Падарожжа ў БНР (7). БНР шле тэлеграму кайзэру і мяняе касу з граблямі на «Пагоню»

Язэп Драздовіч, «Пагоня»

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Прага прызнаньня

Найбольш стараньняў у справе прызнаньня незалежнасьці Беларусі прыкладаў беларускі дыпляматычны авангард — высланая адразу пасьля 25 сакавіка ў Кіеў Дэлегацыя Народнага Сакратарыяту ў справе перамоваў. Яе ўзначаліў дасьведчаны юрыст Аляксандар Цьвікевіч. Найбольш абяцальна выглядала справа прызнаньня Ўкраінай, але і там ніхто асабліва не сьпяшаўся з рашэньнямі: галоўнай праблемай заставалася беларуска-ўкраінская мяжа.

Паралельна вяліся перамовы зь нямецкімі дыпляматамі ў Кіеве. Ім 25 красавіка быў пададзены мэмарыял, аўтары якога хадайнічалі аб прызнаньні Беларусі і яе ўлады, прасілі падтрымкі ў адваяваньні ўсходняй Беларусі ад бальшавікоў, а таксама выказвалі настойлівае жаданьне захаваць Беларусь у яе натуральных межах. Асаблівы ўпор рабіўся на Вільню, бо «гэты горад цяпер — гэта разумовы цэнтар Беларусі, які найбольш жыва ўсьведамляе ідэю беларускай дзяржаўнай самастойнасьці».

У такім кантэксьце ўзьнікла тэлеграма Рады БНР нямецкаму кайзэру Вільгельму. Гэта быў першы сур’ёзны вынік «паправеньня» Рады пасьля далучэньня да яе Скірмунта і яго паплечнікаў. Тэлеграма выклікала першы раскол у лягеры беларускіх незалежнікаў.

У пошуках нямецкай падтрымкі

Тэлеграма кайзэру выглядала так:

«Рада Беларускае Народнае Рэспублікі, як выбраная прадстаўніца Беларускага Народу, зварачаецца да Вашай Імпэратарскай Вялікасьці з словамі глыбокае падзякі за вызваленьне Беларусі нямецкімі войскамі з цяжкага ўціску, чужога пануючага зьдзеку і анархіі. Рада Беларускае Народнае Рэспублікі дэкляравала незалежнасьць цэлае і непадзельнае Беларусі і просіць Вашую Імпэратарскую Вялікасьць аб абароне у яе кіраваньнях дзеля ўмацаваньня дзяржаўнае незалежнасьці і непадзельнасьці краю у сувязі з Германскай Імпэрыяй.

Толькі пад абаронай Германскай Імпэрыі бачыць край Сваю добрую долю у будучыні.

Прэзыдэнт Рады — Іван Серада
Прэзыдэнт Сакратарыяту — Язэп Варонка
Сябры Рады — Раман фон-Скірмунт, Антон Аўсянік, Паўлюк Аляксюк, Пётра Крачэўскі, Язэп Лёсік».

Тэкст тэлеграмы быў прыняты 31 голасам супраць 4.

Старшыня Язэп Варонка заморваецца і расхіствае здароўе

Пра закулісьсе тэлеграмы расказвае Язэп Варонка ў лісьце Антону Луцкевічу:

«Справа гэта нарабіла тутака многа шуму. Голас грамадзянства разьдзяліўся на дзьве часткі: адны хваляць, другія называюць нас здрайцамі, нямецкімі падданымі. Што зрабіць. Чы ж усім дагадзіць. Чы разумеюць яны нашу боль, нашыя мэты... Чакаю Вас. Не дачакаўся да тэлеграмы. Бяз Вас я многа чаго ня знаю, як рабіць. Адзін я тут, замарыўся. Але ўсё ж такі Скірмунту, Алексюку і Гадлеўскаму — ня веру... Тэкст тэлеграмы мой, Скірмунт даў саўсім другі, яго мы адкінулі...»

Праз пару тыдняў першы старшыня Народнага Сакратарыяту Язэп Варонка папросіцца ў месячны адпачынак «дзеля папраўленьня расхістанага бесьперапыннай гадавой працай здароўя».

Ці дойдзе да кайзэра тая тэлеграма...

Ініцыятарамі дасланьня тэлеграмы кайзэру па ўсёй верагоднасьці былі браты Луцкевічы. Намаўляючы беларускіх правых далучыцца да Рады Рэспублікі, Антон Луцкевіч сярод іншага тлумачыў:

«Мы, седзячы in medias res нямецкай палітыкі, ведаем аб кожным кроку нямецкай дыпляматыі. Нам — збоку — найлепей відаць, якімі дарогамі йдзе нямецкая ўласьць. Яна ніколі ня пойдзе на рэч няпэўную. І толькі на грунце злучэньня ўсіх беларускіх сіл можна ёй даць тую пэўнасьць, якой яна жадае».

