У Польшчы ўступіў у сілу «Закон пра Галакост»

Марш нацыяналістаў у адным з польскіх гарадоў.

Закон, які прадугледжвае пакараньне за абвінавачваньне польскага народу ў злачынствах, учыненых нацысцкай Нямеччынай, уступіў у сілу ў чацьвер.

Гэта стала часткай больш маштабных намаганьняў кансэрватыўных уладаў Польшчы што да выкарыстаньня гісторыі для «абароны гонару і годнасьці краіны».

На працягу многіх гадоў польскія чыноўнікі спрабавалі змагацца з выразам «польскія лягеры сьмерці», які часам выкарыстоўваецца за мяжой у дачыненьні да канцлягераў, створаных нацысцкай Нямеччынай на акупаванай тэрыторыі Польшчы падчас Другой сусьветнай вайны.

Некаторыя палякі асьцерагаюцца, што па меры таго, як вайна стане ўсё больш аддаленай падзеяй, новыя пакаленьні памылкова будуць лічыць, што палякі былі вінаватыя ў Галакосьце.

Закон выклікаў крызіс у адносінах Польшчы з Ізраілем. Людзі, якія перажылі галакост, і афіцыйныя асобы Ізраілю асьцерагаюцца, што сапраўдная мэта закону палягае ў тым, каб здушыць дасьледаваньні адносна палякаў, якія прымалі ўдзел у забойствах габрэяў падчас Другой сусьветнай вайны.

Польскія афіцыйныя асобы адмаўляюць гэта. Яны настойваюць на тым, што закон, у якім утрымліваецца заклік да турэмнага зьняволеньня тэрмінам да трох гадоў, будзе караць толькі тых, хто публічна і «насуперак фактам» абвінавачвае ўвесь польскі народ у злачынствах, учыненых немцамі.

Закон уступіў у сілу ў чацьвер. У той жа дзень прадстаўнікі Польшчы і Ізраілю ў Ерусаліме правялі першую працоўную сустрэчу для пераадоленьня канфлікту, выкліканага новым законам.

Закон таксама прывёў да напружанасьці ў адносінах з Украінай з прычыны становішча, якое крыміналізуе адмаўленьне ваенных злачынстваў ўкраінскіх нацыяналістаў, якія забілі да 100 000 палякаў падчас масавых забойстваў.

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падпісаў закон у мінулым месяцы, але адначасова адправіў яго ў канстытуцыйны суд для разгляду. Польскія афіцыйныя асобы заявілі, што ніякіх крымінальных абвінавачваньняў ня будзе выстаўлена да таго часу, пакуль суд ня вынесе сваё рашэньне.