Якія кнігі міністар унутраных спраў Шуневіч набыў на адкрыцьці Менскай кніжнай выставы. ФАТАФАКТ

Ігар Шуневіч на выставе разглядае факсымільнае выданьне Бібліі Скарыны

Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч наведаў XXV Міжнародную кніжную выставу-кірмаш, якая адкрылася 28 лютага ў Менску.

Ён паказаў журналістам, што набыў для дачкі дзіцячую кніжку на расейскай мове Вольгі Ванінай «Наша Беларусь», а для жонкі — кулінарную кнігу Аляксандра Вашчанкі «Беларуская кухня».

Кніга для жонкі

Выданьне грунтуецца на працы беларускага этнографа Нікіфароўскага і прысьвечанае кулінарным традыцыям нашых продкаў. Усе рэцэпты пададзеныя на беларускай, расейскай і ангельскай мовах. Акрамя асноўнай часткі, ёсьць кароткі слоўнік састарэлых словаў, выразаў і кулінарных тэрмінаў.

Кніга, якую Ігар Шуневіч набыў для дачкі

Для сябе міністар, які нарадзіўся ў Луганскай вобласьці ва Ўкраіне, хацеў набыць кнігу на ўкраінскай мове «Князі Олельковичі-Слуцькі», але ў выніку атрымаў яе ў падарунак ад украінскіх выдаўцоў.

Кніга выдадзеная кіеўскім выдавецтвам «Балтыя-Друк» у сэрыі «Эліта», прысьвечанай гісторыі вядомых княскіх родаў. У падрыхтоўцы сэрыі ўдзел бяруць прадстаўнікі Ўкраіны, Літвы, Польшчы і Беларусі. Сярод іх — Алег Дзярновіч і Анастасія Скеп’ян. Кніга стала чацьвёртай у сэрыі, раней у сьвет выйшлі кнігі пра князёў Радзівілаў, Астроскіх і Вішнявецкіх.

У першы дзень кніжнай выставы-кірмашу яе традыцыйна наведваюць дзяржаўныя чыноўнікі.

Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Беларусі Мікалай Чаргінец (зьлева) і Ігар Шуневіч

Начальнік менскага АМАПу Дзьмітры Балаба (у цэнтры) таксама прыйшоў на выставу разам з Шуневічам