму, сёньня ўжо вырашаныя.
— Што вы маеце на ўвазе?
— Прыкладам, раней у нас было Міністэрства гандлю, а цяпер яно ўжо носіць іншую назву — Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю. І, наколькі мне бачна, зьмянілася ня толькі назва, але зьмяніліся і падыходы гэтага міністэрства да сваёй працы. У лепшы бок. Яшчэ адбылася фінансавая стабілізацыя. Мы пэўна бачым, што паказчыкі стабільныя. Хоць мая маці кажа, што ўсё роўна ўсё дорага. Але калі прыслухоўвацца толькі да маёй мамы, дык гэта будзе папулізм. Бо інфляцыя відавочна стала меншая, валютны курс больш стабільны. У справе збору падаткаў таксама шмат зроблена, адбылася аптымізацыя льготаў, шмат якія льготы былі скарочаныя, што, мяркую, станоўча паўплывала на бюджэт.
— А як вы ставіцеся да праблемаў, зь якімі цяпер сутыкнуліся карыстальнікі паслуг таксі на міжгародніх маршрутах?
— Магу распавесьці пра высакахуткасную чыгунку паміж Пэкінам і Шанхаем, а ў нашых маршрутках, баюся, я некампэтэнтны. Не гатовы адказаць. Так, адарваўся ад глебы, ад маршрутчыкаў дакладна.
«Накіруем прэзыдэнту наш крык душы». За вяртаньне міжгародніх маршрутак сабралі больш як 50 тысяч подпісаў
Паводле дасьледаваньняў Кірыла Рудага, выкладзеных у ягонай кнізе «Бо мы так вырашылі», культурны код цяперашніх беларусаў, які ўплывае на стан эканомікі, мае некалькі асаблівасьцяў. Гэта памяць пра былую вайну, якой спадарожнічае шмат страхаў. Таксама гэта моцныя сямейныя сувязі, якія спараджаюць недавер да замежнікаў. І яшчэ — слабое адчуваньне прадпрымальніцтва, завялікае спадзяваньне на тое, што ўсе праблемы вырашае дзяржава.
«Мы не заходнікі, але і ня рускія паводле нацыянальнага мэнталітэту», — мяркуе Кірыл Руды пра беларусаў і дадае, што гэтая дваістасьць, акрамя мінусаў, можа даць і плюсы, бо сёньня празь вяртаньне ва ўласны дом разьвіваюцца самыя дынамічныя краіны.
Таксама Кірыл Руды лічыць, што калі ў беларускім грамадзтве зьменшыцца запатрабаванасьць у аўтарытарызьме, гэтая зьява скончыцца, але дзеля гэтага трэба разьвіваць у краіне сярэдні кляс. Дарэчы, усебаковым дасьледаваньням гэтага клясу аўтар плянуе прысьвяціць сваю чарговую кнігу.
Кніга Кірыла Рудага «Бо мы так вырашылі: паводзінная эканоміка Беларусі» на ангельскай мове выдадзеная накладам 500 экзэмпляраў. Ажыцьцяўленьню праекту спрыяла прадстаўніцтва ААН у Беларусі.