Расея паабяцала гуманітарны калідор з Усходняй Гуты, але мірныя жыхары не змаглі пакінуць рэгіён. ВІДЭА

У Сырыі мірныя жыхары Ўсходняй Гуты не змаглі пакінуць рэгіён падчас так званай «гуманітарнай паўзы» ў аўторак. Расея вінаваціць у гэтым тэрарыстаў і мясцовых паўстанцаў, праціўнікаў рэжыму Башара Асада. Паўстанцы ў адказ заяўляюць, што Расея не змагла гарантаваць бясьпеку грамадзянскага насельніцтва.

Аб дрэннай арганізацыі гуманітарнага калідора таксама заяўляюць Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа і Сырыйская група маніторынгу парушэньняў правоў чалавека, перадае Associated Press.

Войскі Асада бамбяць Усходнюю Гуту пры падтрымцы расейскай авіяцыі. У лютым за некалькі дзён у Гуце загінулі сотні мірных жыхароў. Пасьля гэтага Савет Бясьпекі ААН прыняў рэзалюцыю аб 30-дзённым перамір’і ў рэгіёне. Аднак Расея дамаглася таго, каб рэжым спыненьня агню не распаўсюджваўся на праціўнікаў Асада. Праваабаронцы заяўлялі, што гэта можа прывесьці да зрыву перамірʼя. Пазьней стала вядома, што ва Ўсходняй Гуце працягваюцца бамбардзіроўкі.