BelarusDocs 2018. «Янка Купала» ў інтэрпрэтацыі Віктара Асьлюка 

Аўтар фільма "Янка Купала" Віктар Асьлюк у студыі Радыё Свабода

Набліжаецца да фіналу онлайн-фэстываль беларускага дакумэнтальнага кіно BelarusDocs 2018. 6 сакавіка ў яго рамках адбудзецца прэм’ера фільму рэжысэра Віктара Асьлюка «Янка Купала».

Як кажа сам аўтар, гэта ня столькі спроба яшчэ раз зірнуць на месца песьняра у сучаснасьці — гэта працяг асэнсаваньня беларускіх рэалій. І вельмі дарэчы фільм напярэдадні 100-годзьдзя беларускай дзяржаўнасьці.

Ці пра такую Беларусь марыў Янка Купала? Ці пачалі нарэшце беларусы «людзьмі звацца»? Віктар Асьлюк шукуае адказы на гэтыя ды іншыя пытаньні.

Фільм «Янка Купала» будзе даступны для онлайн-прагляду толькі да раніцы 7 сакавіка па гэтай спасылцы. Там жа можна пакінуць свае водгукі і адзнакі.

Праграму BelarusDocs-2018 сёлета склалі 7 разнаплянавых стужак — як дзяржаўнай студыі дакумэнтальнага кіно «Летапіс», так і незалежных аўтараў. Кожны даступны для прагляду толькі цягам сутак (ад 9:00 да 9:00 наступнага дня) у HD-якасьці з ангельскімі субтытрамі.

На задуму арганізатараў, онлайн-фэстываль BelarusDocs — гэта магчымасьць убачыць новае беларускае дакумэнтальнае кіно, не выходзячы з дому.

Цягам тыдня гледачам было прапанавана ацаніць па адной стужцы штодня.

1 сакавіка. «Няхай жыве Маленькі прынц», рэжысэр Кацярына Махава

2 сакавіка. «Фанат», рэжысэр Андрэй Кудзіненка

3 сакавіка «Агмень», рэжысэр Юры Цімафееў

4 сакавіка. «Сяргей Плыткевіч. Чалавек з фотаапаратам», рэжысэр Вольга Дашук

5 сакавіка. «Менск — Орша — Менск», рэжысэр Юлія Ралко

6 сакавіка. «Янка Купала», рэжысэр Віктар Асьлюк

7 сакавіка «25», рэжысэр Андрэй Куціла.