Чым цяпер займаюцца беларускія мэдалісты зімовых Алімпіядаў

Беларуская каманда на цырымоніі адкрыцьця Алімпіяды-1994 у Лілегамэры

У Паўднёвай Карэі завершыліся ХХІІІ зімовыя Алімпійскія гульні. Беларусь у выніковым мэдалёвым заліку разьмесьцілася на 15-й пазыцыі — роўна пасярэдзіне сярод трох дзясяткаў краін, чые прадстаўнікі ўздымаліся на п’едэстал. У беларускай скарбонцы — два золаты і срэбра.

Белая Алімпіяда ў Пхёнчхане стала сёмай па ліку ў гісторыі незалежнай Беларусі. Дэбют адбыўся пад бел-чырвона-белым сьцягам у Нарвэгіі ў 1994 годзе. Цягам удзелу самастойнай камандай атлеты выступалі ў дзесяці дысцыплінах, сёлета ліцэнзіі былі атрыманы ў шасьці.

За прамінулы час узнагароды здабывалі прадстаўнікі толькі трох відаў — біятлёну, фрыстайлу і канькабежнага спорту. З улікам узнагародаў Пхёнчхану, на іх рахунку 8 залатых, 5 срэбных і 5 бронзавых.

Пакуль у падвешаным стане сытуацыя з лыжнікам Сяргеем Далідовічам. Міжнародны алімпійскі камітэт пасунуў яго зь пятай на трэцюю пазыцыю па выніках 50-кілямэтровага маратону ў Сочы-2014 замест дыскваліфікаваных расейцаў, аднак Спартовы арбітражны суд заняў бок Расеі. Цяпер МАК аспрэчвае рашэньне ў Швайцарскім трыбунале і пры ўдалым раскладзе беларускі вэтэран мэдаль атрымае.

А першы алімпійскі п’едэстал запісаў у свой актыў канькабежац Ігар Жалязоўскі, які ўзяў срэбра Лілегамэра-1994. Там жа аналягічнай узнагародай адзначылася біятляністка Сьвятлана Парамыгіна.

Ігар Жалязоўскі: спартовы функцыянэр, які сышоў у бізнэс

Лілегамэр-1994: срэбны прызэр у канькабежным спорце на дыстанцыі 1000 мэтраў

Ігар Жалязоўскі на Чэмпіянаце сьвету-1985

Гісторыяй свайго жыцьця карэнны аршанец падзяліўся са Свабодай. Кар’еру завершыў адразу пасьля той гістарычнай Алімпіяды, у 30-гадовым веку стаў дарадцам міністра спорту. Аднак паразуменьня з кіраўніцтвам ведамства не атрымалася, быў адкамандзіраваны ствараць Нацыянальны паралімпійскі камітэт — кіраваў ім у 1996-2001 гадах. На працягу дзесяцігодзьдзя ўзначальваў Беларускі саюз канькабежцаў, сышоў у 2005-м. Быў сябрам выканкаму Нацыянальнага алімпійскага камітэту, на пачатку нулявых выведзены зь яго складу.

Ігар Жалязоўскі: Стаяў пад бел-чырвона-белым сьцягам, ганарыўся, што прынёс мэдаль сваёй краіне

Апошнія паўтара дзясятка гадоў са спортам не зьвязаны. Далучыўся да бізнэсу малодшага брата Валерыя, які пастаўляў у Расею прадукцыю менскага «Кераміну». Цяпер гэта сямейная справа, у склад АТА «Фрылайт» уваходзяць прамысловыя магутнасьці пад гандлёвымі маркамі «Ўральскі граніт» і «Кераміка будучыні».

Галаўны офіс Жалязоўскага-старэйшага — у «закрытым» горадзе Сьнежынску Чалябінскай вобласьці, дзе месьціцца адзін з керамічных заводаў. У Менск наведваецца некалькі разоў на месяц, тут жыве жонка і двое малодшых дзяцей, старэйшы сын у ЗША. 1 чэрвеня Ігар Жалязоўскі адзначыць 55-гадовы юбілей.

