У Гомлі пачаўся суд над непаўналетнімі, якія шукалі ахвяраў праз сацыяльныя сеткі, зьдзекаваліся і рабавалі

Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

23 лютага ў Цэнтральным судзе Гомля пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць групы непаўналетніх хлапцоў.

У сацыяльных сетках яны прапаноўвалі некаторым жыхарам гораду сустрэцца ў людных месцах, найперш на прыпынках грамадзкага транспарту. Пасьля адводзілі ў ціхае месца, праводзілі прафілактычную «размову», «вучылі», як паводзіць сябе «правільна». На дадатак маглі абстрыгчы паўгалавы, абліць зялёнкай альбо прымусіць зялёнкай «умыць» твар. Усе гэта здымалі на відэа, пагражаючы выкласьці відэаролік у інтэрнэт, калі ахвяра хоць заікнецца пра ўчынены гвалт.

Міліцыя выявіла трох пацярпелых — маладых людзей у веку 22–30 гадоў.

Суд Цэнтральнага раёну Гомля

Перад судом сёньня паўсталі 12 «паляўнічых», пераважна непаўналетніх. Некаторыя зь іх вучыліся ў прафэсійна-тэхнічных вучэльнях. «Паляўнічых» абвінавачваюць у злосным і асабліва злосным хуліганстве (ч. 2 і 3 арт. 339), за што пагражае да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Некаторым фігурантам справы інкрымінуюць крадзеж, рабунак, вымагальніцтва, а таксама выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў у інтэрнэце.

Судовы працэс вядзецца ў закрытым рэжыме.