Афарызм Машэрава (Асьцярожна, грубая лексыка!)

Пятро Машэраў

Лічыцца, што Машэраў быў інтэлігентным чалавекам, прынамсі, зьнешне. Лічыцца, што пісьменьнікаў чытаў. Лічыцца, што яго любілі.

Так гэта ці ня так, але абавязкова трэба ўлічваць норавы 1970-х — спрошчаныя да прымітывізму яшчэ ў сталінскую эпоху.

Калісьці ў дзяцінстве я выпадкова патрапіў на сустрэчу Машэрава з народам. Дзейства адбывалася на Круглай плошчы ў Менску, дзе мы тады жылі. І я пратачыўся праз натоўп дарослых — паглядзець, што робіцца. Усклаўшы вянок да абэліску, Машэраў з усьмешкай падышоў да людзей. «Добры дзень! Як у вас з вадой?» Пры чым тут вада? – падумаў я сабе. Усё ў нас нармальна з вадой.

Пазьней я даведаўся, што з такім пытаньнем заўсёды выходзіў да людзей генэрал дэ Голь. І справа тут ня ў нейкіх перабоях, а ў тым, што пытаецца кіраўнік пра самае галоўнае для жыцьця (пасьля паветра, натуральна).

Ці чытаў Машэраў дэ Голя? — ня ведаю. Затое я перакапаў усяго Машэрава. Некалькі гадоў таму на Радыё Свабода я вёў праект «Вялікія словы вялікіх беларусаў». Акурат для ўсякіх нагодаў-юбілеяў, для Вікіпэдыі і проста зь цікавасьці зьбіраў трапныя выказваньні, афарызмы. І якраз Машэраў даваўся найцяжэй. Ні ў канцылярыце ягоных выступаў, ні нават у прыватных інтэрвію, дзе гаварылася мноства пустапарожняй банальшчыны, не было і намёку на іскрамётнае слова.

Нешта з адценьнем на арыгінальнасьць знайшлося толькі ў расшыфраваных стужках ягоных нефармальных гутарак. І цяпер мы маем афарызм Машэрава. Толькі не забывайце, што эпоха была іншая і дачыненьні паміж людзьмі былі спрошчаныя да прымітывізму.

«Я очень люблю людей. Я ведь любому человеку могу все зубы выбить. Но я же ему потом и другие вставлю — лучшие».

Пётр Міронавіч Машэраў