Крэмль адказаў на абвінавачаньні ў тым, што Пуцін ня сам пісаў дысэртацыю

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў абверг паведамленьні пра тое, што дысэртацыю Ўладзіміра Пуціна нібыта напісаў рэктар Горнага ўнівэрсытэту Ўладзімір Літвіненка.

«Тут няма чаго камэнтаваць. Гэта ня так», — сказаў афіцыйны прадстаўнік Крамля.

Хто пісаў дысэртацыю Пуціна

Пуцін атрымаў ступень кандыдата эканамічных навук у 1997 годзе. Яго навуковым кіраўніком быў рэктар Горнага ўнівэрсытэту Санкт-Пецярбургу Ўладзімір Літвіненка.

У інтэрвію часопісу «Власть» ў 2006 годзе Ўладзімір Літвінена казаў:

«За працай я сачыў з самага пачатку. Першы варыянт дысэртацыі Ўладзіміра Пуціна, чалавека „неакадэмічнага“, выклікаў заўвагі і быў адхілены, і мы рэкамэндавалі яго дапрацаваць. Празь некалькі месяцаў ён прынёс цалкам перапрацаваны варыянт з улікам заўвагаў і быў дапушчаны да абароны. Таму ў мяне няма ніякіх сумневаў, што працаваў ён самастойна».

Дачка Літвіненкі ў інтэрвію Радыё Свабода заявіла, што яе бацька сам напісаў навуковую працу для прэзыдэнта. І зрабіў гэта пасьля таго, як пры падтрымцы Ўладзіміра Пуціна атрымаў свой пост ва ўнівэрсытэце. У самім ВНУ, паводле Вольгі Літвіненкі, «была арганізавана злачынная групоўка з прафэсараў і выкладчыкаў, якая штампавала фіктыўныя дысэртацыі з заведама зразумелым вынікам на абароне».

У 2006 годзе дасьледчыкі Брукінгскага інстытуту ў Вашынгтоне выявілі ў дысэртацыі Пуціна — «Стратэгічнае плянаваньне ўзнаўленьня мінэральна-сыравіннай базы рэгіёну ва ўмовах фармаваньня рыначных адносінаў» — плягіят: 16 з 20 старонак, якімі пачынаецца ключавая частка працы Пуціна, былі альбо скапіяваныя, альбо перапісаныя зь мінімальнымі зьменамі з кнігі «Стратэгічнае плянаваньне і палітыка» прафэсараў Пітсбурскага ўнівэрсытэту Ўільяма Кінга і Дэвіда Кліланда, апублікаванай у 1979 годзе, а ў 1982-м перакладзенай на расейскую мову. Шэсьць дыяграмаў і графікаў з працы Пуціна амаль цалкам супадаюць з амэрыканскімі.

У Горным ўнівэрсытэце адмовіліся камэнтаваць гэтую інфармацыю, назваўшы дысэртацыю «цалкам сакрэтнай».

Хто такі Уладзімір Літвіненка

Уладзімір Літвіненка двойчы ўзначальваў перадвыбарчы штаб Пуціна і называе сябе сябрам прэзыдэнта.

Уладзімір Літвіненка

Імя Уладзіміра Літвіненкі зьвязана з шэрагам скандалаў. Нядаўна ён падаў пазоў да антыкарупцыйнага цэнтру «Transparency International», сайту «оффшорам-нет.ру», газэце «Деловой Петербург» і тром журналістам — аўтарам публікацый пра яго элітную нерухомасьць. Па выніках расьсьледаваньня «Мільярдэр з гары» рабілася выснова аб тым, што частка гэтай нерухомасьці раней была ва ўласнасьці дзяржавы і была перададзеная ў кіраваньне Горнаму унівэрсытэту, а затым з дапамогай «інвэстыцыйных схем» была перапраданая.

Літвіненку ўдалося дамагчыся, каб справа па ягоным пазове слухалася ў закрытым рэжыме.

Чаму супраць Літвіненкі выступае яго дачка

Дачка рэктара Вольга Літвіненка з 2007 да 2011 году была дэпутатам Заканадаўчага сходу Санкт-Пецярбургу, удзельнічала ў працы перадвыбарнага штабу Пуціна.

Вольга Літвіненка

Васілеастроўскі суд у студзені прызнаў несапраўднымі расейскія пашпарты Вольгі Літвіненкі.

Сем гадоў таму, пасьля канфлікту з бацькам, яна ўцякла з краіны.

Яе дачка, Эстэр-Марыя, засталася ў Расеі. Вольга Літвіненка сьцьвярджае, што яе высокапастаўлены бацька выкраў унучку і цяпер выдае яе за сваю дачку. Усе спробы Вольгі вярнуць дзіця, паводле яе, аказваюцца марнымі. Цяпер яна жыве ў Польшчы і атрымала грамадзянства гэтай краіны.

24 студзеня Вольга Літвіненка выступіла ў Сойме Літвы. Яна дамагаецца ўключэньня свайго бацькі і ягоных сяброў у сьпіс Магніцкага.

На 7 сакавіка прызначаны яе выступ у парлямэнце Эстоніі.

"Настоящее Время"