Беларуская фэдэрацыя біятлёну адмовілася скарачаць або скасоўваць для былой беларускай біятляністкі Дар’і Блашко 2-гадовы карантын, які аўтаматычна накладаецца на спартоўца пры зьмене грамадзянства, піша «Эўрарадыё».
Тэрмін карантыну 22-гадовай Блашко будзе адлічвацца з моманту апошняга старту спартоўкі на міжнародных спаборніцтвах — сакавік 2017 году. Выступаць на міжнароднай арэне пад украінскім сьцягам Дар’я Блашко зможа з сакавіка 2019 году.
«Нічога страшнага ў гэтай сытуацыі я ня бачу. Пра іншае рашэньне беларускай фэдэрацыі мы і ня марылі», — сказала Блашко «Эўрарадыё».
Летам 2017 году стала вядома, што двухразовая чэмпіёнка сьвету сярод юніёрак зьбіраецца перайсьці ў зборную Ўкраіны. У верасьні 2017 году прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка надаў Блашко ўкраінскае грамадзянства.
Біятляністка і яе трэнэр не змаглі дамовіцца з новым штабам зборнай Беларусі пра мадэлі і ўмовы падрыхтоўкі. Па правілах Міжнароднага саюзу біятляністаў пры пераходзе пад іншы сьцяг спартовец мусіць вытрымаць двухгадовы карантын, перш чым атрымаць права выступаць за новую краіну.