Кіраўнік АНБ ЗША: Расея не заплаціла цалкам за ўмяшаньне ў выбары

Кіраўнік Агенцтва нацыянальнай бясьпекі ЗША адмірал Майкл Роджэрс.

Злучаныя Штаты не зрабілі крокаў для таго, каб Расея заплаціла высокую цану за ўмяшаньне ў амэрыканскі выбарчы працэс, заявіў у аўторак кіраўнік Агенцтва нацыянальнай бясьпекі (АНБ) адмірал Майкл Роджэрс.

Майкл Роджэрс выступаў на слуханьнях у сэнацкім камітэце ў справах Узброеных сіл. Акрамя АНБ, ён узначальвае штаб камандаваньня кібэрвойскамі ЗША. Як заявіў адмірал, ён цалкам выкарыстоўвае наяўныя ў яго рэсурсы для адбіваньня расейскіх кібэратак, але Белы дом не прасіў яго ўдасканаліць гэтыя сродкі і не даў яму ніякіх дадатковых паўнамоцтваў для нанясеньня ўдару ў адказ па расейскіх электронных сетках.

Камэнтуючы выступленьне кіраўніка АНБ, прэс-сакратарка Белага дома Сара Сандэрс заявіла, што «ніхто не адмаўляе Роджэрсу ні ў якіх паўнамоцтвах». Яна нагадала таксама, што расейскія кібэратакі пачаліся пры прэзыдэнту Абаму і што ён мала што зрабіў, каб яны спыніліся.

Напярэдадні NBC News са спасылкай на трох высокапастаўленых прадстаўнікоў амэрыканскай выведкі паведаміла, што спэцслужбы ЗША знайшлі доказы таго, што расейскія хакеры ўзламалі выбарчыя сыстэмы сямі штатаў падчас прэзыдэнцкіх выбараў у 2016 годзе.

NBC: выбаркамы сямі штатаў ЗША былі ахвярамі расейскіх хакераў