Украінец, які ў 1999 годзе атрымаў грамадзянства Беларусі і пражываў у Лунінецкім раёне Берасьцейскай вобласьці, на працягу амаль 20 гадоў атрымліваў пэнсійныя выплаты адразу ў трох краінах — Беларусі, Расеі і Ўкраіне. Праваахоўныя органы Ўкраіны чацьвёрты год спрабуюць давесьці факт махлярства.
У крымінальнай справе адзначаецца, што ўкраінец беспадстаўна з 1996 году атрымліваў выплаты на тэрыторыі Ўкраіны, бо з 1995-га яму ўжо была прызначаная і выплочвалася пэнсія на тэрыторыі Расеі, а з 1999-га — на тэрыторыі Беларусі.
Праваахоўныя органы зьвярнулі ўвагу, што ўкраінец сыстэматычна перасякае мяжу на падставе ўкраінскага пашпарта, які быў нібыта згублены. Паводле памежных службаў, гэты грамадзянін і цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Ўкраіны.
У сьнежні 2017 году адно з раённых упраўленьняў Харкаўскай вобласьці Пэнсійнага фонду Ўкраіны зьвярнулася ў суд з пазовам аб кампэнсацыі маёмаснай шкоды ў памеры амаль 188 тысяч грыўняў (прыблізна 7 тысяч даляраў у эквіваленце паводле цяперашняга курсу).
Як вынікае з матэрыялаў справы, украінец мае пэдагагічную адукацыю, бо ў Расеі пэнсійныя выплаты былі яму прызначаныя «за выслугу гадоў як пэдагагічнаму работніку Грайваранскага райсабесу Белгародзкай вобласьці РФ». У той жа час ва Ўкраіне гэты грамадзянін атрымліваў дадаткова да пэнсіі выплаты, якія прызначаюцца паводле нацыянальнага заканадаўства «дзецям вайны», а таксама ў сувязі з інваліднасьцю ў выніку чарнобыльскай катастрофы. Пры гэтым украінец праз суд сыстэматычна дабіваўся пераразьліку дадатковых выплат.
Крымінальная справа была заведзеная ў чэрвені 2014 году паводле часткі 1 артыкулу 190 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — завалоданьне чужою маёмасьцю або набыцьцё права на маёмасьць шляхам падману або злоўжываньня даверам (махлярства). Гэтае злачынства караецца як штрафам у памеры 850 грыўняў (15 даляраў у эквіваленце), так і 240 гадзінамі грамадзкіх работ, выпраўленчай працай на два гады ці абмежаваньнем волі на тэрмін да трох гадоў.