«Гэта была мара дзяцінства». Глухі мянчук працуе кіроўцам таксі

Уладзімер Кацянёў працуе кіроўцам Uber чатыры месяцы. Ён ужо перавёз каля 900 чалавек. Ягоны рэйтынг — 4,9 з 5 балаў. І ён ня мае слыху. Калі б не сучасныя тэхналёгіі, глухі зь дзяцінства Уладзімер ня змог бы ўладкавацца на працу мары.

Быў сярод першых глухіх людзей, хто атрымаў правы ў СССР

Уладзімеру 62 гады. Ад нараджэньня меў праблемы са слыхам. Цяпер у яго 3-я група інваліднасьці па слыху — найцяжэйшая. Гэта значыць — поўная глухата. Ён ня можа і гаварыць. Можа паразумецца толькі на мове жэстаў ці перапісваючыся ў мэсэнджэры на тэлефоне.

Уладзімер нарадзіўся ў Расеі. У 17 год прыехаў паступаць у Менск. Тут жыла дзяўчына, да якой ён заляцаўся. Потым яны ажаніліся, і Ўладзімер застаўся жыць у Беларусі. Працаваў спартовым інструктарам на трактарным заводзе. Але пры гэтым заўсёды марыў працаваць кіроўцам. Яшчэ зь дзяцінства, калі ў бацькі быў службовы легкавік «ЗІЛ».

«Машына была як „Чайка“, вельмі прыгожая, — словы Ўладзімера з мовы жэстаў нам перакладае Вольга Вараб'ёва, перакладніца жэставай мовы «Беларускага таварыства глухіх». — Гэта была мара дзяцінства — стаць кіроўцам».

У СССР да 1972 году глухім людзям было забаронена кіраваць аўтамабілем. Як толькі забарону зьнялі, Уладзімер пасьпяшаўся атрымаць правы. У 1976 годзе ён прайшоў камісію і быў прызнаны прыдатным для кіраваньня.

«Было вельмі складана, — узгадвае ён. — Я быў у першых шэрагах, калі нам дазволілі атрымліваць правы».

Але ўладкавацца на працу кіроўцам у савецкі час ня змог — глухім гэта было забаронена. Такая ж забарона застаецца ў Беларусі і да сёньня для дзяржаўных прадпрыемстваў. На прыватныя кампаніі закон не пашыраецца, таму Ўладзімер уладкаваўся на працу ў Uber.


«Шкадую, што раней не пачаў працаваць у Uber»

Uber — сусьветны сэрвіс гарадзкіх перавозак. Фактычна гэта альтэрнатыва службам такcі. Адрозьненьне ад клясычнай кампаніі ў тым, што ўся сувязь ідзе праз мабільную аплікацыю. Тут няма апэратараў, і выклікаць машыну можна толькі онлайн з тэлефона. Месца пасадкі і кірунак паездкі загадзя ўводзіць кліент. Аплікацыя прывязаная да банкаўскай карткі, грошы здымаюцца аўтаматычна пасьля паездкі. Таму пасажыр ня мусіць нічога тлумачыць кіроўцу. У атрыманым запыце на паездку таксіст бачыць усе патрабаваньні.

Уладзімер ведаў пра Uber ужо даўно. Калі наведваў сына ў ЗША, яму распавялі, што ў сэрвісе там працуюць глухія людзі.

У 2015 годзе кампанія пачала працаваць у Беларусі. Сваякі Ўладзімера ўладкаваліся там кіроўцамі і прапанавалі зарэгістравацца яму. Пэўны час ён вагаўся, а потым падаў онлайн-заяўку.

«Цяпер шкадую, што раней не пачаў працаваць», — кажа Ўладзімер.

Ягоны працоўны графік два дні праз два. Паводле кантракту за суткі ён павінен быць даступным ня менш за 12 гадзінаў. Праца яму даспадобы. Уладзімер ня кажа, колькі зарабляе. Але гэта адзін з найбольшых заробкаў, які ён калісьці меў. Да таго ж ён яшчэ мае пэнсію.

«Вельмі рады, што зьявілася такая магчымасьць для глухіх, — кажа Ўладзімер. — Такое выратаваньне — і праца, і вялікая дапамога грашыма».

Водгукі пасажыраў, якіх вазіў Уладзімер

Міхаіл Кузьмянкоў, старшыня праўленьня Менскай абласной арганізацыі «Беларускага таварыства глухіх», кажа, што з кожным годам уводзяць усё больш мэдычных абмежаваньняў на допуск да працы. І глухім людзям робіцца больш складана ўладкавацца.

