Белстат апублікаваў статыстыку па турызму ў Беларусі за 2017 год.
Летась колькасьць арганізаваных турыстаў і экскурсантаў, якія выехалі за мяжу склала 727 536 тысяч чалавек, а прыехала ў Беларусь у два з паловай разы менш — 282 694 чалавек.
У краіны Эўразьвязу ў 2017 годзе выехала 35,5% беларусаў, у СНД — 19%, у іншыя краіны сьвету — 45,5%. Найбольш наведвальнымі краінамі ў 2017 годзе для беларусаў сталі: Турэччына, Эгіпет, Украіна, Баўгарыя, Расея, Польшча, Гішпанія, Грэцыя, Чарнагорыя, Чэхія, Літва і Італія. На долю гэтых краінаў прыходзілася 85,6% ад агульнай колькасьці турыстаў і экскурсантаў, якія выехалі за мяжу.
Найбольш у Беларусь летась прыехала грамадзян Расеі — 191 520 чалавек, гэта 67,7% ад усіх турыстаў і экскурсантаў, якія прыехалі ў Беларусь. Сярод людзей прыехалі ў Беларусь у 2007 годзе 24,8% — грамадзяне краін Эўразьвязу. Сярэдняя працягласьць знаходжаньня замежных турыстаў у Беларусі — 4 дні.
У сьнежні 2017 году Аляксандар Лукашэнка павялічыў бязьвізавы тэрмін знаходжаньня замежных турыстаў з 5 да 10 дзён для наведнікаў парку «Аўгустоўскі канал» гэта ўвесь Горадзенскі раён і Горадня, для парку «Белавеская пушча» — тэрыторыя рэкрэацыйнай зоны «Берасьце» (само Берасьце, Берасьцейскі, Жабінкаўскі, Камянецкі, Пружанскі раёны Берасьцейскай вобласьці, а таксама Сьвіслацкі раён Горадзенскай). Гэты «бязьвіз» тычыцца грамадзянаў 77 краінаў.
12 лютага мінулага году Беларусь увяла 5-дзённы бязьвізавы рэжым для грамадзянаў 80 краінаў пры прылёце ў менскі аэрапорт. Гэтае рашэньне Менску выклікала непрыхаванае раздражненьне Масквы.