Яны сьняць коды ўначы і думаюць на мове Java. Навошта былы міліцыянт і выкладчыца перавучваюцца на праграмістаў

Свабода пагаварыла з выкладчыкам Java, які ўладкаваў у ІТ-сфэры каля 500 чалавек, і зь ягонымі вучнямі — былым міліцыянтам зь Вялейкі і маладой маці зь Віцебску.

За апошнія 4 гады Павал Вейнік перавучыў на праграмістаў цэлую ўмоўную вёску — пасьля ягоных курсаў Java-праграмаваньня каля 500 чалавек знайшлі працу ў ІТ-сфэры. Да Паўла прыходзяць былыя вайскоўцы, зваршчыкі і настаўнікі.

Ён спэцыялізуецца на перавучваньні дарослых людзей. Ягоныя выпускнікі — былы міліцыянт зь Вялейкі і маладая маці зь Віцебску — распавялі Свабодзе, як навучаньне зьмяніла іх лад мысьленьня і чым іх вабіць прафэсія, акрамя вялікіх заробкаў.

«Было так цяжка, што хацелася разьбіць кампутар»

Кацярына Філатава, 31 год, маці дваіх дзяцей, у дэкрэтным адпачынку

Апошні раз Кацярына афіцыйна працавала 8 год таму — настаўніцай у школе. Зараз яна ідзе ў праграмісты. Бяз досьведу працы і гадуючы двух малых дзяцей. Яна гатовая да таго, што працу здолее знайсьці ня зь першага разу.

«Разумею, што мне давядзецца змагацца са стэрэатыпамі, — кажа Кацярына. — Але працадаўцы не разумеюць, што ў дэкрэт я ўжо не зьбіраюся. Ёсьць плюсы ад такой асобы, як я. Хоць яны ня вельмі відавочныя».

Пайсьці ў праграмісты яна вырашыла некалькі гадоў таму.

«У 2009 годзе пачало складвацца асабістае жыцьцё, зьявіліся дзеці. Амаль дзесяць год мінула, а я нічога так і не зрабіла. Вырашыла, што трэба нешта ў жыцьці зьмяняць».

Кацярына мела адпаведны грунт. Яна вучылася на фізыка-матэматычным факультэце Віцебскага дзяржаўнага унівэрсытэту. Першыя праграмы пісала дома на паперы. Потым прыходзіла ва ўнівэрсытэт і пераносіла іх на кампутар. Тыя праграмы дапамагалі ёй паскорыць уласную працу, бо ўжо ад студэнцкіх часоў Кацярына займалася рэпэтытарствам.

«Мне падабалася. Я падумала: а чаму б не заняцца гэтым зараз. Так, складана. Але ўсё складана. Трэба спрабаваць», — кажа Кацярына.

Першыя праграмы пісала на паперы, калі вучылася ва ўнівэрсытэце.

Праўда, яна не чакала, наколькі цяжка давядзецца. Кацярына кажа, што вучэбную нагрузку яна ўсё ж недаацаніла. Цяпер прыгадвае, што часам ёй хацелася ўсё кінуць. Асабліва калі на адно заданьне ішлі тыдні.

«Было момантамі так цяжка, што хацелася разьбіць кампутар. Ці што заўгодна, што было пад рукамі, — кажа Кацярына. — А потым супакойвалася, і ў мяне ўсё атрымлівалася».
Напрыканцы онлайн-курсаў навучаньне было надзвычайна інтэнсіўным. Яна прачыналася а 7-й раніцы і сядала за код. Заканчвала толькі позна ўвечары.

«Калі ў цябе нешта атрымліваецца, наступае катарсіс. Вылучаеш кампутар, кладзесься спаць — раскоша. Потым табе коды прыходзяць у сьне. Мозг жа працуе нават уначы. Ён ня ноўтбук, яго вылучыць немагчыма».

Курсы Java для Кацярыны былі ўжо чацьвёртай адукацыяй. Пасьля ўнівэрсытэту, які яна скончыла з чырвоным дыплёмам, вучылася ў магістратуры, скончыла курсы бухгальтарскага ўліку.

«Дыплёмаў шмат, але па-сапраўднаму я ніколі не вучылася. Гэта цяпер разумею», — кажа Кацярына.

