Пляны кіраўніка Кітаю застацца на пасадзе на нявызначаны тэрмін — у рэальнасьці пажыцьцёва — сталі апошнім нахабным крокам чарговага лідэра ў справе ўсталяваньня новых стандартаў для пачаткоўцаў-дыктатараў ХХІ стагодзьдзя.
Але на практыцы, некалькі постсавецкіх лідэраў даўно ўжо рухаюцца да пажыцьцёвага знаходжаньня ва ўладзе і найбольш вядомы зь іх — кіраўнік Расеі Ўладзімер Пуцін.
Дэмакратыя, але толькі на паперы
Для аўтакратаў сэнс дэмакратыі можа быць адвольным. Лідэры краін, якія былі калісьці часткай Савецкага Саюзу, сталі ўмела выкарыстоўваць розныя спосабы, каб застацца ва ўладзе і ў той жа час называюць свае сыстэмы «дэмакратыямі».
Тым часам здаровая дэмакратыя, на думку навукоўцаў і інстытутаў, такіх як Freedom House, Human Rights Watch і Нацыянальнага фонду дэмакратыі ЗША, мае наступныя асноўныя кампанэнты:
• Канстытуцыя, якая вызначае свабодныя і справядлівыя выбары
• Прытрымліваньне выразных правіл для дэмакратычных пераўтварэньняў улады
• Незалежны, дэмакратычна абраны парлямэнт
• Незалежная судовая сыстэма, свабодная ад ўмяшаньня выканаўчай улады
• Свабодная і надзейная прэса
• Квітнеючая грамадзянская супольнасьць, якую падтрымліваюць дабрачынныя арганізацыі, незалежная адукацыя і свабоднае прадпрымальніцтва
Але ў многіх краінах, на якія вяшчае RFE / RL, многія элемэнты дэмакратыі ў лепшым выпадку нясьпелыя або сфармаваныя так, каб задаволіць густы сваіх аўтарытарных лідэраў.
Вось іх рэцэпты для таго, каб застацца ва ўладзе:
• Маніпуляваньне канстытуцыяй і законамі аб выбарах
• Затрыманьні, перасьлед, устараненьне патэнцыйных праціўнікаў з дапамогай прымусу або сілы
• Фармаваньне заканадаўчага органу зь ліку сваіх прыхільнікаў, якія аўтаматычна зацьвярджаюць законы
• Кантроль судовай сыстэмы
• Націск або ліквідацыя свабоднай прэсы
• Стварэньне інстытуцый, падпарадкаваных непасрэдна лідэру
Мэсіянская рыторыка ў спалучэньні зь нястомным кантролем і маніпуляцыяй сродкамі масавай інфармацыі, у тым ліку, сацыяльнымі мэдыямі, дапамагаюць замацаваць культ асобы гэтых лідэраў, зь якім яны пазыцыянуюць сябе як адзіная надзея для сваіх народаў.
Менавіта з дапамогай такіх прыёмаў лідэры Расеі, Беларусі, Казахстану, Таджыкістану і Туркмэністану застаюцца ва ўладзе.