Дзьмітрыю і Аксане трошкі за трыццаць. Дзьмітры інвалід ад нараджэньня — апорна-рухальны апарат. Аксана займела інваліднасьць 13 год таму — няўдала пакаталася з горкі зь сябрамі, у выніку — зламаны хрыбетнік. Яна перамяшчаецца ў вазку, Дзьмітры ходзіць сам, хоць рухі запаволеныя.
Адаптаванае адзеньне для людзей з інваліднасьцю пашылі ўпершыню ў Беларусі
Яны шчасьлівыя, што ўпершыню выйдуць на подыюм перад вялікай публікай. Аксана кажа, што ня хочацца ўзгадваць пра цяжкасьці, празь якія яны прайшлі, каб трапіць на подыюм.
«Ну вось паглядзіце на нас, — бадзёра кажа дзяўчына на вазку. — Ну хіба я „нефармат“? Я ж нічым ня горшая ад тых, у каго 90-60-90?» — настойліва пытаецца Аксана.
Аксана кажа, што яны прадставяць калекцыю адаптыўнага адзеньня для людзей з інваліднасьцю ўпершыню ў Беларусі. І пашылі яе ўпершыню ў Горадні. У склад калекцыі, паводле дзяўчыны, уваходзяць мадэлі адзеньня для людзей на вазках, з асаблівасьцямі будовы цела пасьля перанесеных цяжкіх хваробаў, для людзей пасьля інсульту, а таксама дзіцячыя мадэлі.
«Ну вось, каб вы ўявілі — у пінжаках замест гузікаў устаўленыя магнітныя кнопкі, — кажа Дзьмітры. — У нагавіцах замест гузікаў — адмысловы кручок, каб лягчэй зашпіляліся, і г.д.».
Ён дадае, што звычайнае адзеньне яму і такім, як ён, складана штодня надзяваць і здымаць, а ў мадэлях, што яны будуць прадстаўляць, улічаны кожны рух чалавека з інваліднасьцю. Аксана кажа, што дзеля таго, каб насіць звычайныя джынсы, яна мусіць купляць дзьве пары і перашываць іх у адну, каб зручней упраўляцца. А тут, маўляў, адмыслоўцы ўсё прадумваюць — і ў нагавіцах, і ў спаднічках, і ў кофтачках.
«А я ж яшчэ люблю ўсё прыгожае, мне падабаецца модна ўбірацца, і хочацца, каб рэчы на мне глядзеліся», — кажа дзяўчына.
Шмат хто нават не ўяўляе, што чалавек на вазку можа скакаць з парашутам
Аксана і Дзьмітры кажуць, што перад паказам хвалююцца, і на гэта ёсьць шмат прычынаў.
«Такія людзі, як мы, у нашым грамадзтве звычайна сядзяць дома, нас нідзе не відаць, — кажа дзяўчына. — Многія нават ня ведаюць, як з намі абыходзіцца. Я ўпэўнілася, што шмат хто нават ня можа ўявіць сабе, што чалавек на вазку можа скакаць з парашутам, што ён кіруе аўто, мае сям’ю, працуе, што любіць і хоча прыгожа апранацца...».
Дзьмітры дапаўняе Аксану — маўляў, хваляваньне яшчэ і ад таго, што людзі ў горадзе, спатыкаючы іх, глядзяць са зьдзіўленьнем.
«Некаторыя імкнуцца дапамагчы, — кажа Дзьмітры, — а некаторыя нават ня ведаюць, як гэта зрабіць». Асабліва, паводле яго, інвалідам дзівяцца дзеці. Побач зь імі такое адчуваньне, нібы ты зь іншае плянэты. Аксана мяркуе, што гэта адбываецца і таму, што яны мала дзе бываюць: на канцэртах, у тэатрах, проста ў крамах і транспарце. Грамадзтва, на яе думку, не прызвычаенае да такіх людзей.
