Палкоўніка Скрыпаля маглі атруціць рэчывам, якое ФСБ скарыстала для штурму на Дуброўцы

Рэчыва, якім, як мяркуецца, атруцілі былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля, выкарыстоўвалі падчас штурму захопленага тэрарыстамі тэатральнага цэнтру на Дуброўцы ў Маскве 2002 годзе, высьветліла Радыё Свабода. Гаворка ідзе пра моцны сынтэтычны наркотык фэнтаніл, дзеяньне якога значна мацнейшае за дзеяньне гераіну.

Інфармацыя пра тое, што газ на аснове фэнтанілу ФСБ выкарыстала пры штурме тэатральнага цэнтру на Дуброўцы, зьмяшчаецца, у прыватнасьці, у афіцыйным адказе спэцслужбы на запыт кіраўніка руху "За правы чалавека" Льва Панамарова. Пры гэтым сьляды наркотыку ва ўзорах адзеньня закладнікаў, выявілі ў 2012 годзе спэцыялісты навукова-тэхнялагічнай лябараторыі брытанскага міністэрства абароны. Гэтая лябараторыя знаходзіцца ў Солсберы. Менавіта ў гэтым горадзе ў нядзелю ў несьвядомым стане былі знойдзеныя Скрыпаль і яго дачка. Пасля шпіталізацыі пацярпелых гэтае месца ачапілі спэцыялісты ў ахоўных касцюмах, якія правялі ачыстку прылеглай тэрыторыі.

Паліцыянт непадалёк ад месца, дзе знайшлі Скрыпаля і ягоную дачку.

Брытанская паліцыя пачала расьсьледаваньне. Карэспандэнт Бі-бі-сі па пытаньнях бясьпекі параўноўвае здарэньне з атручваньнем Аляксандра Літвіненкі ў 2006 годзе. Тады брытанскія сьледчыя не адразу змаглі вызначыць рэчыва, якое стала прычынай рэзкага пагаршэньня самаадчуваньня былога супрацоўніка ФСБ. Пасьля высьветлілася, што гэта радыяактыўны палёній.

Ніводная спроба пазбавіць невінаватага чалавека жыцьця на тэрыторыі Вялікабрытаніі не застанецца непакаранай.

Міністар замежных спраў Вялікабрытаніі Борыс Джонсан ужо заявіў, што Лёндан дасьць рашучы адказ, калі выявіцца, што Масква датычная да атручваньня Сяргея Скрыпаля. «Я кажу ўрадам усяго сьвету, што ніводная спроба пазбавіць невінаватага чалавека жыцьця на тэрыторыі Вялікабрытаніі не застанецца непакаранай», — сказаў Джонсан.

Сяргей Скрыпаль да канца 1990-х служыў у расейскай вайсковай выведцы ГРУ. У 2006 годзе Скрыпаля — на той час палкоўніка запасу — асудзілі ў Расеі на 13 гадоў турмы па абвінавачаньні ў шпіянажы на карысьць Брытаніі. Суд прызнаў, што ён перадаў брытанскай выведцы MI6 інфармацыю пра расейскіх тайных агентаў у Эўропе.

У 2010 годзе Скрыпаль атрымаў прытулак у Брытаніі пасьля «абмену шпіёнамі» паміж ЗША і Расеяй.

Сяргей Скрыпаль у маскоўскім судзе ў 2006 годзе

«Калі падазраваць, што гэта не няшчасны выпадак, а наўмыснае атручваньне і ў гэтым удзельнічаюць нейкія спэцслужбы, то чыста рацыянальны аналіз паказвае, што час для такой акцыі быў абраны самы непрыдатны, — сказаў Радыё Свабода расейскі навуковец Ігар Суцягін, які быў дэпартаваны ў Вялікабрытанію разам з Сяргеем Скрыпалем і ляцеў з ім у адным самалёце. — Паток нэгатыўнай інфармацыі за апошнія тры-чатыры тыдні быў такі шчыльны, што для таго, каб прыбаўляць зьверху яшчэ такое "бервяно", трэба быць скончаным ідыётам».

Гісторыя крамлёўскіх ядаў

У 2015 годзе Радыё Свабода рабіла агляд экзатычных ядаў, якія ў розныя гады ўжываліся для атручваньня няўгодных Крамлю. Вось урывак з гэтай публікацыі.

Гельзэміюм — «жоўты язьмін»

Атрутнае рэчыва атрымліваюць з рэдкай азіяцкай расьліны Gelsemium elegans. Вядомыя выпадкі, калі гэты яд падмешвалі ў ежу кітайскія і расейскія наёмныя забойцы.

Крытык Крамля і прадпрымальнік Аляксандр Перапялічны атрымаў прытулак у Вялікабрытаніі ў 2009 годзе і дапамагаў расьсьледаваць расейскія схемы адмываньня грошай у Швайцарыі: ён сьведчыў супраць верагодна замяшаных у карупцыі маскоўскіх чыноўнікаў, а таксама пра тых, хто мог мець дачыненьне да забойства ў расейскім сьледчым ізалятары юрыста Сяргея Магніцкага.