«Каб пайсьці на завод — там вялікая цяганіна. А тут прайшло тры дні пасьля заяўкі, як я пачаў працаваць. Усё навучаньне заняло адну гадзіну», — кажа Ўладзімер.


1 нэгатыўны досьвед паездкі на Uber і 873 пазытыўныя

Міхаіл Кузьмянкоў кажа, што Уладзімер не адзіны кіроўца Uber сярод людзей з парушэньне слыху

За чатыры месяцы Ўладзімер меў толькі адзін нэгатыўны досьвед. Калі кліент пабачыў, што кіроўца — глухі, ён скасаваў замову.

«Адзін раз такое было. Я быў вельмі зьдзіўлены».

873 іншыя пасажыры паставілі Ўладзімеру 5 з 5 балаў.

«Кіроўцы з праблемамі слыху больш уважлівыя, — кажа Міхаіл Кузьмянкоў. — Яны ўвесь час кантралююць сытуацыю на дарозе празь люстэркі задняга віду. Такі кіроўца ня будзе размаўляць праз тэлефон за стырном, як гэта робяць іншыя».

За 42 гады досьведу кіроўцы Ўладзімер трапляў у аварыю чатыры разы. Але штораз гэта быў нехта, хто стукаўся ў яго ззаду.

«Людзі „любяць“ уразацца ў мяне. Я бачу, што нехта едзе на хуткасьці, спрабую ўцячы, але ўсё адно яны ўдараюцца ў мяне», — кажа Ўладзімер.

Адмысловых знакаў і налепак на ягонай машыне няма. Раней яны былі абавязковыя, а цяпер — на жаданьне кіроўцы.

«Людзі ня вешаюць такіх налепак, бо на цябе глядзяць як на першабытнага чалавека. Я не хачу, каб на мяне зьвярталі ўвагу».

За мяжой Уладзімер звычайна бярэ машыну ў арэнду. Кіраваў аўтамабілем у Польшчы, Чэхіі, Харватыі, Італіі. Апошні раз — у Гішпаніі летась увосень, калі быў там на адпачынку.

Мова жэстаў, дарэчы, за мяжой дапамагае. Хоць у кожнай краіне яна мае асаблівасьці, базавыя рэчы перадаюцца аднолькава. Словы «есьці», «піць», «хадзіць», «адпачываць» зразумелыя глухім з розных краінаў.

«Пару дзён, і пачынаеш разумець, — кажа Міхаіл Кузьмянкоў. — Словаў ня ведаеш іншамоўных, а вось да жэстаў хутка звыкаеш».


«У СССР трэба было слаць тэлеграму, калі зьбіраўся ехаць у госьці»

Каб не сучасныя тэхналёгіі, працы кіроўцы ён бы ніколі не займеў. Уладзімер, ягоная жонка і сын — глухія. Таксама і ўсё іхняе атачэньне — толькі людзі з праблемамі слыху ці тыя, хто ведае мову жэстаў. Але дзякуючы мабільным тэлефонам яны кантактуюць з навакольным сьветам нашмат больш, чым раней.

«У СССР, калі зьбіраўся да кагосьці ехаць у госьці, трэба было слаць тэлеграму. Ці ліст пісаць, — кажа Ўладзімер. — А цяпер тэлефон — мае вочы і вушы».

Мабільныя тэлефоны цалкам зьмянілі жыцьцё глухіх. Каб адправіць паведамленьне іншаму чалавеку, ужо ня трэба штораз хадзіць на тэлеграф. Спачатку людзі з праблемамі слыху перапісваліся праз sms. Цяпер яны карыстаюцца мэсэнджэрамі для ліставаньня. Калі трэба нешта доўга тлумачыць, робяць відэазванкі і размаўляюць жэстамі.

Калі б ня Uber і тэлефон, Уладзімер, магчыма, не працаваў бы ўвогуле.

«Мая праца без тэлефона была б немагчымая», — кажа Ўладзімер.

3 сакавіка адзначаецца Міжнародны дзень аховы здароўя вуха і слыху. На 31 сьнежня 2017 года на ўліку ў «Беларускім таварыстве глухіх» знаходзяцца 9680 чалавек, сярод іх 9313 — інваліды з парушэньнем слыху.