Рэклямныя банэры зьявіліся адразу на некалькіх станцыях менскага мэтро, у хуткім часе плякаты з запрашэньнем галасаваць на выбарах прэзыдэнта Расеі могуць зьявіцца і ў вагонах.
Фота рэклямных плякатаў, якія запрашаюць прагаласаваць 18 сакавіка на выбарах прэзыдэнта Расеі, нарабілі шуму ў сацыяльных сетках 2 сакавіка.
Прэс-сакратар менскага мэтрапалітэну Андрэй Кузьмін сказаў Свабодзе, што рэкляма расейскіх выбараў у беларускім мэтро будзе пашырацца.
«Лайтбоксы з заклікам прагаласаваць на выбарах прэзыдэнта Расеі зьявіліся на станцыях мэтро „Купалаўская“, „Пятроўшчына“ і „Каменная горка“, — сказаў Андрэй Кузьмін. — Ня выключана, што хутка рэклямныя плякаты з заклікам галасаваць 18 сакавіка зьявяцца і ў вагонах мэтро. Гэтая рэкляма разьлічаная на тых грамадзян Расейскай Фэдэрацыі, якія часова знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі. Ня бачу ў ёй нічога дрэннага. Грамадзяне Беларусі, якія жывуць у Расеі, таксама галасуюць на выбарах кіраўніка Беларусі ў амбасадзе нашай краіны ў Маскве».
Выбары прэзыдэнта Расеі адбудуцца 18 сакавіка. У якасьці кандыдатаў на іх зарэгістраваныя восем чалавек: дзейны прэзыдэнт Уладзімір Пуцін, Ксенія Сабчак, Уладзімір Жырыноўскі, Рыгор Яўлінскі і іншыя.