Аляксандар Лукашэнка 1 сакавіка абмеркаваў падчас рабочай сустрэчы з намесьнікам прэм’ер-міністра Міхаілам Русым праблемныя пытаньні паставак беларускага малака ў Расею, паведамляе БЕЛТА.
Ён канстатаваў, што паміж Беларусьсю і Расеяй зноў пачаліся спрэчкі аб пастаўках малака і адзначыў, што Русаму быдло даручана разабрацца ў гэтым пытаньні.
«Без адказу такія рэчы не застануцца. Мы проста трываць гэта ня будзем. Таму што мяне спэцслужбы інфармуюць, што завезьлі з Новай Зэляндыі ці аднекуль сухое малако (гэта іх справа), зьявіліся лішкі, і яны пачынаюць нас прытрымліваць, пакуль рэалізуюць тое малако па высокіх цэнах. Таму ім не падабаецца таннае малако», — сказаў Лукашэнка.
«Мы ім аддамо сваё малако па той цане, якую лічым патрэбнай, а яны няхай людзям павялічваюць цану, калі там ужо рускія людзі, масквічы або піцерцы, аб’еліся новазэляндскім малаком. Таму мяне цікавіць, як вырашаецца гэтае пытаньне», — дадаў ён.
Рассельгаснагляд Расеі забараніў увоз зь Беларусі малака, вяршкоў ды іншай малочнай прадукцыі з 26 лютага «з прычыны выяўленьня забароненых і шкодных рэчываў». Пазьней, па выніках расейска-беларускіх перамоваў у Маскве, на якіх ад беларускага боку ўдзельнічалі віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы і міністар сельскай гаспадаркі Леанід Заяц, тэрмін дзеяньня забароны быў перанесены на 6 сакавіка.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, Беларусь зьяўляецца асноўным пастаўшчыком малака ў Расею і штогод зарабляе на яго экспарце больш за 3 мільярды даляраў.