Гарадзкая ўправа Таронта адмовіла беларусам Канады вывесіць бел-чырвона-белы сьцяг у гонар стагодзьдзя БНР. Згуртаваньне беларусаў Канады прасіла ўлады сталіцы рэгіёну Антарыё вывесіць нацыянальны сьцяг 25 сакавіка.
Традыцыя вывешваньня нацыянальнага сьцягу ў Таронта сягае 1973 году. Тады прадстаўнікі беларускай эміграцыі ў Канадзе Кастусь Акула і Раіса Жук-Грышкевіч зьвярнуліся да ўладаў гораду з просьбай падтрымаць беларусаў і вывесіць у гонар БНР бел-чырвона-белы сьцяг на сядзібе мэрыі.
«30 зь нечым гадоў мэрыя сама вывешвала беларускі сьцяг, нават без нагадваньня беларусаў. Але недзе 10 гадоў таму ўсё спынілася. — распавёў Свабодзе кіраўнік канадзкага сэктару Рады БНР Аляксандар Кот.
Паводле яго, беларуская грамада яшчэ ў другой палове 2000-х зьвярталася ў мэрыю з пытаньнем, чаму сьцяг больш не вывешваецца. Адказ уладаў засмуціў канадзкіх беларусаў.
«Нам заявілі, што ў мэрыі новы парадак. Вывешвацца могуць толькі тыя сьцягі, якія прадстаўленыя ў ААН або зарэгістраваныя», — гаворыць Аляксандар Кот.
Але напярэдадні 100-годзьзя БНР прадстаўнікі беларускай дыяспары вырашылі ўсё ж паспрабаваць і дамовіцца зь мясцовымі ўладамі, каб аднаразова, з нагоды юбілею, вывесіць сьцяг.
«Мы пайшлі цэлай дэлегацыяй. Узялі кнігу „Краіна Беларусь“, ручнік з арнамэнтам, вышыванку з нацыянальным колерамі. Але нам кажуць — пішыце заяву ва ўстаноўленым парадку. Мы напісалі і ўсё патлумачылі, што такое БНР. Распавялі, што „Пагоня“ прызнаная і ў Беларусі, і што сьцяг — гэта нацыянальны сымбаль, сьцяг БНР. Мы былі гатовыя ўзьняць яго пад гімн і згарнуць. Але ўсё роўна была адмова», — кажа Кот.
Дамагчыся вывешваньня бел-чырвона-белага сьцягу ў іншых гарадах Канады ня ўдасца, бо ўлады разглядаюць заяўку роўна месяц.
З нагоды 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР у Таронта адбудуцца сьвяточныя захады з удзелам беларускай дыяспары, у тым ліку канцэрт.
11 сакавіка юбілей БНР беларусы Канады адзначаць у сядзібе парлямэнту ў Атаве.