Новыя санкцыі ЗША ў дачыненьні Расеі будуць уведзеныя на працягу месяца

Улады ЗША ўвядуць новы пакет санкцый у дачыненьні Расеі на працягу наступных 30 дзён. Пра гэта ў аўторак заявіў міністар фінансаў ЗША Стывен Мнучын падчас выступу ў Каліфарнійскім унівэрсытэце, паведамляе Bloomberg.

Раней у ходзе слуханьняў у Сэнаце Стывен Мнучын паведаміў, што праца над санкцыямі ідзе і неўзабаве яны стануць рэальнасьцю. На мінулым тыдні аб падрыхтоўцы санкцый у дачыненьні да некаторых расейскіх грамадзян заявіў і дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан. Reuters са спасылкай на крыніцы ў Белым доме паведамляла, што новыя санкцыі ў дачыненьні Расеі ў адказ на меркаванае ўмяшаньне ў выбары амэрыканскага прэзыдэнта рыхтуюцца, а іх прамаруджваньне зьвязана са складанасьцю юрыдычнай працэдуры.

30 студзеня Міністэрства фінансаў ЗША апублікавала «крамлёўскі даклад» — сьпіс набліжаных прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, у дачыненьні якіх могуць быць уведзеныя санкцыі. У сьпіс увайшлі 210 чалавек. У іх ліку ўсе чальцы ўраду Расеі, супрацоўнікі адміністрацыі Пуціна, кіраўнікі дзяржкарпарацый, кіраўнікі праваахоўных ведамстваў і алігархі.

16 лютага спэцпракурор ЗША Робэрт Мюлер прадставіў першыя вынікі расьсьледаваньня. Абвінавачаньні ва ўмяшаньні ў кампанію выбараў амэрыканскага прэзыдэнта прад’яўленыя супрацоўнікам «Агенцтва інтэрнэт-дасьледаваньняў», вядомага як «фабрыка троляў», і асабіста Яўгенію Прыгожыну, якога называюць сябрам Уладзіміра Пуціна. Менавіта яго абвінавачваюць у фінансаваньні праекту «інфармацыйнай вайны» супраць ЗША. Пра Прыгожына апошнія месяцы гавораць ня толькі як пра «сябра Пуціна», але і як пра чалавека, які мае свае інтарэсы ў Сырыі і прамыя сувязі з «ПВК Вагнера».

У 2014 годзе ЗША ўвялі санкцыі супраць Расеі праз анэксію Крыму і ўмяшаньне ў канфлікт на ўсходзе Ўкраіны. Пазьней санкцыйныя сьпісы неаднаразова пашыраліся.