На плошчы Леніна а 12-й гадзіне сабралося ўсяго некалькі дзясяткаў чалавек, якія стаялі асобнымі групамі. Ніякіх лёзунзаў ніхто не агучваў.
Арганізатараў акцыі, блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якія заклікалі выйсьці людзей на плошчу, не было.
Пазьней высьветлілася, што актывісты затрыманыя яшчэ ў суботу, 24 лютага. Яны знаходзяцца ў ІЧУ Ленінскага РАУС.
«За што яны затрыманыя і якім чынам адбывалася затрыманьне, нікому невядома, — распавёў Радыё Свабода Дзьмітрый Гарбуноў, — сябра Пятрухіна. — Вядома, што заўтра суд. Але больш ніякіх падрабязнасьцяў міліцыянты не паведамляюць».
Што да акцыі, то каля 30-40 чалавек, якія былі на галоўнай плошчы ў Берасьці, разышліся праз гадзіну.
А 13-й гадзіне на гэтым месцы распачаліся мерапрыемствы, якія ладзілі выратавальнікі.
«Прыкра, што агулам супраць будаўніцтва заводу падпісалася каля 40 тысяч чалавек, — кажа Дзьмітрый Гарбуноў, — а вось на плошчу нават і 1% ня выйшаў. Людзі моцна запалоханыя».