Аляксандр Перапялічны і месца ягонай сьмерці

Незадоўга да таго, як у 2012 годзе Перапялічны памёр ва ўзросьце ўсяго 44 гадоў ад сардэчнага прыступу падчас прабежкі непадалёк ад свайго дома ў графстве Сара, ён распавёў сваім калегам, што яму паступалі пагрозы.

Нягледзячы на тое што Перапялічны быў чацьвёртым чалавекам, з тых, хто сьведчыў у справе Магніцкага і пры гэтым загінуў пры дзіўных абставінах, паліцыя спачатку не знайшла нічога падазронага ў ягонай сьмерці.

Толькі у траўні 2015 году брытанскія ўлады аднавілі расьсьледаваньне, закрытае ў 2012 годзе, бо падчас новых лябараторных тэстаў у страўніку загінулага прадпрымальніка знайшлі сьляды высокатаксычнага рэчыва, атрыманага з гельзэміюму.

Палёній-210

Палёній — вельмі рэдкі і вельмі радыяактыўны элемэнт, які сустракаецца ва ўранавых рудах. Палёній-210 прыблізна ў 250 тысяч разоў таксычнейшы за цыяніста-вадародную кіслату, якая таксама зьяўляецца надзвычай атрутнай і ў канцэнтраваным выглядзе можа прывесьці да хуткай смерці.

Аляксандр Літвіненка ў мінулым быў афіцэрам Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі, які ўцёк зь сям’ёй у Лёндан, дзе яму ў 2000 годзе быў нададзены статус бежанца.

Кніга пра сьмерць Аляксандра Літвіненкі

Літвіненка быў атручаны ў адным зь лёнданскіх сушы-бараў у лістападзе 2006 году. Пасьля ўскрыцьця высьветлілася, што прычынай сьмерці стала прысутнасьць у яго целе палёнію-210. Паводле брытанскіх экспэртаў, Літвіненка быў першым чалавекам у Вялікабрытаніі, які загінуў праз радыяактыўнае ўзьдзеяньне палёнію.

Перад сьмерцю Літвіненка напісаў ліст, у якім абвінаваціў Уладзіміра Пуціна ў сваёй сьмерці. Раней ён абвінаваціў ФСБ ў выбухах жылых дамоў і ў іншых дзеяньнях, накіраваных на тое, каб прывесьці да ўлады цяперашняга расейскага прэзыдэнта.

Таксама Літвіненка абвінаваціў Пуціна ў тым, што па ягоным загадзе была забітая журналістка, крытык Крамля, Ганна Паліткоўская, якую застрэлілі ўсяго за некалькі месяцаў да сьмерці Літвіненкі.

Таліюм

Таліюм — хімічны элемэнт, цяжкі мэтал, які зьмяшчаецца ў каліевых рудах, а таксама пабочны прадукт пры ачыстцы сульфідных руд. У мэдыцыне пры рэнтгенах выкарыстоўваецца невялікая колькасьць радыяізатопу таліюму-201.

Солі таліюму пры гэтым — высокатаксычныя рэчывы, якія ўжываюцца, напрыклад, пры вытворчасьці пацучыных ядаў і прэпаратаў для зьнішчэньня шкоднай жамяры. Атручэньне таліюмам прыводзіць да страты валасоў. Праз тое, што гэты хімічны элемэнт выкарыстоўваецца як прылада забойства, яго часам называюць «яд атрутніка».

Мікалай Хахлоў быў капітанам савецкай выведкі. Ён вымушана эміграваў у Злучаныя Штаты ў 1953 годзе пасьля таго, як распавёў пра апэрацыі КДБ за мяжой: ён паведаміў пра плянаванае забойства аднаго зь лідэраў Народна-працоўнага саюзу салідарыстаў Георгія Акаловіч. У 1957 году Хахлоў праходзіў лячэньне ў Нямеччыне ад атручэньня таліюмам у выніку замаху на яго жыцьцё.

Расейскі журналіст Юрый Шчакачыхін, які займаўся расьсьледаваньнямі карупцыі і ўплыву арганізаванай злачыннасьці ў Расеі, памёр у ліпені 2003 году ўсяго за некалькі дзён да заплянаванай сустрэчы ў Злучаных Штатах са сьледчым з ФБР. Незадоўга да гібелі ён цяжка хварэў, аднак сярод сымптомаў была толькі моцная алергічная рэакцыя.

Юрый Шчакачыхін

У Расеі было абвешчана аб тым, што Шчакачыхін памёр праз сындром Лаела — цяжкую форму алергічнага дэрматыту. Аднак яго мэдыкамэнтознае лячэньне і вынікі ўскрыцьця знаходзіліся пад кантролем ФСБ Расіі. Некаторыя спэцыялісты лічаць, што сымптомы загадкавай хваробы журналіста падобныя ды тых, якія былі ў Хахлова.