Вось жа, за першым крокам — злучэньнем беларускіх сілаў — ішоў другі. Засьведчыўшы немцам «пэўнасьць», беларусы паведамілі пра сваю геапалітычную арыентацыю і згадалі пра сваю незалежнасьць «у сувязі з германскай Імпэрыяй».

Аднак разьлік беларускіх палітыкаў не спраўдзіўся. Справе прызнаньня тэлеграма нічым не дапамагла — хутчэй за ўсё нямецкі кайзэр ніколі яе й не пабачыў. Затое беларускія дзеячы перасварыліся паміж сабою, а сама тэлеграма на працягу стагодзьдзя была ўлюбёным тэкстам савецкіх прапагандыстаў, якія цытавалі яе налева і направа як яскравае сьведчаньне «буржуазнасьці», «прадажнасьці», «русафобіі» стваральнікаў БНР.

Менская дума перадумвае

Не зразумелі новага курсу Рады БНР і ў Менскай гарадзкой думе, якая з часоў Першай Устаўной Граматы была збольшага прыхільная Беларускай Рэспубліцы і нават была асыгнавала грошы на дзейнасьць новай улады.

Цяпер жа Дума палічыла, што «абвяшчэньне Беларусі адарванай ад Расеі і незалежнай Народнай Рэспублікай і далейшыя пастановы, прынятыя Радай у тым самым кірунку, адхіляюць арыентацыю і палітычную лінію Рады ад той, якая намечаная ўсёй дэмакратыяй нашага краю, у тым ліку і першым Усебеларускім Зьездам». Дума адклікала з Рады БНР усіх сваіх прадстаўнікоў і спыніла далейшую выплату асыгнаваных Радзе сродкаў.

УНР запісвае беларусаў ва ўкраінцы

28 красавіка 1918 году Беларуская нацыянальная рада ў Адэсе прыняла рэзалюцыю з катэгарычным пратэстам супраць таго, што Ўкраінская Цэнтральная Рада законам 2 сьнежня 1917 году прызнала за некаторымі народнасьцямі нацыянальна-пэрсанальную аўтаномію, але беларусы ў сьпіс тых народнасьцяў ня трапілі, хоць на тэрыторыі Ўкраіны, паводле аўтараў рэзалюцыі, беларусаў налічвалася каля мільёну. Сьпіс той, што праўда, быў кароткі — габрэі, палякі і велікаросы, але пытаньне ў тым, ці ўкраінскія палітыкі наагул лічылі беларусамі тых беларусаў, што жылі на тэрыторыі УНР ад Берасьця да Гомля.

Адна БНР, чатыры Беларусі

Яшчэ крыху палітычнай геаграфіі. Апрача Беларусі БНРаўскай (пад нямецкай акупацыяй зь лютага 1918-га), Беларусі падбальшавіцкай (за дэмаркацыйнай лініяй, на якой спыніўся нямецкі наступ), Беларусі падукраінскай (паветы, што адышлі да УНР паводле Берасьцейскага міру), была яшчэ Беларусь «заакопная» — у зоне «старой» нямецкай акупацыі 1915 году. Кіраваньне гэтай часткай Беларусі ажыцьцяўлялася зь Беластоку, далейшы палітычны лёс гэтых земляў заставаўся няясны.

Пра беларускі рух і падзеі ў Менску тамтэйшае насельніцтва даведалася з прамовы генэрала фон Гофмана ў Берасьці, а пасьля чытала ў «заакопных» газэтах — «Гомане», «Русском вестнике», «Dzienniku Wileńskim». Пра гэта Народнаму Сакратарыяту расказаў неназваны «хадок з Наваградку».

Так званая «​РФСР»​

У красавіку беларускія палітыкі яшчэ вагаюцца з прызнаньнем новых палітычных рэаліяў і называюць тое, што ўтварылася на ўсход ад дэмаркацыйнай лініі, «так званай „Расейскай Фэдэратыўнай Савецкай Рэспублікай“».

Заля выбухае нястрымным рогатам

Рада БНР засядае 1 траўня. Прадстаўнік польскіх сацыялістаў Аляксандар Прыстар выступае ў пытаньні рэканструкцыі і выбараў Прэзыдыюму. Пасьля сканчэньня выступу Прыстара, які гаворыць толькі па-польску, устае Палута Бадунова і просіць перакласьці ягоную прамову на беларускую мову. Старшыня паседжаньня задавальняе гэтую просьбу.

Празь нейкі час выступае сама Бадунова, якая гаворыць толькі па-расейску. Пасьля яе выступу радны Макар Косьцевіч просіць перакласьці яе прамову па-беларуску. Заля выбухае нястрымным рогатам. Фракцыя беларускіх эсэраў — пяць чалавек улучна са «злополучной ораторшей», як пісалі газэты — узьнімаюць шум і пратэст.