Сьвятлана Парамыгіна: зрабіла кар’еру ў спартовай журналістыцы

Лілегамэр-1994: срэбраная прызэрка ў біятлённым спрынце

Сьвятлана Парамыгіна, архіўнае фота


Нарадзілася ў 1965 годзе ў Сьвярдлоўску, у Беларусі апынулася на пачатку 1990-х разам зь вялікай групай расейскіх спартоўцаў, якія меліся ўзмацніць біятлён і лыжныя дысцыпліны. Трохразовая пераможца ўсясьветных першынстваў і ўладальніца Кубка сьвету, срэбная алімпійская прызэрка. Пасьля разьвітаньня са спортам працавала ў газэце «Прессбол», вяла трансьляцыі зь біятлённых спаборніцтваў на Беларускім тэлебачаньні. Адрозна ад бальшыні спартоўцаў, мае няпрофільную адукацыю — спачатку скончыла Наваполацкі політэхнічны інстытут (дыплямаваны геадэзіст), праходзіла паўгадовую практыку ў Інстытуце вульканалёгіі на Камчатцы, пасьля — журфак Белдзяржунівэрсытэту.

Не хавае сымпатыяў да колішніх суайчыньнікаў, але ў гутарцы са Свабодай скрытыкавала злоўжываньне допінгам у Расеі.

«Безумоўна, я заўсёды з расейскім біятлёнам выяўляю салідарнасьць. Але гэта якраз ня той выпадак. Як бы там ні было, цярпіць наш любімы від спорту. З аднаго боку, гэта адварочвае ад яго спонсараў, зь іншага — пасяляе скептыцызм у заўзятараў. Ды што казаць — у саміх спартоўцаў. Таму што ўсе мы, калі выходзім на дыстанцыю, спадзяёмся, што будзем у роўных умовах. Аказваецца, не зусім».

Некалькі апошніх гадоў Сьвятлана Парамыгіна працуе ў структуры Беларускага саюзу канькабежцаў.

Аляксей Айдараў: працаваў дворнікам і чарнарабочым

Нагана-1998: бронзавы прызэр у біятлённай індывідуальнай гонцы

Аляксей Айдараў, архіўнае фота

Першым сярод мужчын-біятляністаў здабыў узнагароду для каманды Беларусі. Нараджэнец Сьвярдлоўскай вобласьці, адзін са шматлікіх расейскіх легіянэраў біятлённай зборнай. Па выніках Алімпіяды-1998 у Нагана быў прызнаны спартоўцам году, яму прысвоена званьне заслужанага майстра спорту Беларусі. Аднак разьвіць посьпех не атрымалася, у Кубках сьвету рэдка фінішаваў вышэй за пяты дзясятак.

Перад зімовымі Гульнямі-2006 у Аляксея Айдарава здарыўся сур’ёзны канфлікт з тагачасным галоўным трэнэрам зборнай Аляксандрам Паповым, які адмовіўся ўключаць спартоўца ў асноўны склад. Спартовец пакрыўдзіўся і перайшоў пад сьцягі Ўкраіны, але высокімі вынікамі на міжнароднай арэне за новую каманду не адзначыўся.

Пасьля разьвітаньня з прафэсійным спортам вярнуўся ў Беларусь, завёў новую сям’ю. Сталага месца занятасьці ня мае: каб выжыць, працаваў дворнікам, чарнарабочым, усталёўваў вокны. У якасьці кансультанта і «запрошанай зоркі» час ад часу прыцягваецца Беларускай фэдэрацыяй біятлёну. Пазьбягае публічнасьці.

Дзьмітры Дашчынскі: трэніруе маладых фрыстайлістаў

Нагана-1998: бронзавы прызэр у лыжнай акрабатыцы. Турын-2006: срэбны прызэр у лыжнай акрабатыцы

Дзьмітры Дашчынскі

Сын вядомага беларускага трэнэра па акрабатыцы Ўладзімера Дашчынскага, адзін з самых няўдачлівых алімпійцаў, які двойчы спыняўся ў кроку ад чэмпіёнскага званьня: праз шэсьць гадоў пасьля Нагана быў другім у Турыне. Пачынаючы ад 1998-га, калі 21-гадовы мянчук здабыў першую ўзнагароду Беларусі ад фрыстайлістаў, лыжныя акрабаты яшчэ ніводнага разу не вярталіся з Гульняў без узнагародаў. Быў адзіным прадстаўніком Беларусі, каму ў 2006 годзе ўдалося ўзысьці на п’едэстал.

Пераможца і прызэр этапаў Кубку сьвету і чэмпіянатаў сьвету, заслужаны майстар спорту. Перад Алімпіядай-2018 у Пхёнчхане падзяліўся са Свабодай меркаваньнем, што фрыстайл — зона, свабодная ад допінгу.

«Калі браць наш від, то я больш чым упэўнены: ніхто нічога забароненага не ўжывае. Гэта тая дысцыпліна, дзе стымулятары нічога не вырашаюць, толькі пэрсанальная фізычная і маральная гатовасьць».