Тэтрахлёрдыбэнзадыяксын (TCDD) — «Дыяксын»

TCDD у прастамоўі называюць дыяксынам. Гаворка ідзе пра рэчыва бяз колеру і паху. Дыяксын ўваходзіць у «Агент Оранж», які выкарыстоўваўся Злучанымі Штатамі падчас віетнамскай вайны. Паводле дадзеных Міжнароднага агенцтва па вывучэньні рака, TCDD лічыцца канцэрагенным для чалавека рэчывам.

Украінскі палітык Віктар Юшчанка быў атручаны небясьпечнай колькасьцю TCDD ў канцы 2004 году падчас перадвыбарчай прэзыдэнцкай кампаніі, калі яго галоўным супернікам быў прарасейскі кандыдат Віктар Януковіч.

Віктар Юшчанка пасьля выхаду са шпіталю.

Паводле аналізу, у арганізьме Юшчанкі была другая па велічыні канцэнтрацыя TCDD, калі-небудзь выяўленая ў чалавека. Юшчанка, які выступаў за інтэграцыю Ўкраіны ў Эўрапейскі зьвяз і сяброўства краіны ў NATO, заяўляў, што яго атручэньне «не зьяўляецца прыватнай справай». Ён абвінаваціў расейскія ўлады ў перашкодзе расьсьледаваньню.

Паводле афіцыйных вынікаў выбараў, Януковіч быў абвешчаны пераможцам, аднак гэта паклала пачатак пратэстам, пасьля названым «аранжавай рэвалюцыяй». Вярхоўны суд Украіны, праверыўшы вынікі галасаваньня, прыняў рашэньне аб тым, што вынікі былі падтасаваныя на карысьць Януковіча, і прызначыў новыя выбары, пераможцам якіх стаў Юшчанка.

Зарын і іншыя нэрвова-паралітычны прэпараты

Зарын — нэрвова-паралітычны вадкі прэпарат бяз паху і густу. Ён выклікае сьмерць, бо ахвяра ня можа кантраляваць мускулы, якія ўдзельнічаюць у працэсе дыханьня. Асабліва небясьпечны, калі яго ўдыхаць. Зарын лёгка выпараецца, яго пары могуць пранікаць ў цела і праз скуру. ААН клясыфікавала зарын як зброю масавага зьнішчэньня. Захоўваньне зарыну забаронена Канвэнцыяй аб хімічным зброі.

Згодна з заявамі ФСБ, яго апэратыўныя работнікі забілі ў 2002 годзе палявога камандзіра Хатаба, які ваяваў на баку чачэнскіх паўстанцаў. Сваякі Хатаба і крыніцы ў Чачні сьцьвярджаюць, што камандзір памёр неўзабаве пасьля таго, як атрымаў ліст, пакрыты «хуткадзейным нэрвова-паралітычным прэпаратам, магчыма, зарынам або аналягічным паводле ўласьцівасьцяў прэпаратам».

Рыцын

У Савецкім Саюзе ў часы халоднай вайны ў якасьці зброі ўжываўся яд рыцын. Агентаў КДБ падазравалі ў прынамсі трох спробах забойстваў перабежчыкаў з краін Варшаўскай дамовы з дапамогай гэтай зброі.

Яд рыцын вырабляецца з насеньня расьліны Ricinus communis (клешчавіны), зь якога вырабляюць касторавы алей. Выпадкі сьмерці ад прыёму ў ежу насеньня клешчавіны рэдкія, бо ў яго цяжказасваяльная абалонка і чалавечы арганізм здольны пераварваць гэты таксін.

Насеньне клешчавіны, зь якога вырабляюць рыцын

Небясьпечней за ўсё яд рыцын дзейнічае, калі трапляе ў крывяносную сыстэму чалавека з дапамогай ін’екцыі. У форме ачышчанага парашка доза рыцыну памерам у некалькі крышталікаў паваранай солі можа быць дастатковай, каб выклікаць сьмерць чалавека.

Самы вядомы выпадак так званага «парасонавага забойства» — забойства ў 1978 годзе ў Лёндане баўгарскага дысыдэнта Георгія Маркава. Маркаў, які супрацоўнічаў зь Бі-бі-сі і Радыё Свабода, памёр праз 4 гадзіны пасьля таго, як атрымаў укол у нагу атручанай рыцыну іголкай, схаванай у парасоне. Укол быў зроблены ў той момант, калі Маркаў сядаў у аўтобус.

Георгі Маркаў

Дзесяцьцю днямі раней была аналягічная спроба замаху — на баўгарскага перабежчыка Ўладзіміра Костава, які працаваў на Радыё Свабода. Яго ўкалолі ў сьпіну голкай з такім жа прэпаратам на адной з станцый парыскага мэтро ў жніўні 1978 году. Аднак доза ін’екцыі выявілася невялікай, і Костаў выжыў.

У жніўні 1981 года падчас наведваньня прадуктовай крамы ў амэрыканскім штаце Вірджынія раненьне ў нырку рыцынавым шарыкам, выпушчаным з духавой зброі, атрымаў выкрыты двайны агент ЦРУ Барыс Каржак. Коржак выжыў, і заўсёды ўскладаў адказнасьць за замах на КДБ.