Расейскі газавы манапаліст «Газпром» прыступае да скасаваньня ўсіх раней заключаных з Украінай кантрактаў, гаворыцца ў паведамленьні, якое цытуе РБК.
Старшыня праўленьня кампаніі Аляксей Мілер растлумачыў, што гаворка ідзе пра скасаваньне ня толькі кантракту на пастаўку газу ўкраінскім спажыўцам, але і дагавору на транзыту газу ў Эўропу. Абодва гэтыя кантракты павінны былі дзейнічаць да канца 2019 году.
Мілер патлумачыў гэта тым, што нядаўняе рашэньне Стакгольмскага арбітражу істотна парушыла інтарэсы «Газпрому».
«Арбітры аргумэнтавалі сваё рашэньне рэзкім пагаршэньнем стану ўкраінскай эканомікі. Мы катэгарычна супраць таго, каб за наш кошт вырашаліся эканамічныя праблемы Ўкраіны. У такой сытуацыі працяг дзеяньня кантрактаў для "Газпрому" зьяўляецца эканамічна немэтазгодным і нявыгадным. "Газпром" вымушаны неадкладна пачаць працэдуру скасаваньня кантрактаў з НАК "Нафтогаз Украіны" на пастаўку і транзыт газу ў Стакгольмскім арбітражы», — заявіў Мілер.
28 лютага стала вядома, што арбітраж Гандлёвай палаты Стакгольму часткова задаволіў патрабаваньні ўкраінскай кампаніі «Нафтогаз», пастанавіўшы, што «Газпром» павінен заплаціць ёй $4,63 млрд за недапастаўкі газу па транзытнай дамове. Раней той жа арбітраж абавязаў «Нафтогаз» выплаціць «Газпрому» $2 млрд за ўжо пастаўлены газ, а таксама працэнты за пратэрміноўку (0,03% за кожны дзень з 22 сьнежня 2017 году), і штогод (да заканчэньня тэрміну кантракту ў канцы 2019 года ) закупляць у «Газпрама» па 5 млрд куб. м газу. Такім чынам, «Газпром» застаўся вінны «Нафтогазу» каля $ 2,6 млрд.