Незалежныя аўтары і выдавецтвы ўдзельнічаюць у менскай кніжнай выставе

Ілюстрацыйнае фота. ХХІ Міжнародная кніжная выстава-кірмаш, стэнд ЗША

28 лютага ў Менску пачынае працу XXV міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Падзея будзе доўжыцца да 4 сакавіка, галоўнай экспазыцыйнай пляцоўкай стане комплекс на праспэкце Пераможцаў, 14. Тэмай форуму пазначана «Беларусь — культурная пляцоўка Эўропы».

Удзел у выставе пацьвердзілі больш як тры дзясяткі краінаў. Ганаровым госьцем гэтым разам будзе Сэрбія, цэнтральным экспанэнтам — Казахстан. Стэнд Злучаных Штатаў адкрые часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Робэрт Райлі.

Разнастайным абяцае стаць нацыянальны стэнд Беларусі, дзе цягам усіх дзён будуць ладзіцца сустрэчы зь літаратарамі, прэзэнтацыі кніг, аўтограф-сэсіі.

Упершыню за апошнія гады ў арганізатараў не было прэтэнзій да незалежных аўтараў і выдаўцоў. Свае творы асабіста прэзэнтуюць вядомыя пісьменьнікі і дасьледчыкі — Альгерд Бахарэвіч («Сабакі Эўропы»), Людміла Рублеўская («Пантофля Мнемазіны»), Вінцэсь Мудроў («Помнік літары «Ў»), Андрэй Вашкевіч («Вінцэнт Гадлеўскі: насуперак часу»), Анка Ўпала («На засьнежаны востраў»), Аляксандар Гужалоўскі («Чырвоны аловак. Нарысы па гісторыі цэнзуры ў БССР»), Алесь Белы («Сакатала бочачка. Праўдзівая гісторыя нашых напояў»), Анатоль Трафімчык («Наш Касьцюшка слаўны!») ды іншыя.

Таксама сярод удзельнікаў заяўлены шэраг незалежных выдавецтваў — «Янушкевіч», «Колас», «Логінаў», «Галіяфы», Arche.

У рамках выставы будзе працаваць экспазыцыя «Друкарскі двор XVI стагодзьдзя», дзе наведнікі на ўласныя вочы ўбачаць працэс вытворчасьці паперы паводле старадаўняй тэхналёгіі на прыкладзе рэпрадукцыі старонкі зь Бібліі Францішка Скарыны.