«А прычына ў тым, што ў нас мала дзе існуе безбар’ернае асяродзьдзе. І на працу мы ня можам нікуды ўладкавацца, бо папросту ня можам туды дабрацца» — кажа дзяўчына.
У яго пэнсія — 156 рублёў, у яе — 340
І Аксана, і Дзьмітры жывуць дома з бацькамі. Аксана — на восьмым паверсе, і каб дабрацца да ліфта, ёй трэба пераадолець 7 ці 8 прыступак — без дапамогі яна гэтага зрабіць ня можа. Дзьмітрыю таксама ва ўсім дапамагаюць бацькі і сястра, якая жыве за мяжой. Вось толькі на працу ён нікуды не ўладкаваўся, хоць спрабаваў зрабіць гэта шмат разоў.
«Мая пэнсія па інваліднасьці — 156 рублёў, і я болей нідзе нічога не магу зарабіць, хоць маю вышэйшую эканамічную адукацыю, — кажа хлопец. — Год прапрацаваў па спэцыяльнасьці ў межах дзяржаўнай праграмы па адаптацыі інвалідаў, а потым дырэктар сказаў, што фірма закрываецца, няма грошай. Мне прапанаваў працаваць без заробку, але я адмовіўся».
Дзьмітры кажа, што пасьля гэтага яшчэ два гады спрабаваў знайсьці працу праз Цэнтар занятасьці, але нацярпеўся розных прыніжэньняў і кінуў пошукі. Аксана да інваліднасьці працавала мэдсястрой, і яе пэнсія — 340 рублёў. Яна мяркуе, што на памер ейнай пэнсіі паўплывала тое, што ў яе быў працоўны стаж.
«Але што мая пэнсія, каб не дапамога бацькоў, зь якімі я жыву? — кажа дзяўчына. — Гэта ніяк не вырашае праблему. Наагул, такіх людзей грамадзтву прасьцей трымаць у кватэры. Тады і астатнім праблемаў менш», — кажа Аксана.
Марыла стаць стуардэсай...
Паколькі размова зьбілася на вельмі сумныя ноткі, я запытаўся ў Аксаны — кім яна марыла стаць у дзяцінстве? Аказалася — стуардэсай, але мама была супраць. Цяпер яна хоча быць мадэльлю, здымацца ў рэкляме.
«Вось толькі ніхто мне гэтага не прапануе, хоць усе кажуць, што я вельмі фотагенічная», — кажа дзяўчына.
Праўда, і Аксана, і Дзьмітры маюць надзею, што пасьля выступу на подыюме з адмысловай калекцыяй іх, магчыма, заўважаць і прапануюць здымацца ў рэкляме альбо працаваць у мадэльным агенцтве. Хочацца мець сям’ю і быць шчасьлівым чалавекам
Мы загаварылі пра сям’ю, дзетак. Аксана адразу падтрымала тэму і нават прызналася, што ў яе былі залётнікі, як яна заўважае, здаровыя мужчыны, але неяк ня склалася.
«Вельмі хочацца сям’і, хочацца дзетак. Я ж магу нарадзіць дзіця, мае органы здаровыя, — кажа Аксана. — А некаторыя людзі гэтага не разумеюць. Я пляную абавязкова мець сям’ю».
Дзьмітры не выказваецца на тэму сям’і, але ўважліва слухае і часам усьміхаецца. Ён пераводзіць размову на тое, што любіць гуляць у настольны тэніс. Любіць выяжджаць на спаборніцтвы ў іншыя гарады. А Аксана дадае, што ёй таксама падабаецца езьдзіць на спартовыя спаборніцтвы сярод інвалідаў. Яна даўно і стала займаецца рознымі відамі спорту.
«Гэта самыя цікавыя моманты жыцьця, калі мы зьбіраемся ў нейкім горадзе ўсе разам, — кажа Аксана, — бо там усе такія, як мы. У нас і канцэрты, і сцэнкі ставім, і танцуем, усё вельмі весела», — кажа дзяўчына.