Польшча замяняе ў Менску яшчэ аднаго важнага дыплямата

Матэвуш Адамскі, які працаваў дырэктарам Польскага інстытуту ў Менску, больш не займае гэтую пасаду. Пра гэта Свабодзе распавялі ў сядзібе гэтай культурнай установы ў беларускай сталіцы.

«Матэвуш Адамскі больш не працуе дырэктарам. Па падрабязнасьці зьвяртайцеся ў МЗС Польшчы», — распавяла супрацоўніца інстытуту.

Сам Матэвуш Адамскі ня стаў камэнтаваць прычыны свайго сыходу з пасады, але сказаў Радыё Свабода:

«Сёньня фармальна апошні дзень маёй місіі ў Беларусі. Гэта быў вялікі гонар — 18 месяцаў служыць маёй дзяржаве і ўдзельнічаць у будаваньні мастоў паміж палякамі і беларусамі, нашымі найбліжэйшымі суседзямі. Думаю, што нам ўдалося зрабіць вельмі шмат для разьвіцьця двухбаковых адносінаў у галіне культуры, мастацтва, супольнай спадчыны, навуковых кантактаў і асабліва гістарычнага дыялёгу

Абяцаю, што буду далей удасканальваць сваю беларускую мову і панясу гэтую прыгожую мову далёка ў сьвет, а вы абяцайце, калі ласка, што яе будзе лепш чуваць у Беларусі, калі мы сустрэнемся ізноў».

Рэагуючы на пісьмовую просьбу пра камэнтар, у Міністэрстве замежных справаў Польшчы, Свабодзе параілі дачакацца пісьмовага адказу і ня сталі адказваць на пытаньне пра прычыны выезду М. Адамскага зь Менску. Цяпер абавязкі дырэктара выконвае ягоны былы намесьнік, цёзка па прозьвішчы Томаш Адамскі.

У цэнтры — Матэвуш Адамскі, дырэктар Інстытуту Польскага ў Менску разам з жонкай (зьлева)

Матэвуш Адамскі: «Я ніколі не займаўся па падручніках, вывучыў беларускую мову на слых і з чытаньня»

31 студзеня сваю працу ў Беларусі завяршыў пасол Конрад Паўлік. Пра тое, што Конрад Паўлік завяршае дзейнасьць у Беларусі, стала вядома 12 студзеня. Як паведаміў кіраўнік прэс-службы МЗС Польшчы Артур Лёмпарт, рашэньне было прынятае ўжо былым міністрам замежных спраў Вітальдам Вашчыкоўскім на просьбу самога дыплямата. Да прызначэньня новай кандыдатуры абавязкі кіраўніка амбасады выконвае начальнік палітычнага і эканамічнага аддзелу Міхал Хабрас.

Польскі інстытут у Менску — гэта ўстанова з дыпляматычным статусам, якая пачала сваю дзейнасьць у 1994 годзе. Інстытут займаецца папулярызацыяй дасягненьняў польскай культуры, гісторыі і навукі, прэзэнтацыяй і аховай польскай спадчыны, наладжваньнем і разьвіцьцём кантактаў, абменам досьведам і падтрымкай дыялёгу паміж Польшчай і Беларусьсю. Гэта адзін з 25 Польскіх інстытутаў па ўсім сьвеце.