Падарожжа ў БНР (6). Чырвоная БНР бялее і займаецца сымболікай, лінгвістыкай і геаграфіяй

Сяргей Шупа запрашае далучыцца да ягонага «Падарожжа ў БНР». Так называецца кніга, якую ён вызначыў як архіўны раман, прысьвечаная 100-годзьдзю абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Кожны дзень на працягу месяца мы публікуем старонкі гэтай кнігі.

Прэзэнтацыя кнігі адбудзецца ў Менску 20 сакавіка. Папярэдне кнігу можна замовіць ТУТ.

Менчукі чытаюць газэты на чатырох мовах

Адкуль жыхары Менску ў 1918 годзе даведваліся, што адбываецца ў горадзе і сьвеце? Апрача «вулічнага тэлеграфу», адзіным рэгулярным сродкам масавай інфармацыі ў той час былі газэты.

Якія штодзённыя газэты выходзілі ў Менску часоў БНР? Выбар быў даволі шырокі — на ўсіх мясцовых мовах і на ўсе грамадзкія густы. У канцылярыю Народнага Сакратарыяту БНР дасылалі штодня гэткія газэты:

  • лібэральна-кадэцкая «Минская газета», арыентаваная на габрэйскую грамадзкасьць расейскай культуры;
  • лібэральна-буржуазны «Минскій голосъ»;
  • незалежная «Минская мысль»;
  • эсэраўская «Дело труда»;
  • польская беспартыйная дэмакратычная «Dziennik Miński»;

беларускія —

  • крыху лявейшая «Вольная Беларусь»
  • i крыху правейшы «Беларускі шлях»;
  • бундаўскі «Der Veker».

І ўсе яны пісалі пра БНР.

Новыя канкурэнты старых сацыялістаў

На права быць мясцовай уладай пад нямецкай акупацыяй прэтэндавалі ня толькі структуры БНР, якія абапіралі сваю легітымнасьць на грунце прадстаўніцтва на Ўсебеларускім зьезьдзе. На зьезьдзе фактычна не былі прадстаўленыя несацыялістычныя элемэнты, таму беларусы правых палітычных поглядаў, адсунутыя зь беларускай палітычнай сцэны летам 1917 году, адчулі сябе па-за гульнёй і заявілі прэтэнзіі на месца пад сонцам. Яны ўтварылі Менскае беларускае прадстаўніцтва і спрабавалі канкураваць з Радай БНР.

У выніку абодва бакі беларускага спэктру здолелі дамовіцца, і 10 чалавек ад Прадстаўніцтва былі кааптаваныя ў Раду БНР. Гэтак у будынак БНР была закладзеная міна, якая да канца 1918 году яшчэ ня раз выбухне.

Яшчэ адна сіла, якая рвала коўдру на сябе, — рэшткі інстытуцыяў гарадзкога і земскага самакіраваньня, што ўзьніклі за некалькі месяцаў дэмакратычнай Расеі, а таксама дзеячы «агульнарасейскіх» партыяў і арганізацыяў. Ужо пасьля абвяшчэньня незалежнасьці 25 сакавіка мясцовыя расейскія эсэры палічылі, што беларускія «сэпаратысты» іх падманулі і адклікалі з Народнага Сакратарыяту сваіх сяброў.

Урэшце, Польская рада Менскай зямлі заявіла, што безь яе гаворка пра мясцовую ўладу весьціся ня можа, што Ўстаўныя Граматы ня маюць правамоцнасьці і ні да чога нікога не абавязваюць. Аднак прадстаўнікі ПРМЗ былі гатовыя супрацоўнічаць з Народным Сакратарыятам, праўда, выставілі свае ўмовы.

Менск, Магілёў... Дзе астатнія гарады?

У праекце Статуту Рады БНР, падрыхтаваным у сакавіку 1918 году, ёсьць адзін пункт, які дае ўяўленьне пра рэальную геаграфію Беларускай Народнай Рэспублікі ў часе абвяшчэньня незалежнасьці. Так, у склад Рады маюць увайсьці прадстаўнікі гарадоў. «Да скліканьня Ўсебеларускага зьезду гарадоў гарадзкая група прадстаўляецца 5 членамі Менскай гарадзкой і 5 членамі Магілёўскай гарадзкой думаў», — запісана ў праекце.

