Cуд адмовіў журналісту ў кампэнсацыі маральнай шкоды за абліваньне хімікатамі

Кастусь Жукоўскі каля суду

Гомельскі раённы суд адмовіў журналісту-фрылансэру Кастусю Жукоўскаму ў спагнаньні кампэнсацыі маральнай шкоды з таварыства з абмежаванай адказнасьцю «Добрая хрюшка» і з райаддзелу міліцыі — за тое, што яго аблілі хімікатамі пры спробе высьветліць прычыну падзяжу сьвіней на комплексе ў вёсцы Зялёныя Лукі.

Судзьдзя Вольга Фядосава палічыла неабгрунтаванымі прэтэнзіі журналіста-фрылансэра ды адмовіла ў спагнаньні кампэнсацыі маральнай школы з «Доброй хрюшки» і Гомельскай раённай вэтстанцыі ў памеры 2400 рублёў, а таксама 600 рублёў зь міліцыі за бязьдзейнасьць.

Яшчэ на першым паседжаньні суду намесьнік дырэктара ТАА «Добрая хрюшка» Міхаіл Сталбоў адкінуў патрабаваньні Жукоўскага, заявіўшы, што ніхто з супрацоўнікаў сьвінакомплексу не абпырскваў журналістаў хімікатамі.

Гэта зрабіў, як высьветлілася ў судзе, начальнік раённай вэтстанцыі, галоўны вэтэрынарны лекар Гомельскага раёну Леанід Казлоў. Ён быў выкліканы ў суд у якасьці трэцяй асобы і стаў асноўным адказчыкам па справе замест ТАА «Добрая хрюшка».

У судзе Казлоў сказаў, што «ў зьвязку з эпізаатычнай сытуацыяй» вакол сьвінакомплексу была ўстаноўлена санітарна-ахоўная зона, праводзіліся каранцінныя мерапрыемствы — і ён апрацаваў вопратку грамадзяніна Жукоўскага і яго апаратуру абпырсквальнікам.

«Трапіла на яго раствору, можа, якіх 50 міліграмаў. Гэта ў рамках закону», — тлумачыў Казлоў.

Леанід Казлоў (зьлева) і Міхаіл Сталбоў

Інцыдэнт здарыўся ў жніўні мінулага году ў дарозе да сьвінакомплексу «Добрая хрюшка». Рэшту дня і ноч Жукоўскі правёў у шпіталі.

Андрэй Толчын, які езьдзіў з Жукоўскім у Зялёныя Лукі, не пацярпеў: хімічны раствор трапіў яму толькі на штаны і абутак.

Пад Гомлем незалежных журналістаў абпырскалі хімікатамі

На свае звароты ў міліцыю і пракуратуру наконт нападу і бязьдзеяньня супрацоўнікаў Гомельскага РАУС, якія дзяжурылі каля сьвінакомплексу, Жукоўскі атрымаў адказ: парушэньняў ня выяўлена. З гэтай прычыны прадстаўніца УУС Гомельскага аблвыканкаму Валянціна Радзівонава таксама прасіла суд адмовіць Жукоўскаму ў выплаце кампэнсацыі.

Праверкай інцыдэнту займаўся ўчастковы інспэктар Уладзімер Цімохаўцаў. Паводле яго, начальнік вэтстанцыі Казлоў не хуліганіў, а праводзіў «каранцінныя мерапрыемствы», займаўся «лякалізацыяй распаўсюду вірусу сьвіной чумы з каранціннай зоны». Абпырскаў журналістаў за пяцьдзясят мэтраў перад шлягбаўмам, бо яны на заўвагі супрацоўнікаў міліцыі не рэагавалі і ня бралі ўдзелу ў «ліквідацыі ачага захворваньня». Прычым, як сказана ў пастанове ўчастковага на спыненьне адміністрацыйнай справы супраць начальніка вэтстанцыі Казлова, журналістам ён толькі «абпырскаў абутак прэпаратам «Мікрацыд».

Інтарэсы Жукоўскага ў судзе прадстаўляў па даверанасьці юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Леанід Судаленка. Ён зьвярнуў увагу, што ў судзе начальнік вэтстанцыі Казлоў заявіў, што абпырскаў Жукоўскага хімічным растворам адпаведна з пастановай Саўміну № 758.

«Вінаватым Казлоў выставіў урад, а сябе — дбайным выканаўцам. Але ж у згаданай пастанове Саўмін не абавязвае абпырскваць журналістаў хімікатамі, а наадварот, патрабуе выкарыстоўваць „усе даступныя сродкі масавай інфармацыі ў пытаньнях барацьбы з афрыканскай чумой сьвіней ды іншымі небясьпечнымі захворваньнямі жывёл“», — кажа юрыст Судаленка.

Рашэньне суду Гомельскага раёну Кастусь Жукоўскі наважаны абскардзіць у вышэйшай судовай інстанцыі.