Беларуская грамадзянка Анастасія Вашукевіч (Насьця Рыбка) заявіла, што мае больш за 16 гадзін аўдыёзапісаў, якія могуць дапамагчы ў расьсьледаваньні ўплыву Расеі на амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары. Яна кажа, што гатовая перадаць гэтыя запісы ўладам ЗША ў абмен на прытулак.
Як піша амэрыканскае выданьне The New York Times, такую заяву Вашукевіч зрабіла 5 сакавіка ў Бангкоку, дзе яна знаходзіцца ў зьняволеньні. 26 лютага стала вядома, што Вашукевіч, і выхадзец зь Беларусі Аляксей Кірылаў (Алекс Лэсьлі) затрыманыя ў Тайляндзе за незаконнае правядзеньне «сэкс-трэнінгу». Пазьней іх адпусьцілі пад заклад, але тут жа арыштавалі супрацоўнікі тайляндзкай міграцыйнай службы.
Вашукевіч сьцьвярджае, што ў жніўні 2016 году яна зрабіла запісы, на якіх расейскі алігарх Алег Дзерыпаска, сярод іншага, абмяркоўвае зь неназванымі людзьмі выбары ў ЗША. Дзерыпаска, які мае шчыльныя сувязі з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, таксама меў дзелавыя кантакты з Полам Манфортам, колішнім кіраўніком выбарчага штабу прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.
Былому кіраўніку штабу Трампа Полу Манафорту выставілі новыя абвінавачаньні
У лютым Дзерыпаска падаў у суд на Вашукевіч і Кірылава, якія апублікавалі ў сацсетках яго фатаграфіі і запісы размоў. Расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны выкарыстаў гэтыя фота для абвінавачваньня ў карупцыі віцэ-прэм’ера Расеі Сяргея Прыходзькі, які ўдзельнічаў у сустрэчах на яхце Дзерыпаскі.
Сёньня раней агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на Краснадарскі краявы суд паведаміла, што ў якасьці трэціх асоб да справы паводле пазову Дзерыпаскі прыцягнутыя Аляксей Навальны, Аксана Панава (галоўны рэдактар Znak.com), а таксама выданьне «Медиазона». 27 сакавіка суд разгледзіць некалькі прыватных скаргаў па пазове бізнэсоўца.