«Нармалізацыя» маршрутак: частка перапыніла працу, іншыя езьдзяць «да першай канфіскацыі»

26 лютага ўступіў у сілу прэзыдэнцкі дэкрэт № 7 «Аб разьвіцьці прадпрымальніцтва», які разам з абноўленым законам «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» можа цалкам зьмяніць сытуацыю на рынку міжгародніх маршрутак. Некаторыя кампаніі па перавозцы пасажыраў на маршрутных таксі ад сёньня прыпынілі працу.

Паводле новага закону дзейнасьць прыватных міжгародніх маршрутак аднесена да «рэгулярных пасажырскіх перавозак». Раней яны, як і таксісты, лічыліся нерэгулярнымі перавозчыкамі.

Цяпер перавозчыкі мусяць:

  • заключыць дамовы на ажыцьцяўленьне рэгулярных перавозак зь «Менаблпасажыртрансам» (або з адпаведнымі структурамі ў іншых абласьцях) — перайсьці да адзінага апэратара «Менаблаўтатранс»;
  • забіраць пасажыраў толькі ва ўстаноўленых месцах (на вакзалах);
  • езьдзіць па вызначаным маршруце;
  • спыняцца толькі на канкрэтных прыпынках;
  • распрацаваць расклад, інтэрвалы руху транспартных сродкаў;
  • вызначыць колькасьць рэйсаў па маршруце;
  • плаціць за паслугі апэратару аўтамабільных перавозак і аўтавакзалу.

Перавозчыкам, якія ня выканаюць гэтых патрабаваньняў, пагражаюць санкцыі, кажуць у Мінтрансе.

Ці прывядуць новыя правілы да каляпсу міжгародніх перавозак

Кіроўцы прыватных міжгародніх маршрутак б’юць трывогу, што могуць застацца бяз працы праз новыя патрабаваньні. Дзяржава супакойвае: пра зьмены было вядома даўно, а тыя, хто цяпер абураецца, нічога не зрабілі, каб унармаваць «незаконную дзейнасьць».

Маршруткі зь Менску на Наваполацк перасталі езьдзіць

Як даведалася Свабода, 26 лютага поўнасьцю спынілася перавозка пасажыраў на ліні Наваполацак — Менск. Машыны «Полацкага экспрэсу», «Заходняй губэрні Полацак» і «Новага павароту» ня выйшлі ў рэйсы.

Дырэктар «Заходняй губэрні Полацак» Уладзімер Вайткевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што пакуль невядома, на які тэрмін прыпыненыя перавозкі.

«Пакуль што ўсе стаім, — кажа Уладзімер Вайткевіч. — Увесь прыватны бізнэс хочуць загнаць у стойла — пад аўтавакзалы. Усіх хочуць вярнуць у Савецкі Саюз, каб пасажыры прыходзілі на аўтавакзал і толькі адтуль адпраўляліся».

Перавозчыкам прапанавалі заключыць дамовы з аўтавакзаламі, папрацаваць тры месяцы, а потым аўтавакзалы правядуць конкурсы і адбяруць лепшых.

Хто больш „забашляе“, той атрымае маршруты

«Як у нас праводзяцца конкурсы — вядома. Хто больш „забашляе“, той атрымае маршруты, — сказаў кіраўнік „Заходняй губэрні Полацак“. — Мэта гэтых конкурсаў у тым, каб пакінуць больш буйных перавозчыкаў, а індывідуальных перавозчыкаў, якія маюць адну-дзьве машыны, выкінуць за борт. Праца пад аўтавакзалам выключае асабістыя стасункі паміж дыспэтчарам, перавозчыкам і пасажырам. Усё будзе падпарадкавана жалезабэтоннаму раскладу, і трэба ехаць, нягледзячы на тое, ёсьць пасажыры ці няма. Да таго ж давядзецца паўтара-два месяцы чакаць, пакуль аўтавакзал разьлічыцца».

