Прэзыдэнт Славакіі Андрэй Кіска запатрабаваў зьменаў у складзе ўраду ці датэрміновых парлямэнцкіх выбараў у сувязі з пагрозай палітычнага крызісу на фоне забойства журналіста Яна Куцьяка. Аб пераменах, якія маюць быць, ён заявіў у тэлевізійным звароце да грамадзтва.
Прэзыдэнт абвінаваціў урад Славаччыны ў «напышлівасьці ўлады». Паводле яго, ён наўмысна прачакаў тыдзень, каб убачыць, захады і палітычныя рашэньні зробіць урад дзеля аднаўленьня даверу грамадзян. Аднак да гэтага часу, сказаў прэзыдэнт, ён не пачуў ніякіх прапаноў. «Некаторыя падалі ў адстаўку, але я ня бачу ніякага пляну, каб вывесьці краіну з гэтага крызісу даверу», падкрэсьліў славацкі прэзыдэнт.
Журналіст Ян Куцьяк быў забіты 25 лютага разам са сваёй сяброўкай Марцінай Кушнаравой ў загарадным доме за 65 кілямэтраў ад Браціславы. Празь некалькі дзён у адстаўку падаў міністар культуры Славакіі Марэк Мадарыч. «Я як міністар культуры не магу прыняць тое, што ў час майго тэрміну знаходжаньня на пасадзе забіты журналіст», — заявіў Мадарыч.
Абставіны злачынства яшчэ ня высьветленыя, але выказваюцца здагадкі, што яно зьвязана з расьсьледаваньнем, якім займаўся Ян Куцьяк, расказваюць калегі забітага рэпартэра. Журналіст расьсьледаваў уплыў італьянскай мафіі на ўрад Славаччыны. У прыватнасьці, ён вінаваціў набліжаных прэм’ер-міністра Робэрта Фіца ў цесных сувязях з італьянскімі прадпрымальнікамі, якія, у сваю чаргу, зьвязаныя з мафіёзнай групоўкай.