А дзе былі ўсе астатнія вялікія беларускія гарады — губэрнскія, пазьнейшыя абласныя цэнтры? А вось дзе. Віцебск — у бальшавіцкай Расеі. Гомель і Берасьце — паводле Берасьцейскага міру, ва Ўкраінскай Народнай Рэспубліцы (у фармулёўцы Народнага Сакратарыяту — «часова акупаваныя Ўкраінай»). Горадня — пад нямецкай акупацыяй, рыхтавалася далучэньне яе да новай Польшчы. Вільня — у новаабвешчанай незалежнай Літве.

Можна згадаць яшчэ Смаленск, дзе 1 студзеня 1919 году абвесьцяць БССР. Смаленскае жыцьцё пад бальшавікамі ў 1918 годзе маляўніча апісаў Максім Гарэцкі ў рамане «Дзьве душы» — там адбываецца дзея другой часткі кнігі. А землі «за дэмаркацыйнай лініяй», куды ходзяць у рамане беларускія актывісты, — гэта і ёсьць БНР пад нямецкай акупацыяй.

Напачатку будзе мова. Дакладней — мовы

Народны Сакратарыят неадкладна заняўся дзяржаўным будаўніцтвам. 3 красавіка была прынятая пастанова пра абвяшчэньне беларускай мовы дзяржаўнай і абавязковай мовай Рэспублікі. Пры гэтым нацыянальным мяншыням Беларусі гарантавалася права карыстацца сваімі мовамі ў зносінах зь дзяржаўнымі ўстановамі. Аднак усе акты, дакумэнты і афіцыйная перапіска ўрадавых установаў мусілі весьціся на дзяржаўнай беларускай мове.

Тут варта нагадаць, што на той час яшчэ не існавала адзінага «афіцыйнага» беларускага правапісу: менская «Вольная Беларусь» друкавалася лёсікаўкай, віленскі «Гоман» — луцкевіцай. «Беларуская граматыка для школ» Браніслава Тарашкевіча зьявіцца ў Менску толькі ў верасьні.

На гербе — каса і граблі

Што да сымболікі. 3 красавіка Народны Сакратарыят БНР замовіў у менскага гравэра Ізакава сваю афіцыйную вялікую круглую пячатку «з надпісам кругом двума шрыфтамі RADA BIEŁARUSKAJ NARODNAJ RESPUBLIKI (першы круг), РАДА БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛІКІ (другі круг), а ўсярэдзіне сноп, граблі і каса...»

Пра тое, як прымалася адпаведнае рашэньне і хто аўтар такой геральдычнай навінкі, архівы маўчаць. Але з увагі на ідэалёгію, якая панавала сярод дзеячоў БНР «першага прызыву», такая сымболіка дзіўнай не здаецца.

Чырвоная БНР крыху бялее

На старце каманда БНР была амаль выключна сацыялістычнай, тон у ёй задавалі дзеячы Беларускай сацыялістычнай грамады, лёзунгі свабоды, роўнасьці і братэрства яшчэ не былі дыскрэдытаваныя бальшавіцкімі ўзурпатарамі. Аднак такі выразна левы кірунак, узяты Радай БНР, на думку галоўных стратэгаў незалежнасьці братоў Івана і Антона Луцкевічаў, абмяжоўваў магчымасьці дыпляматычных манэўраў.

Палітыкі правай арыентацыі на чале з буйным земляўласьнікам Раманам Скірмунтам трымаліся ад занадта чырвонай БНР убаку. Віленскія браты бачылі выйсьце ў аб’яднаньні і штурхалі да яго абодва флянгі беларускай палітыкі. Так, 7 красавіка Антон Луцкевіч пісаў Скірмунту і ягоным паплечнікам: «Вы як людзі сьвядомыя спраў палітычных больш, чым хто іншы, найлепей зразумееце вагу ролі, якая Вам прыпадае. Вы можаце ўнесьці новы дух у Раду Рэспублікі — дух эўрапейскай дыпляматыі. А ён цяпер асабліва патрэбен».

У выніку ў сярэдзіне красавіка ў Раду БНР былі кааптаваныя правыя — усе сябры Менскага беларускага прадстаўніцтва.

Драўляная валюта Пётры Крачэўскага

Народны сакратар фінансаў Пётра Крачэўскі распрацаваў плян неадкладных фінансавых захадаў, у тым ліку выпуск уласных беларускіх грошай. Унікальнасьць пляну была ў тым, што забясьпечвацца гэтыя грошы меліся ня золатам, дыямэнтамі ці іншымі традыцыйнымі скарбамі, а... драўнінай.