Таксама перавозчыкі шакаваныя памерам санкцый за парушэньне новых правілаў — а гэта штрафы да 500 базавых велічынь і канфіскацыя транспартнага сродку.

«З закону вынікае, што прыватная дыспэтчарская служба ня можа выступаць заказчыкам перавозкі пасажыраў. Цяпер заказчыкамі могуць быць толькі апэратары перавозак, прызначаныя абласнымі транспартнымі ўпраўленьнямі. А гэта аўтавакзалы. То бок замовіць перавозку можа толькі аўтавакзал. А калі мы сабралі пасажыраў — гэта парушэньне, і яно будзе карацца».

Паводле Ўладзімера Вайткевіча, толькі ў іхнай кампаніі ў выніку новых правілаў бяз працы застануцца 10 дыспэтчараў прыватнай дыспэтчарскай службы, якая дзейнічала 15 гадоў.

Такі ж лёс напаткае і пэрсанал станцыі тэхабслугоўваньня, і ўрэшце — кіроўцаў.

Перавозчыкі кажуць, што падчас распрацоўкі паправак у закон былі абмеркаваньні, накіроўваліся прапановы.

«Мы ўзялі тайм-аўт, каб зразумець, як працаваць далей»

Кіраўнік «Полацкага экспрэсу» Дзьмітры Навіцкі кажа, што «адбываецца манапалізацыя рынку пасажырскіх перавозак».

«Мы плацім падаткі, у нас ёсьць ліцэнзія, нашы аўтобусы праходзяць тэхагляд, ёсьць перадрэйсавы кантроль. Таму мы баімся не кантролю, а манапалізацыі», — кажа Навіцкі Свабодзе.

Кіраўнік «Новага павароту» Вячаслаў Булах у размове з карэспандэнтам Свабоды адзначыў, што прынятыя папраўкі ў закон «сырыя».

«Пачакаем, паглядзім на рэакцыю ўладаў. Гэта не пратэст, але проста ня хочам заплаціць штраф нават невядома за што. Закон прыняты, але ён сыры. Прэзыдэнт прыняў свой дэкрэт, а ўрад прыняў свой закон. У дэкрэце павінна быць паслабленьне бізнэсу, а тут аказваецца — у законе яшчэ больш складанасьцяў».

«Магчыма, што заўтра мы будзем прыпыняцца»

На Меншчыне некаторыя маршруткі прыпынілі працу 26 лютага, а некаторыя зьбіраюцца зрабіць гэта з 27 лютага.

У Менскай вобласьці прыпыніла перавозкі пасажыраў кампанія «Фаварыт 999». Яна працавала на лініі Менск — Слуцак. Усе тэлефоны дыспэтчарскай не адказваюць.

«У сувязі з уступленьнем у сілу зьменаў, унесеных у закон Рэспублікі Беларусь № 278-З „Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках“, мы вымушаныя прыпыніць дзейнасьць. Вельмі спадзяёмся, што хутка ўсё стане на свае месцы. Прыносім свае выбачэньні», — паведамляе аўтаадказьнік.

На гэтым кірунку, аднак, працуе кампанія «Экспрэс 777». Яе дырэктар Алег Фамін патлумачыў карэспандэнту Свабоды, чаму, у адрозьненьне ад іншых кампаній, «Экспрэс 777» працягвае працу.

«Працаваць трэба, а як жыць далей, патлумачце?» — адказвае ён пытаньнем на пытаньне.

Маршруткі на лініі Салігорск — Менск сёньня працавалі, аднак верагодна, што яны вымушаныя будуць прыпыніць перавозкі з 27 лютага. Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў прадстаўнік кампаніі «Экспрэс-сталіца» Аляксандар.

«Мы вырашылі перавезьці сёньня людзей. Але магчыма, што заўтра мы будзем прыпыняцца. Што нас не задавальняе? Ясна, што такога камфорту для пасажыраў ня будзе, калі мы пойдзем на вакзалы. Да таго ж падымецца сабекошт перавозкі. Таксама нас не задавальняюць арганізацыйныя моманты. Бо вельмі складана ўсё перафарматаваць, гэта праца не аднаго дня», — кажа ён.