Пасьля завяршэньня спартовай кар’еры застаўся пры нацыянальнай зборнай, яму даручана падрыхтоўка рэзэрву — трэнэр юніёрскай каманды Беларусі. Летась адзначыў 40-гадовы юбілей.

Аляксей Грышын: будуе элітнае жыльлё, стаў дэпутатам

Солт-Лэйк-Сіці-2002: бронзавы прызэр у лыжнай акрабатыцы. Ванкувэр-2010: залаты прызэр у лыжнай акрабатыцы

Аляксей Грышын

Неаднаразовы пераможца і прызэр чэмпіянатаў і этапаў Кубка сьвету. У гісторыю беларускага спорту ўвайшоў як першы алімпійскі чэмпіён зімовых Алімпійскіх гульняў першы алімпійскі чэмпіён зборнай Беларусі на зімовых Гульнях. Дзякуючы менавіта яму, у канадзкім Ванкувэры-2010 беларусы ўпершыню выбраліся з зачараванага кола ня больш як двух мэдалёў і здабылі па адным кожнай вартасьці — золата ў Аляксея Грышына, срэбра ў Сяргея Новікава і бронза ў Дар’і Домрачавай.

Да алімпійскай узнагароды найвышэйшай вартасьці пасьлядоўна ішоў восем гадоў — да таго было трэцяе месца ў 2002 годзе ў амэрыканскім Солт-Лэйк-Сіці. Пасьля Гульняў-2014 у Сочы, калі ня здолеў нават прайсьці сіта кваліфікацыі, Аляксей Грышын завязаў са спортам і засяродзіўся на бізнэсе ў будаўнічай галіне. Ягоная кампанія ўзводзіць элітнае жыльлё ў Менску.

Браў удзел у сёлетняй выбарчай кампаніі, абраны дэпутатам Менскага гарсавету. Канкурэнт па выбарнай гонцы ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў сьцьвярджае, што вынікі галасаваньня за Грышына па Старавіленскай выбарчай акрузе № 41 былі сфальсыфікаваныя, спартоўца проста «прызначылі».

Сяргей Новікаў: стаў функцыянэрам і дэпутатам

Ванкувэр-2010: срэбны прызэр у індывідуальнай біятлённай гонцы

Сяргей Новікаў

Бадай, самы вялікі сюрпрыз за ўвесь час выступаў беларусаў на Алімпійскіх гульнях. Ні да таго, ні пасьля Ванкувэру нараджэнец Чавусаў не набліжаўся да подыюму — найлепшым асабістым вынікам стала 9 месца на адным з этапаў Кубка сьвету

На паўночнаамэрыканскіх трасах усе зоркі сышліся: на 20-кілямэтровай дыстанцыі Сяргей Новікаў зьдзейсьніў неверагоднае — фінішаваў у адны ногі з каралём біятлёну Уле-Эйнэрам Б’ёрндаленам, зь якім падзяліў другую прыступку падчас цырымоніі ўзнагароджаньня. У сынаў трыюмф не адразу паверылі нават бацькі — маці-пэнсіянэрка і бацька, які працаваў трэнэрам у чавускай спартовай школе.

Такім чынам, ён стаў першым алімпійскім прызэрам — выхаванцам беларускай біятлённай школы. Нейкі час пасьля гэтага Сяргей Новікаў яшчэ выступаў, але досыць няўцямна. Неўзабаве сышоў у цень і ціха перабраўся ў Магілёў, дзе ўзначаліў абласны спартовы клюб «Спартак». Падчас апошняй выбарчай кампаніі быў абраны дэпутатам Магілёўскага гарсавету.

Дар’я Домрачава

Ванкувэр-2010: бронзавая прызэрка ў індывідуальнай біятлённай гонцы. Сочы-2014: алімпійская чэмпіёнка ў трох індывідуальных дысцыплінах. Пхёнчхан-2018: залатая мэдалістка ў эстафэце і срэбная ў мас-старце

Дар'я Домрачава ў Пхёнчхане

Неаднаразовая пераможца чэмпіянатаў сьвету і кубкавых этапаў па біятлёне, уладальніца Вялікага крышталёвага глёбуса. Самая ўганараваная беларуская спартоўка зімовых Гульняў, алімпійская рэкардсмэнка па колькасьці залатых узнагародаў — чатыры золаты не ўдалося здабыць ніводнай біятляністцы.

