Выбарчая камісія ў Гомлі назвала паклёпам скаргі назіральнікаў

Ілюстрацыйнае фота. Галасаваньне на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў

«Скарга мае заказны паклёпніцкі характар», — старшыня камісіі адрэагаваў на заяву незалежных назіральнікаў.

Старшыня ўчастковай выбарчай камісіі № 10 Савецкага раёну Гомля Аляксандар Ксяндзоў адказаў на заявы давераных асобаў апазыцыйнага кандыдата ў дэпутаты гарадзкога і абласнога саветаў, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Новікава пра парушэньне выбарчага заканадаўства.

Алег Левянец і Сяргей Касабуцкі бесьперапынна назіралі на 10-м участку за галасаваньнем. Яны напісалі некалькі скаргаў, дзьве зь іх пад заканчэньне падліку галасоў, калі сябры выбарчай камісіі моўчкі перабіралі бюлетэні выбарнікаў, а за назіральнікамі цікаваў прысутны ў залі міліцыянт.

«Ваша скарга мае заведама заказны паклёпніцкі характар з мэтай зганьбіць і паставіць пад сумнеў вынікі выбараў на ўчастку для галасаваньня № 10 Савецкага раёну г. Гомля», — напісаў у пісьмовым адказе Левянцу кіраўнік участковай выбарчай камісіі Ксяндзоў.

Пры гэтым ён дадаў: на падставе сьведчаньня шасьці іншых назіральнікаў устаноўлена, што «скарга падрыхтавана загадзя, да падліку галасоў на выбарчым участку для галасаваньня № 10».

Яўку выбарнікаў на ўчастак камісія завысіла ў два зь лішнім разы.

«Не было сэнсу чакаць заканчэньня падліку галасоў, калі камісія зь першых хвілін праігнаравала артыкул 55 Выбарчага кодэксу. Усё рабілася моўчкі вакол стала з высыпанымі бюлетэнямі. І яўку выбарнікаў на ўчастак камісія завысіла ў два зь лішнім разы. У прававой дзяржаве старшыня камісіі не пра паклёп незалежных назіральнікаў разважаў бы, а спаўна адказваў бы перад законам», — кажа Алег Левянец.

Участак № 10 разьмяшчаўся ў клюбе заводу пускавых рухавікоў, а выбарчую камісію ачольваў ягоны дырэктар Аляксандар Ксяндзоў.

«Калі мы з Касабуцкім як давераныя асобы кандыдата Новікава прыйшлі рэгістравацца на ўчастак, Ксяндзоў распарадзіўся забраць нашы пасьведчаньні. Такое, бачыце, веданьне выбарчага заканадаўства. Спрачаліся, ледзьве вярнулі пасьведчаньні назад», — дадае Левянец.

Паводле яго, на выбарчым участку з улікам датэрміновага галасаваньня ўдзел узялі звыш 1,6 тысячы выбарнікаў з 2427, якія прыпісаны да ўчастка № 10.

Назіральнікі ад апазыцыйнага кандыдата ў дэпутаты зафіксавалі іншую колькасьць галасаваўшых — 743. Да гэтай лічбы яны дадаюць яшчэ тры дзясяткі выбарнікаў, якія прагаласавалі дома праз выезды чальцоў камісіі з падарожнай скрыняй.

Пабачце розьніцу, кажуць назіральнікі, каб зразумець, які характар маюць выніковыя зьвесткі пра галасаваньне.

Мясцовыя выбары — 2018: што гэта было? ВІДЭА