Прыватны перавозчык кажа, што яшчэ не зьвяртаўся ў выканкамы, але перакананы: дзяржава мусіла б «больш ляяльна паставіцца» да іх. «Магчыма, з заездам на вакзал, але камфорт у людзей не адбіраць».

«Зьнялі ўсю сымболіку з назвамі фірмаў — ды выйшлі на працу»

Найбольш папулярныя маршруты на Берасьцейшчыне: Пінск — Менск — Пінск, Пінск — Гародня — Пінск, а таксама так званыя шоп-туры ў Польшчу зь Берасьця.

Адна з найбуйнейшых фірмаў з Пінску — «Маршрутка» — працягвае працу, нягледзячы на новаўвядзеньні.

«Пакуль што мы працуем, ніякіх істотных зьменаў няма. У тым жа рэжыме перавозім пасажыраў згодна з графікам. З боку адміністрацыі не агучваецца, што чакаюцца зьмены», — сказалі там.

Зусім іначай выглядае сытуацыя для шматлікіх іншых перавозчыкаў. Гэтак, практычна ўсе прыватныя фірмы, якія перавозяць пасажыраў на далёкія адлегласьці — зь Пінску ў Менск, Віцебск, Гомель — вымушаныя былі прыпыніць дзейнасьць. Іншыя прыстасоўваюцца да новых умоваў.

Заміж прыватнай маршруткі зь Пінску ў Менск пусьцілі дзяржаўны аўтобус зь няспраўнай сыстэмай абагрэву

«Сёньня найбольш запатрабаваныя рэйсы нашай фірмы выйшлі як нерэгулярныя. Гэта значыць, што ўся сымболіка з назвамі фірмаў з аўтобусаў была зьнятая, — сказалі Свабодзе ў адной зь пінскіх фірмаў, якая мае маршруты ў Мазыр, Баранавічы. — А замест жоўтых нумароў паставілі звычайныя. Мы жадаем працаваць як рэгулярныя рэйсы, але нам ня могуць даць нават часовы дазвол. Ужо каторы дзень вядзем перамовы з абл- і гартрансам. Пакуль што вынікаў і дыялёгу няма».

Падобным чынам выглядае сытуацыя і зь перавозкамі празь мяжу ў Польшчу. Толькі адзінкавыя прыватнікі працягваюць працаваць на сваю рызыку. Большасьць прыпынілі сваю дзейнасьць.

У якім стане сёньня аўтапаркі нашай краіны? Там хіба будзе бясьпечна?

«Ніхто ня думае пра людзей, сядзяць у кабінэтах, прыдумляюць нейкую лухту, — кажа берасьцеец Сяргей, уласьнік фірмы, якая прапаноўвае шоп-туры ў Бяла-Падляску. — Падрываюць эканоміку. Бо ўявіце, колькі ў адзін момант засталося бяз працы людзей. Яны ж і падаткі плацяць. Прычым нагодай для новаўвядзеньня стала нібыта бясьпека для пасажыраў. Але ў якім стане сёньня аўтапаркі нашай краіны? Там хіба будзе бясьпечна?»

У Горадні працуюць «на свой страх і рызыку»

Нягледзячы на новыя правілы, у Горадні перавозчыкі працягваюць працаваць, нічога не зьмяняючы — спадзяюцца, што зьмены ў закон усё ж скасуюць.

У пяці гарадзенскіх фірмах, маршруткі якіх зьвязваюць абласны цэнтар з раённымі ды Менскам, уласьнікі абураныя новаўвядзеньнямі, але пакуль усе працуюць па-ранейшаму, хоць новаўвядзеньні ўжо ўступілі ў сілу.