Упершыню заявіла пра свае амбіцыі ў 2010 годзе ў Канадзе — трэцяе месца ў індывідуальнай гонцы. Алімпіяда ў Сочы ўжо прайшла пад знакам Домрачавай: першы месцы ў гонцы перасьледу, індывідуалцы і мас-старце. Як вынік — амаль паўмільёна даляраў у якасьці прызавых ад дзяржавы (па 150 тысяч даляраў за кожны мэдаль) і званьне Героя Беларусі. Пасьля гэтага ўзяла паўзу, пасьпела сур’ёзна перахварэць, выйсьці замуж за легендарнага нарвэскага біятляніста Уле-Эйнэра Б’ёрндалена і нарадзіць дачку Ксенію.

Срэбны мэдаль у Пхёнчхане стаў пятай алімпійскай узнагародай Дар’і Домрачавай. Як аказалася, не апошняй. Разам зь сяброўкамі па камандзе Надзеяй Скардзінай, Ірынай Крыўко, Дзінарай Алімбекавай яна спрычынілася да бліскучай перамогі ў эстафэтнай гонцы.

31-гадовая Дар’я і 45-гадовы Уле-Эйнар стала жывуць у Аўстрыі, таксама маюць дом на беразе Менскага мора.

Надзея Скардзіна

Сочы-2014: бронзавая прызэрка ў індывідуальнай біятлённай гонцы. Пхёнчхан-2018: алімпійская чэмпіёнка ў эстафэце

Надзея Скардзіна на Алімпіядзе ў Пхёнчхане

Наступная пасьля Дар’і Домрачавай паводле вартасьці алімпійскіх рэгалій і, бадай, самы ўдалы прыклад беларускай «пашпартызацыі» легіянэра з Расеі. Нараджэнку Санкт-Пецярбургу Надзею Скардзіну тамтэйшыя сэлекцыянэры залічылі да непэрспэктыўных, аднак у складзе зборнай Беларусі яна даказала адваротнае. Небеспадстаўна лічыцца адной з самых стабільных снайпэрак у сьвеце.

Пачынала з лыжаў, але з-за невысокай хуткасьці захацела паспрабаваць сябе ў біятлёне. У расейскай камандзе выбіцца ў асноўную групу было нерэальна, якраз прыйшла прапанова ад беларусаў. Пераехала ў 19-гадовым узросьце, хутка даказала права выступаць у асноўнай камандзе. Удала дэбютавала ў Сочы, заваяваўшы бронзу ў неверагоднай канкурэнцыі на 15-кіямэтровай дыстанцыі. Пасьля былі перамогі і прызы на этапах Кубку сьвету, а ў Пхёнчхане-2018 стала алімпійскай чэмпіёнкай у жаночай эстафэце. Сёлета ўпершыню атрымала Малы крышталёвы глёбус у заліку індывідуальных гонак.

Надзея Скардзіна жыве ў Менску, прызнавалася, што ў поўнай меры лічыць сябе беларускай. Паходзіць са шматдзетнай сям’і, шэсьць братоў сясьцёр жывуць у Расеі. Пасьля завяршэньня кар’еры 32-гадовая спартоўка хоча ўсынавіць дзіцё.

Ала Цупер

Сочы-2014: алімпійская чэмпіёнка ў лыжнай акрабатыцы

Ала Цупер

​Золата 34-гадовай Алы Цупер у Сочы і адмыслоўцы, і заўзятары дружна расцанілі як галоўную неспадзяванку тых Гульняў. Але яна пайшла ва-банк і перамагла — шлях да трыюмфу заняў больш за два дзясяткі гадоў.

Нараджэнка Роўна, дзе месьціцца галоўны цэнтар падрыхтоўкі тамтэйшых лыжных акрабатаў, у складзе зборнай Украіны трапіла на Алімпіяду ў Нагана яшчэ ў 1998 годзе. Але праз чатыры гады ў Солт-Лэйк-Сіці паехала ўжо ад Беларусі. Тлумачыла, што да такога кроку падштурхнула ня столькі вострая канкурэнцыя ва Ўкраіне, колькі адсутнасьць грошай на падрыхтоўку.

Пасьля Сочы Ала Цупер стала мамай і заявіла, што будзе разьвітвацца са спортам. Аднак у выніку ўсё ж паехала ў Пхёнчхан — угаварыў муж Яўген. У свае 38 гадоў узроставая спартоўка заняла адначасова пачэснае і крыўднае чацьвёртае месца. Гэтым разам рашэньне завяршыць выступы ўжо канчатковае, маецца сканцэнтравацца на сям’і.

Антон Кушнір

Сочы-2014: алімпійскі чэмпіён у лыжнай акрабатыцы

Антон Кушнір

​Антону Кушніру не было роўных на сочынскіх трамплінах, але паўтарыць свой подзьвіг у Паўднёвай Карэі яму не ўдалося. На дамку многіх спэцыялістаў, удзельніка ад Беларусі папросту засудзілі.

