Цяпер са Слонімскага аўтавакзалу да Менску адпраўляецца адзін мікрааўтобус у дзень.
Пяць перавозчыкаў з Слоніма пацьвердзілі Свабодзе, што ня выйшлі ў рэйс.
Прыватная кампанія «МрояТур» — адзін з найбуйнейшых перавозчыкаў. Ейны дырэктар Уладзімер Лазар патлумачыў Свабодзе, што з 5 сакавіка іх дзейнасьць па пасажырскіх перавозках прыпыненая з прычыны ўвядзеньня з 26 лютага зьменаў у «Закон аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках».
«Мы ўсе ўжо вельмі стаміліся ад гэтага, — кажа Ўладзімер Лазар. — Так, як і іншыя прыватныя перавозчыкі, атрымалі папярэджаньне ад дзяржаўных органаў».
Паводле Лазара, кампанія прыпыніла працу, каб прыцягнуць увагу грамадзкасьці да цяперашняга стану рэчаў.
«Мы чакаем, што ўсё ж павінны быць унесены зьмены ў гэты закон, хоць ён і нядаўна прыняты, паколькі пралікі дапушчаны яўныя, — кажа дырэктар кампаніі „МрояТур“. — Аднак, як відаць на справе, гавораць усе шмат, але нічога канкрэтнага ня робіцца».
Маршрутка «МрояТур» ехала да Менску 2,5 гадзіны. Квіток каштаваў 9 рублёў, для дзяцей да 10 гадоў — 5 рублёў. Практыкаваліся сэзонныя зьніжкі, кожная восьмая паездка была бясплатная.
Цяпер з слонімскага аўтавакзалу на Менск адпраўляецца адзін рэйс на суткі — транзытны мікрааўтобус у 7:55. Білеты на яго можна купіць толькі па прыбыцьці і толькі калі будуць месцы. Цана — амаль 12 рублёў.
Да Менску можна дабрацца таксама двума міжгароднімі цягнікамі — увечары і глыбокай ноччу, — і чатырма прыгараднымі цягнікамі зь перасадкай у Баранавічах. Дарога чыгункай зойме 4–6 гадзін.