калі ўзьнікае думка, што трэба нешта зьмяняць, ня варта вагацца некалькі гадоў.

Цяпер яна рыхтуе рэзюмэ і зьбіраецца пераяжджаць у Менск. Працаваць Кацярына настроеная ў офісе, бо праграмісты, паводле яе, як і лекары, заўжды абмяркоўваюць задачы.

«Фрыланс, як мне падаецца, ня будзе добра ўплываць на маё разьвіцьцё», — лічыць яна.

Першы час гатовая працаваць задарма. Буйныя кампаніі часта прапануюць стажаваньне, пасьля якога самых здольных студэнтаў бяруць на аплатныя праекты.

«Вынесьці досьвед зь якой-небудзь добрай кампаніі больш каштоўна, чым прынесьці 200-300 даляраў з працы, якая цябе нічому ня вучыць».

Паводле яе, грошы — гэта не асноўная прычына, чаму яна ідзе ў праграмаваньне.

«Я не крывадушнічаю, калі кажу, што грошы для мяне ня першае. Гэта складана, але ж цікава глядзець па-іншаму на сьвет і жыцьцё, думаць на іншай мове, на якой не размаўляюць».

Сваякі і сябры падтрымліваюць Кацярыну ў яе амбітных плянах. Яна кажа, што ніхто нават не намякае, што ёй — маці з двума малымі дзецьмі — варта сядзець на кухні, а не пісаць код. Больш за тое, Кацярына сама заахвочвае іншых мяняць працу.

«Людзі проста баяцца зьменаў, баяцца, што ў іх не атрымаецца. Так, зь першага разу ня будзе атрымлівацца. Але калі ўзьнікае думка, што трэба нешта зьмяняць, ня варта вагацца некалькі гадоў».


«Праграмаваньне — ​як такарная праца. Можна навучыць любога»

Яўген Царык, 25 год, былы міліцыянт, цяпер працуе грузчыкам

Яўгену Царыку 25 год. Летась ён пераехаў у Менск зь Вялейкі. Там працаваў у дэпартамэнце аховы, дзяжурыў на праходзе да гідра-электрастанцыі. Графік — два дні праз два. Гэта была ня самая благая праца для гораду. Цяпер там плацяць каля 600 рублёў на месяц. Але пасьля чатырох гадоў службы Яўген сышоў зь міліцыі.

«Там стабільнасьць, і ты фактычна сыходзіш у нікуды, — кажа Яўген. Але пакуль малады і няма сям’і, чаму б не паспрабаваць».

Цяпер ён жыве ў Менску. Працуе грузчыкам у гіпэрмаркеце, каб хапіла на жыцьцё. Адначасова шукае працу праграміста — Java-распрацоўніка. Пасьля курсаў рассылае рэзюмэ па кампаніях. На пошук працы можа сысьці яшчэ паўгода. Але хлопец да такога гатовы.

«На рынку працы адныя з найвышэйшых заробкаў маюць Java-праграмісты, — кажа Яўген. — Мне падабаецца пэрспэктыва, якую дае гэтая мова. Можна будзе і кудысьці паехаць, бо з Java шмат вакансіяў па ўсім сьвеце».

У міліцыю ён трапіў у межах прызыву — пайшоў туды замест войска. Заставацца не зьбіраўся, хацеў сысьці яшчэ ў 2015 годзе. Па службовых абставінах Яўгену давялося працягнуць кантракт..

На праграміста ён вучыўся ўжо да войска. Скончыў гандлёва-эканамічны каледж Белкаапсаюзу ў Маладэчне. Але той адукацыі не было дастаткова, каб трапіць на працу. Таму яшчэ падчас службы ў міліцыі ён пачаў вучыцца на праграміста. Спачатку — самастойна. Потым пайшоў на онлайн-курсы.

«Вы ж разумееце, што каледж асабліва нічога не дае, акрамя „корачкі“, — кажа Яўген. — І я вырашыў, што трэба ня проста гады марна пражываць, трэба сябе рэалізоўваць».​

У 25 год я ўжо стары для стажаваньня ў ІТ-кампаніі

Java-праграмаваньне — не найпрасьцейшы спосаб, каб трапіць у ІТ. Большасьць людзей звычайна пачынаюць з працы тэставальніка. Для гэтага дастаткова скончыць 2-3-месячныя курсы. На вывучэньне Java у Яўгена пайшоў цэлы год.