Горадзенскі аўтапарк

Намесьнік дырэктара кампаніі «Заходні Экспрэс» Натальля Палянская сказала «Свабодзе», што з увядзеньнем новых правілаў пасажырскіх перавозак, калі кіроўцы ня змогуць прадаваць білеты па сваіх касавых апаратах, а вымушаныя будуць працаваць праз заказчыка, заключаць дамовы з апэратарам, дадаткова плаціць за тэрмінал аўтавакзала, то наўрад ці тады давядзецца казаць пра рэнтабэльнасьць іх бізнэсу.

«Мы падлічылі, што пры такіх затратах білет з Горадні да Менску будзе каштаваць як мінімум 21 рубель, пры тым, што цяпер — 12 рублёў».

Паводле Палянскай, у гэтыя халодныя зімовыя дні пасажыры тэлефануюць і просяць, каб не адмянялі маршрутак, бо дабірацца ў межах нават Горадзенскай вобласьці вельмі складана.

«А ўявіце сабе, калі ня стане маршрутаў са сталіцы да Наваградку, Ваўкавыску, Карэлічаў, Іўя, іншых райцэнтраў? Як там людзі будуць дабірацца? Усё ж павінна гэтая манаполія неяк спыніцца. Мы рэальна бачым, што могуць ня даць працаваць. Мы вырашылі для сябе, што будзем езьдзіць да першага канфіскаванага аўтобуса, а потым перавозім машыны ў Расею і будзем працаваць там», — патлумачыла Натальля Палянская.

Паводле кіроўцы маршруткі «Горадня — Ліда — Горадня» Паўла, усё «даволі проста»: дзяржава хоча падмяць пад сябе тое, што яшчэ дыхае і працуе.

Чаму вакзалы ня хочуць канкураваць з намі сумленна?

«У нас машыны новенькія і чыстыя, у іх цёпла. Людзям такоеабыходжаньне падабаецца. Ну чаму вакзалы ня хочуць канкураваць з намі сумленна? Мы ж таксама плацім падаткі, даём людзям білеты, аплачваем іх страхоўкі. І яны выбіраюць нашы паслугі», — кажа спадар Павал.

Кіроўца дадае, што нядаўна яны ўдзельнічалі ў агульнаабласным сэмінары, дзе задавалі пытаньні супрацоўнікам ДАІ, транспартнай інспэкцыі, работнікам падатковай інспэкцыі — ці маюць гэтыя структуры да іх прэтэнзіі?

«Усе адказвалі, што прэтэнзій ня маюць. Наадварот, прыватна казалі, што карыстацца маршруткамі вельмі зручна», — кажа кіроўца.


«Перавозчыкі і раней не зусім правільна працавалі​»

«Нерэгулярнымі перавозкамі цяпер застаюцца толькі падвоз да працы па дамовах зь юрасобамі, турыстычныя паездкі. А ўсе астатнія павінны выконвацца як рэгулярныя. Пра гэта перавозчыкам даўно паведамілі. І ўсім, хто езьдзіў без дазволаў і рэгулярных маршрутаў, неабходна было зьвярнуцца ў выканкам ці да апэратараў перавозак і атрымаць дазвол на маршрут, заключыць дамовы з апэратарамі», — тлумачыў Свабодзе начальнік упраўленьня кантролю аўтамабільнага транспарту Транспартнай інспэкцыі Іван Алісейка.

Паводле Алісейкі, той, хто не заключыў дамову, сёньня «незаконна выконвае такія перавозкі».

«Перавозчыкі і раней не зусім правільна працавалі. Пасажыраў перавозілі без дамоваў, грошы за праезд бралі наяўнымі недзе ў сярэдзіне дарогі, каб чалавек ня мог нікуды дзецца з гэтай машыны. Камандзіровачныя не маглі атрымаць білет для справаздачы. Цяпер гэта павінна павярнуцца ў законнае рэчышча. Аднак нямногія, адзінкі, пайшлі і атрымалі маршруты. А тыя, хто цяпер абураецца, нічога не рабілі, і цяпер у іх праблемы. Бо па факце гэта незаконная дзейнасьць», — сказаў Іван Алісейка.