Як і Ала Цупер, Антон Кушнір родам з Ровеншчыны. У 2002 годзе памяняў жоўта-блакітны сьцяг на чырвона-зялёны, у Менску абзавёўся сям’ёй. Галоўны трэнэр фрыстайлістаў Мікалай Казека адразу разгледзеў у хлопцы патэнцыял і мэтанакіравана пачаў рыхтаваць да галоўных стартаў.

Пасьля гульняў-2014 Антон праходзіў працяглую рэабілітацыю, у сёлетнім перадалімпійскім цыклі адзначыўся шэрагам перамог і прызавых месцаў на этапах Кубку сьвету. Ці будзе спартовец працягваць выступаць на высокім узроўні пасьля псыхалягічнай траўмы Пхёнчхану — заяваў наконт гэтага пакуль не прагучала. Сёлета Кушніру споўніцца 34 гады, спаборнічаць з маладымі канкурэнтамі ўсё складаней.

Ганна Гуськова

Пхёнчхан-2018: алімпійская чэмпіёнка ў лыжнай акрабатыцы

Ганна Гуськова

​Адна з сэнсацый сёлетняй Алімпіяды. На зімовых Гульнях дэбютавала ў 2014 годзе ў Сочы, але не прайшла кваліфікацыю. Увесь мінулы сэзон прапусьціла з-за траўмы: падчас трэніроўкі няўдала прызямлілася і пашкодзіла мэніск — давялося класьціся на апэрацыю. А да гэтага было сур’ёзнае хірургічнае ўмяшаньне з прычыны разрыву пярэдняй крыжападобнай зьвязкі калена.

Тым ня меней, сёлетні сэзон у яе кар’еры стаў самым пасьпяховым: спачатку выйграла этап Кубка сьвету ў Кітаі, а пасьля гэтага стала другой на аналягічным этапе ў ЗША. Ганьне Гуськовай 25 гадоў, можна разьлічваць, што ў вялікім спорце яна яшчэ надоўга.

Яе сваякі спадзяюцца, што залатая перамога дапаможа вырашыць у тым ліку кватэрнае пытаньне сям’і — дзяўчына шмат гадоў жыве ў адным пакоі з маці і айчымам.

«Залаты квартэт»

Пхёнчхан-2018: Дар’я Домрачава, Надзея Скардзіна, Ірына Крыўко, Дзінара Алімбекава, эстафэтная гонка

​Беларуская біятлённая чацьвёрка была сярод галоўных ньюсмэйкераў Алімпіяды-2018 у Паўднёвай Карэі. Апроч вопытных Дар’і Домрачавай і Надзеі Скардзіны, найвышэйшай пахвалы за камандную працу заслугоўваюць маладыя выхаванкі беларускай біятлённай школы.

Ірына Крыўко. Нарадзілася ў Сяньне на Віцебшчыне, ёй 26 гадоў. У ранейшых інтэрвію расказвала, што пасьля пажару, які зьнішчыў бацькоўскі дом, сям’я пераехала ў інтэрнат, які быў побач зь біятлённай базай. Ня маючы вялікага выбару, разам з братам пайшла туды трэніравацца. У хлопца атрымалася ня вельмі, а яе біятлён зацягнуў. Трэнэры ўгаварылі пераехаць у Магілёў, дзе падрыхтоўка стала больш арыентаванай.

Летась у сьнежні да Ірыны прыйшоў першы посьпех — яна стала другой у мас-старце на адным з кубкавых этапаў. Сёлета стараньні былі ўзгагароджаныя залатым алімпійскім мэдалём.

Дзінара Алімбекава — самая маладая ў беларускай чацьвёрцы, ёй усяго 22 гады. Нарадзілася ў Карагандзінскай вобласьці, бацька — казах, мама — расейка. Калі дзяўчыне было тры гады, сям’я пераехала з Казахстану ў Чавусы на Магілёўшчыне да сваякоў маці. У біятлён трапіла ў 11 гадоў, на першым часе давялося сумяшчаць сэкцыю з харэаграфіяй і фартэпіяна. Урэшце выбрала спорт.

Дагэтуль найвышэйшымі дасягненьнямі былі прызавыя месцы на юніёрскіх чэмпіянатах сьвету. Дзякуючы першаму месцу ў эстафэце, яе прозьвішча залатымі літарамі ўпісана ў гісторыю беларускага і сусьветнага спорту.

«Я безь біятлёну не магу». Маці і першая трэнэрка Дзінары Алімбекавай пра яе алімпійскі посьпех