«Мова запатрабаваная, і патрачаны час таго варты, — кажа хлопец. — З добрым досьведам бяз працы ты не застанесься».

Яўген толькі пару тыдняў як скончыў курсы. Ягонае жыцьцё пакуль моцна не зьмянілася. Зьмена грузчыка ў гіпэрмаркаце, дзе ён працуе, такая ж, як і ў дэпартамэнце аховы: два дні праз два.

На гэтым тыдні ён атрымаў запрашэньне на першае тэставаньне ў адну з найбольшых ІТ-кампаніяў у Беларусі. Раней ён ужо спрабаваў уладкавацца туды на стаж. Але не падышоў узростам: аказаўся занадта старым.

«Яны бяруць да 25. Мне было 25 з паловай і мне адмовілі. Я ўжо стары для стажаваньня».

Калі былы міліцыянт змог перавучыцца на Java, ці маглі б так зрабіць многія беспрацоўныя? Яўген упэўнены, што так. Для ўваходу ў прафэсію не абавязковая матэматычная ці тэхнічная адукацыя. Дастаткова быць уседлівым і прысьвяціць час навучаньню.

«Многія гультаі маглі б стаць праграмістамі, — лічыць Яўген. — Гэта як узяць чалавека і навучыць такарнай справе. Толькі замест станка трэба правільна пісаць запыты ў гугле. Звычайная праца, якой можна навучыць любога».


«Гэта цяжка, бо чалавек усьведамляе, наколькі нелягічна ён жыў, як шмат рабіў памылак у жыцьці»


Павал Вейнік, 34 гады, Java-распрацоўшчык і выкладчык

Павал Вейнік пачаў выкладаць Java каля дзесяці гадоў таму. Спачатку ў БДУІР, потым на курсах ЕРАМ. Апошнія чатыры гады ён займаецца са студэнтамі ва ўласнай школе ITStart, дзе сам выкладае. Часьцей за ўсё ён набірае людзей, якія хочуць памяняць прафэсію. Да яго часта прыходзяць дарослыя. Са свайго досьведу ведае, што перавучыць можна фактычна любога чалавека. Няма розьніцы, ці тэхнар прыходзіць, ці гуманітар.

«Тыя ж лінгвісты хутка разьбіраюцца, — кажа Павал. — Бо правілы ёсьць правілы. Калі чалавек вывучыў некалькі натуральных моваў, вывучыць штучную — нашмат прасьцей».

Цяжэй за ўсё перавучваць мастакоў і музыкаў

Паводле яго, самае складанае ў навучаньні — зьмяніць мысьленьне. Бо праграміст мусіць кантраляваць свае думкі. І гэта ўплывае ня толькі на працу, але й на на ўсё ягонае жыцьцё.

«Гэта цяжка. Чалавек усьведамляе, наколькі нелягічна ён жыў, як шмат рабіў памылак у жыцьці», — кажа Павал.

Большасьць здольная сябе пераламаць і пачынае мысьліць па-праграмісцку. Але часам Паўлу даводзілася разьвітвацца са студэнтамі. Цяжэй за ўсё, зь ягонага досьведу, з мастакамі і музыкамі.

«Тут патрэбная строгасьць і лёгіка, а яны шануюць асацыяцыі і спантаннасьць. Нельга пісаць код паводле прынцыпу «я так бачу», — кажа Павал.

Па сваіх студэнтах Павал можа меркаваць пра рынак праграмістаў-пачаткоўцаў. Быў час, калі да яго прыходзілі вучыцца дробныя бізнэсоўцы і індывідуальныя прадпрымальнікі. Але ніводзін так і ня скончыў курсы, бо не гатовы быў аддаць шмат часу і высілкаў на вучобу.

«Калі чалавек адчуў незалежнасьць, наўрад ці ён будзе перакваліфікоўвацца ў наёмныя рабочыя ды ісьці па кар’ернай лесьвіцы ад самага пачатку», — лічыць Павал.

