Дэпутатка Анісім змагаецца за чыгуначны прыпынак для сваіх выбарнікаў

Алена Анісім

28 лютага ў Стоўпцах адбылося выязное пасяджэньне з удзелам памочніка прэзыдэнта Беларусі па Менскай вобласьці. Ягонага правядзеньня дамаглася дэпутатка Алена Анісім, якая прадстаўляе ў Палаце прадстаўнікоў Стаўпцоўскую выбарную акругу № 70.

У цэнтры дыскусіі адна праблема — ці трэба будаваць чыгуначны прыпынак каля вёскі Савоні на маршруце электрычкі Менск — Баранавічы. Там знаходзяцца аграгарадок «Горкі», паблізу даволі старажытная вёска Жацерава і вёска Раёўшчына. Бліжэйшы прыпынак знаходзіцца на адлегласьці больш за 4 кілямэтры, дабірацца туды даводзіцца па бездарожжы.

«Гэта надзённая патрэба людзей, якія кожны дзень там працуюць. Тым жа настаўнікам даводзіцца дабірацца ў школу. А аўтобус ходзіць ня кожны дзень», — тлумачыць сытуацыю Свабодзе Алена Анісім, якая сама паходзіць зь вёскі Савоні.

Паводле яе, існуюць дзьве пазыцыі. Мясцовыя ўлады і мясцовыя дэпутаты падтрымліваюць будаўніцтва прыпынку. Супраць выступае Беларуская чыгунка, прадстаўнікі якой цьвердзяць, што гэта праект эканамічна стратны.

Дэпутатка кажа, што памочнік прэзыдэнта і былы міліцэйскі начальнік Ігар Яўсееў публічна ня выказаў свайго стаўленьня да праблемы. Ён толькі агучыў розныя пазыцыі, але ніякіх ацэнак ім не даваў.

«Упершыню будаваць прыпынак зьбіраліся яшчэ ў 1995 годзе. Тады нават сабралі з мясцовых людзей грошы. Ім казалі, што астатнюю частку сродкаў унясе дзяржава. Другі раз паабяцалі збудаваць у 2007 годзе, уключылі ўзьвядзеньне ў інвэстпраграму. І зноў людзей „кінулі“. Крыміналу ў гэтай справе няма. Грошы пералічылі Ўпраўленьню капітальнага будаўніцтва, на іх пабудавалі нешта іншае, але не прыпынак», — канстатуе спадарыня Анісім.

Дэпутатка абураная, што прадстаўнікі Беларускай чыгункі ня хочуць думаць пра жыцьцё людзей.

«Ужо зафіксаваныя некалькі выпадкаў, калі тут цягнікі забілі людзей, якія ішлі па шпалах. А другой дарогі ў іх няма. Як мінімум, двое загіблых. А быў бы прыпынак, такога не здарылася б. Кажуць. што на будаўніцтва патрэбныя бюджэтныя сродкі. А хто ж гэтыя сродкі стварае? Людзі. у тым ліку і якія тут жывуць», — сказала Анісім.