Асноўным фондам, які забясьпечваў валюту, меліся быць дзяржаўныя лясы плошчаю 1 000 000 дзесяцінаў на суму паводле даваеннай сярэдняй расцэнкі 5 мільярдаў рублёў. А калі выдаць закон, паводле якога ў дзяржаўную ўласнасьць адыдуць і прыватныя лясы, то фонд склаў бы 6 000 000 дзесяцінаў на суму 30 мільярдаў рублёў.

Тым часам у месяцы нямецкай акупацыі асноўнымі грашовымі адзінкамі на тэрыторыі Беларусі былі «царскія» рублі і нямецкія ост-рублі, паралельна, але ў меншым абсягу ўжываліся таксама «думскія» і «керанскія» рублі і нямецкія імпэрскія маркі.

Пры ўсіх хатах збудаваць клязэты

Нямецкія ўлады завялі на беларускіх землях акупацыйны рэжым і навязалі беларускім людзям новыя парадкі. Так, у загадзе камэнданта Старасельскай воласьці падуладным жыхарам абвяшчалася:

  • Усе мужчыны — мясцовыя жыхары — мусяць кланяцца нямецкім афіцэрам, зьняўшы шапкі;
  • Вытворчасьць водкі (самагонкі) з збожжа, бульбы або іншых прадуктаў, прыдатных для ўжытку людзям або жывёле, строга забараняецца;
  • З усіх двароў у дамах мусіць быць прыбраны гной і вывезены ў полеў;
  • Пры ўсіх хатах жыхары мусяць збудаваць клязэты для бясьпекі ад мух;
  • Вуліцы, двары мусяць утрымлівацца ў чысьціні і ахайнасьці. Сьмецьце забараняецца выкідаць паблізу жытла, а зьбіраць у памыйныя ямы, накрытыя шчыльна, каб не было доступу мухам, або прыбіраць штодзённа на поле.

Змаганьне за «Ундэрвуд № 3»

Дзяржаўнае будаўніцтва на пачатку ХХ стагодзьдзя было немагчымае без друкарскай машынкі. Але яшчэ за месяц да абвяшчэньня незалежнасьці БНР, 25 лютага немцы выгналі Народны Сакратарыят з займанага ім памяшканьня ў Губэрнатарскім доме і забралі ўвесь ягоны набытак. Апрача грошай, балючай стратай была рэквізыцыя дзесяці друкавальных машынак. Бязь іх дзяржаўнае справаводзтва было б паралізаванае, таму беларуская ўлада напазычала машынкі дзе толькі магла.

Пра герархію ўлады і субардынацыю красамоўна сьведчыць адзін дакумэнт. Беларуская вучнёўская грамада правяла ў Менску скарбонкавы збор і папрасіла Народны Сакратарыят налічыць ёй за гэта належны заробак. На гэтай пісьмовай просьбе стаіць рэзалюцыя загадчыка справаў НС Лявона Зайца: «Лічу патрэбным выдаць ім хаця 50 р., а то яны могуць з абразы, як нічога не дамо, адабраць сваю пішучую машынку».

На гэтым гісторыя ня скончылася — празь месяц вучні запатрабавалі вярнуць ім іхны «Ундэрвуд № 3», бо «ў гэтым часе Вучнёўская грамада занята вельмі пільнай працай па адбудаваньню Расейска-Беларускага славара і піракладаў Расейскай літэратуры на Беларускую мову». Дзелавод Народнага Сакратарыяту робіць на лісьце такую прыпіску: «Пан Варонка сказаў, што машынка нам надта патрэбна, а матывы, тут напісаныя, не прымаюцца пад увагу».

Немцы на баку бальшавікоў супраць беларусаў

Просьба надрукаваць Трэцюю Ўстаўную Грамату. Просьба дазволіць выдаваць штодзённую газэту. Просьба вызваліць ахвяраў масавага хапуну ў Менску. Просьба дазволіць правесьці рэгістрацыю насельніцтва...

Да гэтых ды іншых просьбаў Народнага Сакратарыяту нямецкія ўлады ў першыя месяцы гаспадараньня ў Беларусі заставаліся глухаватыя. Немцы надалей трымаліся рашэньняў Берасьцейскага міру: не падтрымліваць на акупаванай тэрыторыі Расеі ніякіх новых дзяржаўных утварэньняў. Беларусам у гэтым сэнсе не пашанцавала так, як літоўцам і ўкраінцам, чые новаабвешчаныя дзяржавы былі на той момант ужо прызнаныя Нямеччынай. Пытаньне прызнаньня стала рубам.


Папярэднія публікацыі