У першым месяцы 2018 году колькасьць звольненых у Беларусі працаўнікоў перавысіла колькасьць прынятых на працу на 2099 чалавек.
Паводле дадзеных Белстату, у студзені на працу было прынята 45 913 чалавек, а звольнена — 48 012.
Такая тэндэнцыя назіраецца ўжо трэці месяц: у лістападзе колькасьць звольненых перавысіла колькасьць працаўладкаваных на 6388 чалавек, у сьнежні — на 4133 чалавек.
Больш за ўсё ў студзені звольнілі і працаўладкавалі ў адных і тых жа сфэрах:
- Апрацоўчая прамысловасьць: звольнілі 8314, працаўладкавалі 8368.
- Сфэра гандлю, рамонту аўтамабіляў і матацыклаў: звольнілі 6693, працаўладкавалі 7640.
- Сельская, лясная і рыбная гаспадарка: звольнілі 5862, працаўладкавалі 6512.
Найменш за ўсё ў студзені звальнялі ў горназдабыўной прамысловасьці — 128 чалавек. Найменшую колькасьць супрацоўнікаў прынялі таксама ў гэтай сфэры — 115 чалавек.
У студзені ў эканоміцы Беларусі было занята 4 мільёны 340,8 тысячы чалавек. Па дадзеных Міністэрства працы, на канец студзеня ўзровень зарэгістраванага беспрацоўя — 0,5% ад колькасьці працоўнай сілы.
Аляксандар Лукашэнка 25 студзеня падпісаў дэкрэт № 1 па садзейнічаньні занятасьці насельніцтва. З 1 студзеня 2019 году беспрацоўныя працаздольныя беларусы будуць аплачваць датаваныя дзяржавай паслугі па іх поўнай цане.