Георгі Штыхаў памёр 2 сакавіка ва ўзросьце 90 гадоў. У Вянку памяці яго згадваюць калегі і вучні. Голас Георгія Штыхава гучаў у перадачах Радыё Свабода.
Сяргей Тарасаў, гісторык, археоляг
«Георгі Васілевіч Штыхаў — чалавек, які яшчэ пры жыцьці стаў неад’емнай часткай нашай гісторыі. Ня толькі археалёгіі, але гісторыі як такой.
Для мяне асабіста гэта чалавек, які мяне ўвёў у навуку. Пад ягоным кіраўніцтвам я пачаў свой першы археалягічны сэзон, першыя раскопкі ў 1975-м годзе. Гэта чалавек, які навучыў мяне і шмат каго яшчэ працаваць.
Ні ў кога з гэтага пакаленьня не было столькі кандыдатаў навук, асьпірантаў, дактароў. Бо ён быў вельмі шчыры і вельмі шчодры. Усё, што ён знаходзіў, здабываў, — не шкадуючы аддаваў нам. Ён аддаваў нам ня толькі навуковыя кірункі. Ён аддаваў цэлыя гарады. Ён даў магчымасьць працаваць у Віцебску Калядзінскаму, Губеньку, Ляўко. У Горадні Краўцэвічу і астатнім.
Ён падараваў мне цэлы Полацак.
Я вельмі хвалююся ўжо каторы дзень. Сёньня ў Ратушы мы згадаем Георгія Васілевіча. Гэта быў сьветлы, надзвычай разумны, добры чалавек.
Па ягоных падручніках пачынала вучыцца сучасная Беларусь. Бо тыя падручнікі, якія першымі зьявіліся ў мяккіх вокладках на шэранькай паперцы, пісаў у тым ліку і ён.
Гэта быў чалавек, які ўзначальваў першыя рухі за аднаўленьне памяці загінулых рэпрэсаваных. «Мартыралёг Беларусі» — гэта ён, Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада — гэта таксама ён.
Гэта зубры, гэта волаты нашай гісторыі, безь якіх сёньня нашую гісторыю ўявіць сабе немагчыма.
Дзіўнае супадзеньне. Яго ня стала 2 сакавіка. А 3 сакавіка — дзень першай згадкі Менску, знакамітая бітва на Нямізе. Менавіта ў гэты дзень на той самай Менцы, дзе, як ён даказаў, пачынаўся сапраўдны Менск, войскі Яраславічаў ішлі на Нямігу.
Вельмі сымбалічна, што 2 сакавіка мы будзем заўсёды згадваць Георгія Васільевіча, а наступны дзень — дзень летапіснага нараджэньня нашага гораду.
Апрача іншага, паглядзіце за вакно: ідзе сьнег. І ў летапісе 951 год таму назад было напісана: «І быў сьнег вялікі».
Мікола Крывальцэвіч, гісторык, археоляг
Георгі Васілевіч, безумоўна, быў выдатным археолягам і найцудоўнейшым чалавекам. Ён заўсёды вельмі добра адчуваў пульс часу. Адчуваў, чым жыве грамадзтва, актыўна падключаўся ва ўсё, у тым ліку і справы, зьвязаныя з Курапатамі. Гэта адна зь ягоных непасрэдных ініцыятыў.
Ён усяляк спрыяў і падтрымліваў вядзеньне гэтай справы, займаючы пасады ў Інстытуце. Фармальна ён падпісваў усе справаздачы, заключэньні, лісты, чаго даводзілася вельмі шмат пісаць ва ўсялякія ўстановы. Роля яго была вельмі вялікая.
І самае важнае — ён быў вялікі археоляг. Цудоўна ведаў беларускае Сярэднявечча. Працаваў вельмі шмат. Быў аўтарам многіх падручнікаў гісторыі Беларусі, якія выходзілі ўжо ў 90-я гады. Ён па-новаму асэнсоўваў гісторыю Беларусі, ужо з пазыцыяў нашага, беларускага бачаньня, з пазыцыяў айчыннай гісторыі.
Ён быў кіраўніком многіх дысэртацыяў і актыўна падтрымліваў моладзь. Нават тым, што проста грошы даваў тым, у каго былі цяжкасьці.
А сам у жыцьці быў сьціплы чалавек. Напрыклад, настолькі проста апранаўся. Часам сустрэнемся зь ім на прыпынку — ён у зялёных працоўных штанах, якія некалі выдавалі як спэцформу на раскопкі, торбачка нейкая самаробная. І з гэтым ён езьдзіў на працу, дзе сядзеў бясконца, працаваў і працаваў, бо быў аўтарам шматлікіх праектаў і кніжак.
Безумоўна, гэта быў найвыдатнейшы чалавек, спэцыяліст. Шкада, што так усё мінаецца і праходзіць».
Георгі Штыхаў займаўся вывучэньнем курганных могільнікаў паўночнай і цэнтральнай Беларусі ў раньнім Сярэднявеччы, кіраваў археалягічнымі экспэдыцыямі ў Полацку, Віцебску, Заслаўі, Барысаве, Лукам’і, Лагойску, Копысі. Штыхаў быў першым, хто ў савецкі час прапанаваў весьці адлік гісторыі Беларусі ад Полацкага княства.
Георгі Штыхаў нарадзіўся 14 ліпеня 1927 году ў вёсцы Старая Беліца каля Гомля. У 1956 годзе Штыхаў скончыў гістарычны факультэт БДУ, у 1993 годзе ўзначаліў аддзел археалёгіі і гісторыі Полацкай зямлі Інстытуту гісторыі Акадэміі навук Беларусі. У 1991 годзе стаў ляўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Прафэсар Штыхаў быў першым прэзыдэнтам Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў у Беларусі (1992–1994), а таксама адным з заснавальнікаў дабрачыннага фонду «Памяць ахвяраў сталінізму ў Беларусі».