Цяпер да яго прыходзяць усё больш дарослыя людзі — ва ўзросьце 30-35 год. Яны сьвядома сыходзяць з прафэсіяў, у якіх разьвіваліся 10-15 год, і сядаюць за кадаваньне. Нічога страшнага ў гэтым Павал ня бачыць. У тым, што іншыя сфэры эканомікі губляюць спэцыялістаў, самі людзі не вінаватыя.

Незалежна ад узросту, распрацоўнік знойдзе працу. Малады — з 10-й суразмовы, дарослы — з 30-й ці 40-й.

«Трэба разумець, што праграмаваньне зараз на хвалі, але так ня будзе заўжды, — лічыць Павал. — У Беларусі яно на хвалі толькі таму, што ўсё астатняе ў задніцы. У разьвітых краінах праграмісты — звычайная спэцыяльнасьць. А ў нас ёсьць магчымасьць добра зарабляць, відаць, толькі ў ІТ».

Ён мяркуе, што ў будучыні сфэра ІТ будзе разьвівацца акурат за кошт дарослых. Праграмістаў бракуе і ў Беларусі, і ў сьвеце. Па словах Паўла, калі нават навучыць праграмаваньню ўсё працаздольнае насельніцтва Менску, гэта ня моцна абваліць сярэдні заробак распрацоўнікаў.

«Незалежна ад узросту, распрацоўнік жалезна знойдзе працу. Малады ўладкуецца на працу з 10-й суразмовы, а дарослы — з 30-й ці 40-й. Але ўладкуецца. Проста да дарослых індустрыя яшчэ не прызвычаілася».

Сам Павал пайшоў вучыцца на праграміста ў 2000 годзе, калі прафэсія распрацоўніка яшчэ не была такой папулярнай і высокааплатнай, як у апошнія гады. Паступаў у БДУІР пасьля гуманітарнай школы. Але ўжо з трэцяга курсу пачаў працаваць у спэцыяльнасьці. Ад пачатку ён выбраў мову праграмаваньня Java. Яна, як тлумачыць Павал, пасуе ягонай ідэалёгіі.

«Microsoft мне не падабаўся тым, што гэта была мова для людей у пінжаках і карпарацыяў. На скрыптовых мовах кшталту Perl было цяжка пісаць вялікія сыстэмы. А Java — там не было выразнага цэнтру. Рабі што хочаш, выкладвай у адкрыты доступ».

Людзі прыходзяць у ІТ па дастойны лад жыцьця. Няма нічога дрэннага ў гэтым.

З унівэрсытэцкіх часоў ён адначасова працаваў распрацоўнікам і выкладаў Java на курсах. Калі стаўка распрацоўніка стала вышэйшай за якія-хаця курсы, ён закінуў выкладаньне. Але па старой памяці да яго зьвярталіся па рэкамэндацыі людзі, якія хацелі навучыцца Java.

«Калі да мяне плынь людзей сама ідзе, грэх іх не абслужыць, — кажа Павал. — Я выпрацаваў для сябе фармат, які не замінае мне працаваць і пры гэтым прыносіць прыбытак. І што важна для мяне, я дапамагаю людзям».

Ад сваіх аднагодкаў, якія прыйшлі ў праграмаваньне 15-20 гадоў таму, ён часта чуе дакор у бок праграмістаў-нэафітаў. Маўляў, яны прыходзяць у прафэсію выключна па грошы, у адрозьненьне ад «ідэйных» праграмістаў.

«Пытаньне пра грошы — правакацыйнае апісаньне таго, навошта прыходзяць людзі ў ІТ. Яны прыходзяць па годны лад жыцьця. Няма нічога дрэннага ў гэтым».


На што можна разьлічваць, калі перавучвацца на праграміста:

  • На перанавучаньне на Java-праграміста трэба ў сярэднім 5-7 месяцаў.
  • Да 6 месяцаў можа пайсьці на пошук працы
  • Кошт курсаў — каля 200 даляраў на месяц. Гэта значыць, што ўвесь курс абыдзецца ў 1000-1400 даляраў
  • Сярэдні заробка Java-распрацоўніка — каля 1800 далараў на месяц, для навічка — каля 500 даляраў