Зянон Пазьняк выказаўся наконт Маршу нацыяналістаў у Гайнаўцы

Зянон Пазьняк заявіў, што Марш «Выклятых жаўнераў» у Гайнаўцы «шакуе сваім цынізмам і амаральнасьцю». Акцыя польскія нацыяналістаў адбылася ў суботу на Падляшшы. Пра гэта старшыня КХП-БНФ напісаў у артыкуле на сайце партыі.

У шэсьці ў Гайнаўцы прыняло ўдзел каля 200 чалавек. Яны несьлі банэр з выявай Рамуальда Райса «Бурага», якога Інстытут Нацыянальнай Памяці Польшчы абвінавачвае ў злачынстве з прыкметай генацыду. Гаворка пра зьнішчэньне некалькіх беларускіх вёсак на Беласточчыне ў 1946 годзе.

У Гайнаўцы польскія нацыяналісты прайшлі шэсьцем з партрэтам забойцы беларусаў

«Знайшліся людзі, якія за дэвіз паводзінаў узялі зьмест крымінальнага выслоўя — „напляваць на чужое гора“ — і пайшлі ўслаўляць забойцу туды, дзе пахаваныя ахвяры генацыду, дзе ўсе тое памятаюць і жывуць відавочцы падзей», — піша Пазьняк.

Паводле лідэра КХП-БНФ, у дэмакратычнай краіне супраць арганізатараў такога маршу мусіла б быць узбуджана судовая справа. Гонар палякаў, на яго думку, уратавалі сябры арганізацыі «Грамадзяне РП». Пазьняк нагадаў, што яны стварылі відэакліп на беларускай мове і прыехалі ў Гайнаўку падтрымаць пацярпелых людзей. Ён раскрытыкаваў паводзіны польскай паліцыі, якая затрымлівала ўдзельнікаў контрманіфэстацыі.

Польскія нацыяналісты і іх праціўнікі ў Гайнаўцы

«Не ўзьнікае ніякага сумненьня, на чыім баку ўлада (якая, між іншым, магла б проста забараніць марш нянавісьці). І тым ня менш, кроў людзкая — не вада. Тое, што адбылося, мае трывожнае значэньне для ўсіх беларусаў і патрабуе тлумачэньняў з боку польскай улады», — лічыць Пазьняк.

Пазьняк адказаў таксама на галасы ў Польшчы, што нягледзячы на злачынствы, «Буры» змагаўся за Польшчу і павінен за гэта быць ушанаваны.

«Злачынцу судзяць за злачынства. — працягвае Пазьняк. — Ніякія добрыя ўчынкі тут не прымаюцца пад увагу. І Гітлер змагаўся з камунізмам. І таленавіты рэжысёр, што стварыў творы мастацтва, судзімы будзе за тое, што гвалціў малалетак. Ніякія заслугі не пазбаўляюць ад адказнасьці за злачынства перад Законам. Тым больш за злачынствы супраць чалавецтва».

Адзіны шлях, каб пазбавіцца ад злачынства ў нянавісьці супраць чалавецтва — гэта пакаяцца, перакананы палітык. Ён прывёў прыклад нямецкага народу, які назваў адзіным у гісторыі, які гэта зрабіў.

«Краіна была спляжана, разбурана, прыніжана, пасьля вайны справядліва абкладзена калясальнымі рэпарацыямі на цэлыя пакаленьні. І гляньма ўсе, колькі ім Бог за тое шчырае пакаяньне даў».