Рэвалюцыянэр Тамаш Грыб абураецца

Тэлеграма нямецкаму кайзэру паспрыяла разьвіцьцю беларускага палітычнага плюралізму. Наскрозь левая ад сваіх пачаткаў БНР пачала набываць іншыя колеры і выразна паправела. А левы флянг пакрыўдзіўся і абурыўся. Тамаш Грыб, народны сакратар земляробства, «як удзельнік Вялікай расейскай рэвалюцыі» назваў учынак паплечнікаў здрадай ідэі рэвалюцыйнага сацыялізму.

«Не пад апекай буржуазіі, не пад абцасам нямецкага жаўнера я бачу лепшую будучыню нашай зруйнаванай і зьнішчанай старонкі і забітага абкрадзенага люду», — піша ён у заяве аб выхадзе з Народнага Сакратарыяту.

Дзеці Грамады

Скандал вакол тэлеграмы кайзэру прывёў да расколу найстарэйшай беларускай палітычнай партыі — Беларускай сацыялістычнай грамады, створанай яшчэ ў 1902 годзе.

На руінах БСГ за лета 1918-га сфармаваліся тры новыя партыі — леванародніцкая Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў (сярод лідэраў — Бадунова, Грыб, Мамонька, Заяц) з апорай на сялянства, цэнтрысцкая Беларуская партыя сацыялістаў-фэдэралістаў (Крачэўскі, Захарка, Варонка, Езавітаў), якая разьлічвала на падтрымку заможнага сялянства, інтэлігенцыі і службоўцаў, і найменш левая ды найбольш інтэлектуальная Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (браты Луцкевічы, Лёсік, Смоліч, Тарашкевіч).

Пагоня. Не спыніць, не стрымаць

«Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі, разглядзеўшы даклад Старшыні І. Я. Варонкі аб устанаўленьні дзяржаўнай пячаткі Рэспублікі, аднагалосна прыняў прапанову дакладчыка і зацьвердзіў малюнак пячаткі беларуска-літоўскага князя Міндоўга пачатку ХІІІ стагодзьдзя. У цэнтры пячаткі зьмешчаны малюнак „Пагоня“ ў выпуклым і квадратным арнамэнце з старажытнабеларускім узорам па баках. Гунька на кані з трыма зубцамі, у адрозьненьне ад круглай; па кругу надпіс у стылі летапісаў: „Беларуская Народная Рэспубліка“...»

Гэтым скончылася эпоха БНР з касою і граблямі.

Чырвона-зялёны сьцяг. Літоўскі

Са сьцягам узьніклі складанасьці:

«Вялікія ўскладненьні ў гэтым пытаньні ўзьніклі ў сувязі з тым, што літоўцы, якія сапраўды ня мелі ніякай нацыянальна-палітычнай эмблемы ў выглядзе сьцяга, запазычылі некаторыя эмблемы ў беларусаў. Як вядома, тэрмін „Літоўская Русь“ ужываўся ў тэрытарыяльным разуменьні і ніколі не існавала тэрміну „Руская Літва“; разам зь няправільным вытлумачэньнем першага тэрміну літоўцы і прэтэндуюць на правы пераважнай (і пераважнай здаўна) большасьці (нацыянальнай і культурнай) — беларусаў».

Жоўта-зялёна-чырвоны літоўскі трыкалёр быў прыняты Тарыбай у якасьці дзяржаўнага сьцяга толькі 25 красавіка 1918 году. Цэлы год перад тым існаваў варыянт прапанаваны мастаком Жмуйдзінавічусам — чырвона-зялёны...

Памыі на Варонку

Запіска невядомай асобы Язэпу Варонку. Дата і абставіны невядомыя: «Дзядзька Язэп. Гатоўцеся на Вас будуць выліваць памыі».

Гэтаму даюць, гэтаму не даюць

Антон Луцкевіч, адукаваны эўрапейскі інтэлектуал, мякка кажучы, вельмі не любіў Вацлава Ластоўскага, таленавітага і амбітнага самавука, які змагаўся зь ім за лідэрства на палітычным і грамадзка-культурным полі. (Блізкая сяброўка сям’і Луцкевічаў Юліяна Вітан-Дубейкаўская ўспамінала, што ў Ластоўскага «была хвараблівая амбіцыя, ён ня мог прымірыцца, чаму ня ён, а браты Луцкевічы, асабліва Іван, іграюць першую скрыпку сярод беларусаў».)

Пад канец красавіка абодва беларускія антыподы зьбіраліся наведаць Менск, аднак Ластоўскаму немцы далі на гэта дазвол, а Луцкевічу — не, і той піша менскім палітыкам: «Папярэджваю, што пан Ластоўскі ані ад Рады, ані ад Беларускага камітэту, ані ад якой-колечы іншай агульнабеларускай установы ніякага паўнамочча ў Менск ня мае».

Менскія прынялі інфармацыю да ведама, але не да дзеяньня — Ластоўскага яны прынялі, ён гасьцяваў у іх ад 4 да 8 траўня. А на разьвітаньне прызналі яго «паўнамоцтвы» — перадалі зь ім для Луцкевіча пакет з важнымі матэрыяламі.

Папярэднія публікацыі